Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта выпадковасьць». У Кармянскім раёне разьвітваюцца з 18-гадовым памежнікам, які памёр падчас службы


Вёска, дзе жыў Павал

21 студзеня ў вёску Стараград Кармянскага раёну прывезьлі цела 18-гадовага Паўла Сігнеева. Два месяцы таму яго прызвалі на тэрміновую службу ў памежныя войскі. Хлопцу зрабілася блага, праз два тыдні ён памёр у лякарні.

«Гэта шок і трагедыя для ўсёй вёскі»

8 сьнежня Павал пакінуў на старонцы ў сацыяльнай сетцы запіс:

«Сябры! Я спадзяюся, што ўсе са мной будуць згодныя, што вельмі цяжка разьвітвацца з тымі людзьмі, зь якімі праводзіў лепшыя гады жыцьця — бесклапотнае дзяцінства, вясёлыя школьныя дні — і якія ніколі не пераставалі быць вернымі таварышамі і сябрамі. Яны сыходзяць ад нас поўнымі аптымізму і надзеі на тое, што вайсковая служба прынясе ім выдатны жыцьцёвы ўрок. Таму для смутку няма прычын. Мы ўсе спадзяёмся на хуткую сустрэчу роўна праз паўтара года, у гэтай жа кампаніі, у гэтым жа доме», — напісаў малады чалавек.

Фота з старонкі Паўла Сігеева ва «Ўкантакце»
Фота з старонкі Паўла Сігеева ва «Ўкантакце»

Сёньня ў яго доме смутак. Цела Паўла прывезьлі зь Берасьця. Ля ганку — вечка труны і крыж. Да сьціплага дому сям’і Сігнеевых ідуць засмучаныя аднавяскоўцы — разьвітацца.

«Гэта шок і трагедыя для ўсёй нашай вёскі. Ён такі дабрадушны быў, заўсёды з усьмешкай, нікому не адмаўляў у дапамозе. Таварыскі быў — шмат сяброў меў. Ён і яго сябры хацелі ісьці служыць. Яны ўтрох з кампаніі ішлі на адзін прызыў. Правялі адзін аднаго па чарзе. Аднаго з кампаніі не ўзялі служыць — дык ён пераймаўся праз гэта», — сказалі Свабодзе суседзі Паўла.

Прычыну сьмерці не называюць

«Павал Сігнееў быў вайскоўцам тэрміновай службы, служыў у Берасьці, — сказалі Свабодзе ў Памежным камітэце. — 7 студзеня ён зьвярнуўся да мэдыкаў са скаргамі, быў у той жа дзень шпіталізаваны ў Берасьцейскі абласны шпіталь. На жаль, яго стан пагаршаўся, і выратаваць жыцьцё маладога чалавека не ўдалося».

Па словах прадстаўніка Памежнага камітэту, цяпер гэты выпадак падрабязна вывучаюць. Падобных скаргаў ад саслужыўцаў нябожчыка не паступала. Ніхто зь іншых вайскоўцаў былой часткі Паўла С. шпіталізацыі не прасіў. Назваць прычыну сьмерці вайскоўца ў Памежным камітэце адмаўляюцца са спасылкай на заканадаўства. Зрабіць гэта могуць толькі родныя загінулага.

Сям’я нікога не вінаваціць

У Стараградзкім сельскім савеце кажуць, што ўчора бацьку Паўла было блага — выклікалі «хуткую». Маці два тыдні была ў Берасьці, пры сыну, і цяпер вярнулася зь ім дахаты.

Сястра Паўла Марыя сказала ў размове з журналістамі, што сям’я нікога не вінаваціць у сьмерці хлопца.

«Гэта была выпадковасьць. Так, прызывалі яго здаровым. Яго сьмерць не зьвязаная з вайсковай службай — там усё было добра ў яго. Хвароба працякала імгненна, разумееце? Гэта як укус камара, спачатку незаўважна... У яго частцы служаць добрыя людзі, нам усе ва ўсім дапамагалі. Мы ні на кога не наракаем... Гэта проста была выпадковасьць. Відаць, так было пажадана Богу. Ніхто не вінаваты, што такое здарылася», — сказала сястра Паўла.

Прычыну сьмерці брата яна не назвала — не хацела без дазволу маці.

«Прабачце, зразумейце нас — нам бы яго правесьці, нам не да размоў», — папрасілі сваякі маладога чалавека.

Павал Сігнееў скончыў чыгуначны ліцэй. Да прызыву ў войска працаваў у менскім мэтрапалітэне. Пахаваюць яго 22 студзеня ў роднай вёсцы.

Вёска Стараград
Вёска Стараград

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG