Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва ўводзіць карантын. Што будзе забаронена


Ілюстрацыйнае фота

14 сакавіка ўрад Літвы вырашыў, што ад панядзелка, 16 сакавіка ў краіне ўводзіцца карантын дзеля таго, каб спыніць распаўсюд каранавірусу, паведамляе партал DELFI.

«Літоўскі ўрад вырашае абвясьціць карантын па ўсёй Літоўскай Рэспубліцы», — заявіў прэм’ер Саўлюс Скверняліс на пасяджэньні ўраду. З увядзеньнем карантыну ў Літву будзе забаронены ўезд большасьці замежнікаў, будзе зачыненыя большасьць крамаў, за выключэньнем харчовых.

Сьпіс абмежаваньняў

  • Забараняецца ўезд у краіну замежнікам, за выключэньнем асобаў, якія забясьпечваюць дастаўку неабходных тавараў у Літву, членаў экіпажаў, членаў семʼяў грамадзян Літвы, асобаў, у якіх ёсьць права на пражываньне і працу ў Літве, дыпляматаў, прадстаўнікоў ваенных місій NATO. Часова будзе прадастаўлены гуманітарны калідор грамадзянам Латвіі і Эстоніі для вяртаньня дадому.
  • Скароціцца колькасьць памежных прапускных пунктаў, праз якія можна будзе ўехаць у Літву.
  • Грамадзянам Літвы забараняецца езьдзіць у закранутыя каранавірусам краіны ўсімі відамі транспарту. Таксама разглядаецца магчымасьць забараніць выезд за мяжу не з працоўнымі мэтамі.
  • Забаронены гандаль у крамах, за выключэньнем харчовых крамаў, аптэкаў, спэцыялізаваных вэтэрынарных аптэк, рынкаў, якія гандлююць харчовымі прадуктамі.
  • Забароненая дзейнасьць кавярняў, бараў, за выключэньнем ежы на вынас.
  • Забараняюцца ўсе мерапрыемствы, як у закрытых памяшканьнях, так і на паветры.
  • Забараняецца ўваход круізных лайнэраў у Клайпедзкі порт.
  • Забараняецца наведваньне пацыентаў у лячэбных установах, а таксама вязьняў у месцах зьняволеньня.
  • Забараняецца прадастаўляць паслугі СПА, рэабілітацыі, калі яны не зьвязаныя зь лячэньнем, забараняецца дзейнасьць цырульняў, салёнаў прыгажосьці.
  • Абмяжоўваецца колькасьць пасажыраў у міжгародніх аўтобусах і цягніках, каб захоўваць дыстанцыю паміж пасажырамі. Рэкамэндуецца гэта ўжываць і ў дачыненьні да гарадзкога транспарту.
  • Гатэлі пры неабходнасьці павінны будуць пускаць людзей на карантын, дзяржава будзе гэта аплачваць.
  • Адукацыйныя ўстановы застаюцца зачыненымі.
  • У лячэбных установах адкладаюцца плянавыя апэрацыі за выключэньнем неабходнай мэдыцынскай дапамогі.
  • Як у дзяржаўным, так і ў прыватным сэктары работнікам рэкамэндуецца працаваць дома.

За невыкананьне пагражае адміністрацыйная і крымінальная адказнасьць. У Літве пакуль выяўлены восем выпадкаў каранавірусу, два зь іх — у суботу.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG