Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб не прызывалі ў войска хворых». Актывісты «Ініцыятывы 32» сустрэліся зь міністрам абароны Віктарам Хрэніным


Сябры «Ініцыятывы 32» пасьля сустрэчы зь міністрам абароны: (зьлева направа) Аляксандар Аўсяньнікаў зь Лепеля, праваабаронца Алег Воўчак, Канстанцін Ціханаў са Жлобіна, праваабаронца Натальля Гарачка, Андрэй Крычаўцоў зь Віцебску, Іван Сідарук зь Менску

Група прызыўнікоў, якія аспрэчваюць свой прызыў у войска, а таксама праваабаронцы «Ініцыятывы 32» сустрэліся зь міністрам абароны Віктарам Хрэніным.

Размова ішла ня толькі пра спрэчныя выпадкі, але і пра тое, як удасканаліць сыстэму прызыву. У тым, каб у войска не траплялі хворыя маладыя людзі ды армія ня несла выдаткаў на іх лячэньне ці пахаваньне, зацікаўленае ўсё грамадзтва, мяркуюць правабаабаронцы.

«Працу прызыўных камісіяў трэба зрабіць празрыстай і галоснай»

«Ініцыятыва 32» аб’яднала праваабаронцаў і «спрэчных» прызыўнікоў з розных рэгіёнаў Беларусі. «32» — гэта нумар артыкулу ў Законе «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», які рэгулюе правілы адтэрмінаваньня ад службы. Праваабаронцы Алег Воўчак і Натальля Гарачка расказалі Свабодзе пра вынікі размовы зь міністрам Віктарам Хрэніным.

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Сёньня на прыём да міністра абароны з намі хадзілі 4 хлопцы зь Менску, Віцебску, Лепля і Жлобіна. Але такіх, хто ня згодны з рашэньнем прызыўных камісіяў аб іх прызыве, значна больш? і яны таксама пойдуць скардзіцца», — кажа Алег Воўчак.

Паводле праваабаронцы, цяперашняя прызыўная кампанія суправаджаецца шэрагам парушэньняў правоў маладых людзей на адтэрмінаваньне, бо войска мае праблемы з прызыўным кантынгентам.

«Моладзі для папаўненьня не хапае, а камісарыятам паставілі задачу забясьпечыць прызыў. Вось і стараюцца забіраць нават тых, хто раней меў „жалезную“ адтэрміноўку. Прызыўнікі абураюцца, ідуць да нас. Ужо ёсьць прэцэдэнты судоў зь Міністэрствам абароны. Але мы за тое, каб праблема вырашалася да таго, як узьнікне канфлікт. Расказалі пра наша бачаньне, як гэтага дамагчыся, і ўражаньне такое, што новы міністар абароны нас пачуў», — мяркуе Алег Воўчак.

Што прапануюць праваабаронцы

​«Мы сутыкнуліся з тым, што няма інфармацыі пра склад прызыўных камісіяў, цяжка нават даведацца, хто ўзначальвае такія камісіі, хаця звычайна гэта намесьнік старшыні райвыканкаму», — распавёў Алег Воўчак. Праваабаронцы прапанавалі вывешваць сьпісы сяброў прызыўных камісіяў у райвыканкамах і вайсковых камісарыятах, там жа пазначаць адрас, куды можна зьвяртацца са скаргай.

Другая праблема — на паседжаньне камісіі, дзе вырашаецца, ці даваць прызыўніку адтэрміноўку, яго самога часта не запрашаюць.

Натальля Гарачка
Натальля Гарачка

«Але гэта іхны лёс, іх трэба спачатку хаця б выслухаць», — перакананая Натальля Гарачка. Паводле яе назіраньняў, найчасьцей незаконна пазбаўляюць адтэрмінаваньня прызыўнікоў з шматдзетных ці няпоўных сем’яў.

«Прысутнасьць сацыяльнага фактару нас таксама насьцярожвае», — зазначае праваабаронца.

Актывісты «Ініцыятывы 32» прапанавалі міністру абароны Хрэніну паспрыяць, каб абавязковым чынам запрашалі на паседжаньне прызыўных камісіяў прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў, якія пільнуюць сытуацыю з прызывам.

«Пытаньні экалёгіі без грамадзтва не вырашаюцца, а чаму тут ўсё робіцца таемна? Праца прызыўных камісіяў мусіць быць адкрытай для грамадзтва», — мяркуе праваабаронца Алег Воўчак.

Наступнай прапановай да міністра абароны Віктара Хрэніна, паводле праваабаронцы Алега Воўчака, было тое, каб юрысты правялі для міністэрства кансультацыі аб правах і абавязках сямейнікаў.

«Маем шмат праблемных гісторыяў пра тое, як сына пазбавілі адтэрмінаваньня для дагляду маці, бо нібыта яе можа глядзець ягоны бацька, які з маці ў разводзе. Справа нібыта простая: калі бацька прызыўніка ў разводзе з маці, то глядзець яе ў выпадку яе інваліднасьці ці страты працаздольнасьці ён не абавязаны. Але чамусьці ў прызыўных камісіях гэтага ня ведаюць ці робяць выгляд, што ня ведаюць. Ім патрэбная ліквідацыя праўнай непісьменнасьці, пра што мы прапанавалі парупіцца міністру абароны», — расказала праваабаронца Натальля Гарачка.

Яшчэ адной прапановай стала зьмена статусу сябраў мэдычнай камісіі, якая дае дазвол прызываць у войска.

«Сёньня гэта калектыўнае рашэньне, але ў выпадку хваробы ці нават сьмерці вайскоўца спытаць няма з каго», — кажа Алег Воўчак. Праваабаронца нагадаў гісторыю салдата Міхаіла Рыштоўскага, які летась быў камісаваны і неўзабаве памёр ад анкалёгіі 4 ступені пасьля толькі году службы.

«Мы маглі б скарыстаць досьвед суседніх краін, дзе лекары прызыўных камісіяў маюць статус экспэртаў і атрымліваюць адмысловыя ліцэнзіі. Гэта забяспечыць не калектыўную, а пэрсанальную адказнасьць лекараў», — мяркуе Алег Воўчак.

«І хто адкажа за мой страчаны зрок?»

Вось гісторыя менчука Івана Сідарука, які дамагаецца вызваленьня ад прызыву з прычыны стану здароўя. Ён напісаў скаргу на імя міністра абароны Віктара Хрэніна.

Іван Сідарук
Іван Сідарук

24-гадовы Іван Сідарук працуе праграмістам у Менску. Прызваць яго спрабуюць у Браславе, дзе ён стаіць на вайсковым уліку. Іван вучыўся ў БДУІР ды магістратуры і таму меў адтэрмінаваньне прызыву. Але вучоба закончылася, і маладога чалавека вырашылі прызваць у войска.

Раней лекары выявілі ў Івана Сідарука хваробу вачэй, якая пры фізычных нагрузках можа прывесьці да інваліднасьці. Але лекарка з мэдычнай камісіі ў Полацку, куды з камісарыяту накіравалі Івана на абсьледаваньне, вырашыла, што прызываць яго можна, толькі трэба прайсьці курс лячэньня — «лязэрную каагуляцыю». Іван лічыць, што гэтае рашэньне памылковае і небясьпечнае для ягонага здароўя.

«Лекарка з прызыўной камісіі мне гэтак і сказала: „Перакананая, нічога з табой ня будзе“. Але ў менскай клініцы мне сказалі, што ад лязэрнай каагуляцыі пры маім дыягназе зрок можа пагоршыцца і нават дайсьці да стану інваліднасьці. І ў каго мне потым спытаць, чаму мяне адправілі служыць у такім стане?» — кажа Іван Сідарук.

Сёньня міністар абароны Віктар Хрэнін асабіста паабяцаў Івану Сідаруку, што яго пакладуць у вайсковы шпіталь на абсьледаваньне, і толькі пасьля гэтага будзе прынята канчатковае рашэньне — прызываць маладога чалавека ці не.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG