Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падобна да страшнага сну». Студэнтка апавядае пра карантын у шпіталі інвалідаў вайны


У шпіталі інвалідаў Вялікай айчыннай вайны

Цэлая група студэнтаў факультэту міжнародных адносін БДУ (ФМА) прымусова апынулася ў карантыне. Бацька аднаго са студэнтаў змаўчаў пра сваю паездку ў Паўночную Італію. Міністэрства кажа, што ён мог заразіць 91 чалавека. Адна са студэнтак расказала, як арганізаваны карантын.

Дзяўчына кажа, што машыны хуткай дапамогі прыехалі да студэнтаў дахаты і забралі ў шпіталь інвалідаў Вялікай айчыннай вайны ў пасёлку Лясным.

«Шпіталь так сабе. Шмат людзей, многія нават не з ФМА, — кажа дзяўчына. — Няма нават пітной вады. Умовы жаласныя».

Ня вельмі падабаецца студэнтам ежа, якой іх кормяць. Да таго ж у палатах холадна.

Аналізы ў нашай суразмоўцы ўзялі ў сераду 12 сакавіка, але вынікаў тэстаў яна яшчэ ня ведае.

«З намі нічога ня робяць, проста мераюць тэмпэратуру і на гэтым усё, — тлумачыць яна. — Аніякай прафіляктыкі, проста ляжым, займаемся розным. Балбочам, тыкаем у тэлефоны, ямо, сьпім. Агулам тут сумна».

Разам з студэнтамі шпіталізавалі і выкладчыкаў факультэту. Раней студэнты жартавалі, што заняткі будуць праводзіць проста ў шпіталі, але дзяўчына кажа, што такога няма і выкладчыкі проста «ляжаць у палатах».

«Наконт чалавека, які змаўчаў, што быў у Італіі, я нічога сказаць не магу, на жаль. Ня маю права судзіць дарослага чалавека», — кажа дзяўчына, як ставіцца да ўчынку пацыента, які не прызнаваўся, што быў у небясьпечным рэгіёне і захварэў на каранавірус.

Яна лічыць, што карантынныя захады мусяць быць больш жорсткія.

«Дактары нам тут асаблівай увагі не надаюць, унівэр на карантын адмовіліся закрываць. Гэта сумна, — мяркуе яна. — Наконт таго, ці маглі нас дома пакінуць, не магу сказаць. Што там, што тут — усё небясьпечна, але карантын я б увяла для ўсіх».

«Усё гэта падобна на нейкі страшны сон, — працягвае студэнтка. — Усё як у мроіве. Ёсьць, вядома, тыя, хто абсалютна спакойны. Але ўсё ж страшна, ніхто нічога ня ведае і не разумее. Сядзім у абсалютнай невядомасьці і проста чакаем».

Агулам у Беларусі РНК вірусу выявілі ўжо ў 27 чалавек — на 6 больш, чым паведамлялі дзень таму. Цяпер 224 чалавекі знаходзяцца ў ізаляцыі пад наглядам мэдыкаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG