Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус: 49 краінаў закрылі школы для амаль 400 мільёнаў навучэнцаў


Дэзынфэкцыя клясы ў школе ў Кіеве, 12 сакавіка 2020

Рэкордная колькасьць дзяцей і моладзі ў сьвеце не наведвае заняткаў у школах і ўнівэрсытэтах з прычыны часовага або бестэрміновага закрыцьця гэтых установаў на час барацьбы зь вірусам COVID-19. У Беларусі карантыну пакуль ня будзе.

ЮНЭСКА паведамляе, што станам на 12 сакавіка, 49 краін Афрыкі, Азіі, Эўропы, Блізкага Ўсходу, Паўночнай Амэрыкі і Паўднёвай Амэрыкі абвясьцілі аб закрыцьці школаў і ўнівэрсытэтаў на часовы або бестэрміновы карантын.

29 краінаў закрылі школы па ўсёй краіне, што закранула больш за 390 мільёнаў дзяцей і моладзі.

Яшчэ дваццаць краінаў, у якіх пад патэнцыйнай рызыкай заражэньня каранавірусам знаходзяцца амаль 600 мільёнаў вучняў, увялі мясцовае закрыцьцё школ, каб прадухіліць або стрымаць распаўсюд COVID-19.

З суседзяў Беларусі ўсе школы закрылі Польшча, Літва і Ўкраіна.

У Беларусі карантыну пакуль ня будзе

Як паведаміла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 13 сакавіка галоўны эпідэміёляг Беларусі Іна Карабан, дзеці не хварэюць на каранавірус ці пераносяць хваробу бессымптомна. «Лявіянаабразнага росту» эпідэміі ў Беларусі не назіраюць. Таму карантын у навучальных установах уводзіць не плянуецца.

Іна Карабан пацьвердзіла, што ў менскай гімназіі № 20 на хатняе навучаньне пераведзены адзін кляс, бо бацька адной з вучаніц падазраецца на наяўнасьць вірусу.

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце мэдыкі «ўзялі пад кантроль» групу, дзе вучыцца студэнт, бацька якуога схаваў наведваньне Італіі і празь якога заразіўся 91 чалавек. Яны знаходзяцца на карантыне.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG