Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьмянілі правілы прызыву. Апублікаваны сьпіс хваробаў


Адпраўка прызыўнікоў у армію, Менскі ваенкамат, архіўнае фота

Міністэрства абароны і Міністэрства здароўя Беларусі прынялі 3 студзеня Інструкцыю аб вызначэньні патрабаваньняў да здароўя грамадзянаў, зьвязаных з вайсковым абавязкам. Дакумэнт быў апублікаваны 7 лютага і з гэтага дня набыў моц.

Інструкцыя вызначае патрабаваньні да здароўя пры прызыве і паступленьні на тэрміновую і кантрактную службу і іншае. Асноўная частка інструкцыі — сьпіс хваробаў і разьмеркаваньне іх паводле катэгорыяў годнасьці хворага да службы.

Міністэрства абароны сьцьвярджае, што радыкальных зьменаў у прызыве ня будзе, патрабаваньні да здароўя толькі «ўдакладнілі». Зьмены тычацца хваробаў апорна-рухальнага апарату і касьцёва-цяглічнай сыстэмы, эндакрыннай сыстэмы, сардэчна-сасудзістай сыстэмы пры нязначных парушэньнях рытму, расстройстваў харчаваньня і абмену рэчываў.

Але ў сацсетках пішуць, што прызываць цяпер змогуць значна больш людзей. Журналіст Максім Пушкін пералічвае хваробы, зь якімі цяпер можна трапіць на службу, і робіць выснову: прызыў значна спрасьцілі.

Абноўленая інструкцыя будзе актуальнай у час вясновага прызыву. Мэдычныя праверкі пачнуцца ўжо ў бягучым лютым. Прызываць будуць людзей ад 18 і да 27 гадоў.

Гэта будзе першы прызыў пры новым міністры абароны. У студзені на месца Андрэя Раўкова Аляксандар Лукашэнка прызначыў 48-гадовага генэрал-маёра Віктара Хрэніна, які раней раней кіраваў войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня.

За ўхіленьне ад прызыву пагражае крымінальная адказнасьць: паводле арт. 435 КК РБ могуць аштрафаваць, арыштаваць і нават пасадзіць за краты на тэрмін да 2 гадоў. Тым, хто фальсыфікуе дакумэнты, сымулюе хваробу або наўмысна чыніць сабе цялесныя пашкоджаньні, пагражае да 5 гадоў турмы.

«Закон аб адтэрміноўках». Што важна ведаць

24 ліпеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьменах законаў па пытаньнях эфэктыўнага функцыянаваньня вайсковай арганізацыі дзяржавы» (так званы «закон аб адтэрміноўках»).

Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:

  • адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
  • тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу (паводле міністра абароны Раўкова, абмежаваньне на выезд будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву);
  • у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
  • тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
  • замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць служыць у войску па кантракце і не плаціць тады за адмову ад разьмеркаваньня.

Тэкст закону афіцыйна апублікаваны 30 ліпеня, асноўныя нормы набудуць моц праз 10 дзён. Гэта значыць, што прызыў, які адбудзецца ў жніўні-лістападзе, пройдзе паводле новых правілаў, але падобна, што ў тых, хто сёлета ўжо атрымаў адтэрміноўку і паступіў, напрыклад ,у магістратуру, права на адтэрміноўку адбіраць ня будуць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG