Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лепшага мужа ўявіць не магу». Як Tinder зьмяніў жыцьцё беларусак


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Знаёмства праз Tinder ды іншыя праграмы для онлайн-знаёмстваў паступова становяцца найбольш распаўсюджаным спосабам пошуку партнэра ці партнэркі. У чым іх перавага над знаёмствамі офлайн і як у выніку мяняецца жыцьцё, расказалі чатыры беларускі, якія дзякуючы сучасным аплікацыям знайшлі мужа ці партнэра.

Сьцісла

  • Натальля Главачава: Калі я пабачыла здымак Вацлава ў нацыянальным строі з келіхам віна ў руцэ і ўсьмешкай на твары, першая думка была — гэта чалавек-сьвята.
  • Даша Сазановіч: Калі нехта да цябе сядзе за столік і пачне знаёміцца, то гэта будзе парушэньнем асабістай прасторы. Гэта было нармальным 10 гадоў таму, а цяпер ужо ня вельмі дапушчальна.
  • Вольга Камягіна: Спачатку я думала проста час бавіць, а ён быў настроены на сур’ёзныя адносіны. Нам вельмі добра разам, мы ўвесь час сьмяемся. І дзяўчынка ў нас вельмі прыгожая атрымалася.
  • Дарʼя Іванчык: Лепшага мужа ці бацьку я не магу сабе ўявіць. Я фаталістка, думаю, што калі б не Tinder, мы маглі б сустрэцца недзе яшчэ.

«Мы абое цалкам зьмянілі жыцьцё, і ўсё дзякуючы сучасным тэхналёгіям»

Вацлаў і Натальля Главачавы
Вацлаў і Натальля Главачавы

Выкладчыца вакалу зь Менску Натальля Главачава (тады яшчэ Нікіціна) пазнаёмілася са сваім цяперашнім мужам, чэхам Вацлавам Главачам, пра сайт знаёмстваў dating.com. За некалькі гадоў жыцьцё жанчыны зьмянілася кардынальна — новая краіна, новая мова, вясельле, удзел у музычным конкурсе разам з мужам.

— Спачатку я пазнаёмілася праз інтэрнэт зь некалькімі мужчынамі ў Беларусі. Паглядзела на іх сьветапогляд, мэты, жаданьне нешта зрабіць у жыцьці, і зразумела, што трэба выходзіць на іншыя прасторы. Я прыяжджала ў Чэхію два гады таму на сваё 50-годзьдзе. Вельмі спадабалася Прага, нават было ўражаньне, што я некалі тут жыла. І калі вырашыла знаёміцца праз dating.com, то разглядала і мужчын з Чэхіі, бо гэтая краіна мне вельмі падабалася.

Раней я знаёмілася ўжывую, бо я яшчэ з таго пакаленьня, якое любіць стасункі вочы ў вочы. У мяне было велізарнае расчараваньне ў беларускіх мужчынах. Я разумею, што ёсьць і вельмі годныя, але ў маім узросьце ўсе вартыя пры жонках.

Я была ў разводзе, у мяне дарослыя дзеці. Сын ажаніўся, нарадзілася ўнучка, потым дачка замуж выйшла. І некаторы час я жыла праблемам іхных маладых семʼяў. І ў нейкі момант зразумела, што гэта будзе працягвацца вечна — я буду гадаваць унукаў, а потым — праўнукаў. І я вырашыла нешта памяняць у сваім жыцьці, бо сама хацела асабістага шчасьця. Разумела, што калі цяпер не рызыкну, то не рызыкну ўжо ніколі.

Калі я пабачыла здымак Вацлава ў нацыянальным строі з келіхам віна ў руцэ і ўсьмешкай на твары, першая думка была — чалавек-сьвята. Ён доўга не адважваўся мне напісаць. Я бачыла, што ён кожны дзень праглядае мой профіль, і напісала яму — што ж вы ўсё глядзіце і глядзіце, хай бы напісалі і прапанавалі пазнаёміцца. Ён сказаў пазьней мне: „Калі цябе пабачыў, падумаў, што ты проста каралева, прынцэса, а я проста ня варты такой прынцэсы, таму не рызыкнуў хаця б адну літару напісаць“.

Пачалі перапісвацца, размаўляць з уключанай камэрай, і калі я прыехала ў госьці, то ведала ўсё, што дзе знаходзіцца і што дзе расьце. Мы пазнаёміліся 8 студзеня 2018 году, размаўлялі онлайн паўгода і дамовіліся, што я прыеду ў Чэхію адпачываць.

Я купіла квіток у адзін канец і вырашыла паглядзець, як атрымаецца — можа, на наступны дзень захачу вярнуцца, а можа, празь месяц. Дамовіліся, што ніхто нікога напружваць ня будзе. Сустрэліся мы добра. Ён працаваў у Празе, і я прыехала ў апошні дзень яго працы. Ён мяне павёз на Мараву. Потым мы зьезьдзілі разам у Вену. Калі хочаш даведацца пра чалавека, зьезьдзі зь ім у падарожжа. Я паглядзела, як ён вырашае праблемы, як пра мяне клапоціцца, як паводзіць сябе ў іншых умовах... Я разумела з кожным днём, што гэты чалавек становіцца мне ўсё больш блізкім. Мы абое зразумелі, што нам добра разам.

Натальля і Вацлаў
Натальля і Вацлаў

Я б не сказала, што гэта было каханьне зь першага погляду. Я маю 50 гадоў за плячыма і багаты жыцьцёвы досьвед, шмат «атрымлівала па носе», і не хацела зноў станавіцца на тыя ж самыя граблі. Я проста назірала, зьбірала інфармацыю і слухала саму сябе знутры. Нават калі я зайшла ў ягоны дом, адразу адчула цяпло.

Ад моманту знаёмства ў інтэрнэце да вясельля прайшло паўтара года. Пасьля сустрэчы мы настолькі адчулі адно аднаго, што вырашылі ўзяць шлюб. Ні сэкунды не сумняваліся ў сваім рашэньні, але зьявілася шмат розных нечаканых абставінаў. У мужа была цяжкая апэрацыя, ён доўга быў на бальнічным, я яго даглядала, таму спачатку давялося вясельле адкласьці.

Цяпер мы муж і жонка. Я жыву ў Чэхіі, скончыла курсы чэскай мовы, у красавіку буду здаваць іспыт на ўзровень B1. У мяне пацьверджаны дыплём, хачу працаваць па сваёй прафэсіі, выкладаць вакал. Разам з мужам мы ўдзельнічалі ў музычным конкурсе «ČESKO SLOVENSKO MÁ TALENT», пасьля якога нам прапанавалі зьняць кліп на песьню «Mrazik z Moravy».

За паўтара года Вацлаў скінуў лішнія 40 кіляграмаў дзякуючы карэкцыі харчаваньня, якое я яму прапанавала (адмовіўся ад мучнога і салодкага). Мы шчасьлівыя, робім прыгожыя кампазыцыі з кветак. Абое цалкам зьмянілі жыцьцё, і ўсё гэта атрымалася дзякуючы сучасным тэхналёгіям.

«Ужо два гады ня можам насьмяяцца. І дзяўчынка ў нас вельмі прыгожая атрымалася»

Вольга Камягіна і Арцём на Балтыйскім моры
Вольга Камягіна і Арцём на Балтыйскім моры

Журналістка Вольга Камягіна пазнаёмілася са сваім каханым Арцёмам больш за два гады таму праз Tinder. Вынік — шчасьлівая пара і дачка, якой ужо адзін год і тры месяцы.

— Раней я карысталася Tinder за мяжой, тады гэтая праграма не была асабліва папулярная ў Беларусі. Ня ведаю, як цяпер, бо мне ўжо ня трэба ёй карыстацца. Раней я думала, што гэта праграма для спатканьняў на адзін дзень, на адну ноч.

На той момант у мяне былі дастаткова цяжкія стасункі — мы то сыходзіліся, то разыходзіліся. У нейкі момант я вырашыла, што гэтыя адносіны павінны скончыцца. У адзін зь вечароў я адкрыла Tinder. Гляджу — фатаздымак хлопца з голым торсам. Такія фатаздымкі мне не асабліва падабаюцца, я іх адразу адсякаю. І я вырашыла, што ня буду нават кандыдатуру разглядаць, але выпадкова не туды свайпнула (спосаб камунікацыі ў Tinder), у выніку хлопец мне вельмі ветліва напісаў.

Арцём з дачкой
Арцём з дачкой

Мае знаёмыя, якія карыстаюцца гэтай праграмай, кажуць, што там адразу пачынаецца нейкі «развод» на сэкс і гэтак далей. А тут хлопец назваў мяне спадарыняй, запытаўся, як справы, і мы пачалі кантактаваць. Мы стэлефанаваліся, схадзілі на некалькі спатканьняў, і так усё закруцілася, што ўжо маем дзіця. Яго завуць Арцём, і маё першае дзіця таксама завуць Арцём, так у мяне ў хаце цяпер два Арцёмы. Мы жывём разам. Малодшае дзіця атрымалася праз 4 месяцы нашых бурных спатканьняў.

Муж маладзейшы за мяне на 8 гадоў. Раней мне заўсёды падабаліся высокія хлопцы, а ён невысокага росту, і ўвогуле ня вельмі мой тыпаж, але раптоўна так атрымалася, што мы вельмі падобныя. Нават калі фатаздымкі свае з пашпартоў складваем напалову, атрымліваецца, што твары амаль адныя і тыя ж. У нас аднолькавыя насы, аднолькавы разрэз вачэй.

Вольга Камягіна і Арцём
Вольга Камягіна і Арцём

Калі мы знаёміліся, я спачатку думала проста час бавіць, а ён быў настроены на сурʼёзныя адносіны. Так усё і атрымалася. Нам вельмі добра разам, мы ўвесь час сьмяемся. Ужо два гады сьмяемся, і ўсё ня можам насьмяяцца. І дзяўчынка ў нас вельмі прыгожая атрымалася Цяжарнасьць была вельмі цяжкая, не да вясельля было. Дык вырашылі, як дачка падрасьце, зробім сьвята, вясельле.

Знаёмства онлайн — адзін з паўнавартасных спосабаў пазнаёміцца. Мы ўсе сядзім перад кампутарамі і тэлефонамі. Заходзіш у кавярню, а там людзі з кампутарамі і тэлефонамі. Мне здаецца, што так можна і разьмінуцца са сваёй палавінкай, з тым чалавекам, які будзе табе пасаваць. Яго можна проста не пабачыць у натоўпе. А тыя людзі, якія павінны сустрэцца, сустрэнуцца ў любым выпадку, у тым ліку і з дапамогай сучаснай тэхнікі, як у нас атрымалася.

Tinder можа быць і ня толькі для сурʼёзных сустрэч. Можна проста пайсьці на каву і не спадабацца адно аднаму, і гэта нічога ня значыць. Гэта вельмі добры шанец для тых людзей, якія ўвесь час працуюць і сядзяць у інтэрнэце, пазнаёміцца і больш шчыра сфармуляваць свае патрабаваньні да патэнцыйнага партнэра. Ідзе па вуліцы чалавек, табе вонкава падабаецца, а ён табе не падыходзіць, бо ў яго іншае стаўленьне да сьвету, іншыя думкі. А ў інтэрнэце можна пачаць размаўляць, высьветліць усё, і ты не абавязаны ні з кім ісьці на спатканьне.

У інтэрнэце многія хлопцы любяць прысылаць фатаздымкі сваіх палавых органаў. У Эўропе так людзі робяць, калі не патрэбны сурʼёзныя стасункі. Так шукаюць лёгкі спосаб файна час правесьці. Гэта Dick Pic — даволі распаўсюджаная зьява, калі раскручваюць на сэкс дзяўчат. Зьнянацку прысылаюць: вось паглядзі, які я. Але ў мяне такога не было, у мяне вельмі пазытыўны досьвед з Tinder.

Ёсьць яшчэ небясьпека — ты ня ведаеш, хто на тым канцы сядзіць. Гэта могуць здымкі аднаго чалавека, а ў рэальнасьці — іншы чалавек. Я б параіла дзяўчатам (і хлопцам, канешне) вельмі асьцярожна з гэтым быць, таму што не вядома, які чалавек прыйдзе на спатканьне, таму лепей прагугліць фотаздымкі і праверыць праз сацыяльныя сеткі.

«Я пабачыла дзіўнае фота маладога чалавека з голым торсам, вельмі натрэніраванага, але ў акулярах і з дужа добрым выразам твару»

Дар'я Іванчык з мужам Мірка і дачкой
Дар'я Іванчык з мужам Мірка і дачкой

Дарʼя Іванчык — перакладчыца, экспэртка па рэгіёне Венэта, якая спэцыялізуецца ў суправаджэньні і тэхнічным перакладзе пры закупках і выбары абсталяваньня. Дзякучы Tinder Дарʼя пазнаёміліся са сваім мужам Міркам. Цяпер у іх расьце дачушка, і яны жартуюць, што трэба будзе прыдумаць для ўнукаў нейкую «сур'ёзную гісторыю знаёмства».

— Мне 32 гады. Я нарадзілася ў Менску. Скончыла філфак БДУ і паліталёгію ў ЭГУ, потым зразумела, што хачу прадоўжыць вучобу за мяжой, і падала дакумэнты ў Вэрону на магістэрскую праграму ў лінгвістыцы. Прыехала ў Італію, гэта была мая мара. Пакуль вучылася, працавала ў розных кампаніях, пераважна зьвязаных з экспартам і перакладамі з расейскай мовы.

Я заканчвала вучобу, калі сяброўка прапанавала спампаваць новую аплікацыю Tinder. Першая рэакцыя была — гэта сьмешна, несурʼёзна, каб адцягнуцца ад думак пра вучобу і працу. Я чалавек інтэлектуальны, заўсёды шмат вучылася, і мяне цікавілі хлопцы-інтэлектуалы. А тут пабачыла дзіўнае фота маладога чалавека з голым торсам, вельмі натрэніраванага (відаць, што прафэсійна спортам займаецца), але ў акулярах і зь вельмі мілым, добрым выразам твару. І падумала: дзіўна, я ніколі не сустракалася з мацакамі. Цікава. Трэба свайпануць.

Потым муж казаў, што гэта дзяўчаты папраўдзе выбіраюць, бо хлопцы ўсіх лайкаюць, а сапраўдны выбар дзяўчына робіць. Мы доўга перапісваліся. Гэта быў трэці раз, калі я сустракалася праз гэтую аплікацыю. Першы застаўся маім добрым сябрам, мы добра кантактуем, з другім быў непрыемны інцыдэнт (ня буду паглыбляцца), а мой муж быў трэцім.

Дар'я Іванчык з мужам і дачкой
Дар'я Іванчык з мужам і дачкой

Спачатку ў мяне сурʼёзных намераў не было, хацелася выйсьці пагуляць, можа, выпіць віна, адпачыць ад напісаньня дыплёму. Не хацела нарвацца на тое, каб «плаці сама за сябе» ці «давай паехалі ка мне». Хацелася проста прыемных стасункаў. Муж потым прызнаўся, што яго зачапіла ўва мне фраза: «Цяпер вельмі складана ладзіць самой з сабой, ня тое што закахацца і знайсьці сваю палавінку. Гэта складаней, чым выйграць у лятарэю».

На першае спатканьне я папрасіла сваю найлепшую сяброўку прыйсьці са мной, а яго папрасіла сябра прывесьці. Атрымалася двайное спатканьне. Мы сустрэліся, сяброўка цэлы вечар размаўляла зь ягоным сябрам, яны сьмяяліся, а мы сядзелі, адно на аднаго глядзелі, і я думала, што трэба ісьці дадому вучыцца. У канцы вечара ён кажа: «Ты ведаеш, я самэлье, у нас у Вэроне неўзабаве будзе выстаўка віна, давай на наступнае спатканьне пойдзем удваіх».

Вясельле
Вясельле

Мне падабаецца віно, я люблю культуру віна, а гэта была адна з самых вядомых у сьвеце выставак віна. Гэта быў ягоны крок канём, якім ён мяне заваяваў. Ён вельмі добра расказваў, вадзіў мяне па самых цікавых стэндах, паказаў самыя цікавыя віны. Гэта было душэўна. Мы пачалі сустракаліся. Адрозна ад іншых італьянцаў, ён мяне запрасіў дадому, пазнаёміў з маці. Для італьянцаў гэта вельмі важна, бо маці для іх — сьвятое. Ягоная маці мяне вельмі добра прыняла. На жаль, яна больш ужо ня з намі.

Неяк вельмі хутка ён зрабіў мне прапанову. Я таксама не чакала, што ўсё так хутка будзе. Замужам я з 2017 году. Дачцэ паўтара годзіка, а знаёмыя мы з 2015 году. Самэлье і спорт — гэта захапленьне, а асноўная прафэсія яго — страхавы агент. Ён пʼе мала, але вельмі добрае віно.

У нас вельмі спартовая сямʼя — добра арганізаваны час для трэніровак, каб па чарзе з дачкой заставацца. Мы спрабуем правільна харчавацца, нягледзячы на недасып. Лепшага мужа ці бацьку я не магу сабе ўявіць. Спадзяюся, так будзе і далей. Дачка яго вельмі любіць. Я фаталістка, думаю, што мы маглі б сустрэцца недзе яшчэ... Мы сьмяемся, што трэба прыдумаць нейкую сур'ёзную гісторыю для ўнукаў пра тое, як мы пазнаёміліся, што не праз Tinder.

«Нават ужо і ня верыцца, што мы пазнаёміліся ў Tinder»

Даша Сазановіч, студэнтка брэмэнскага ўнівэрсытэту, год таму пазнаёміліся са сваім партнэрам Рэне дзякуючы праграме Tinder.

— Я ўпершыню карысталася гэтай аплікацыяй. Мне было сумна, Tinder быў папулярны, і я вырашыла паспрабаваць. Такім чынам і пазнаёміліся з Рэнэ. Нам дагэтуль сьмешна ўспамінаць, і нават ужо і ня верыцца, што мы пазнаёміліся ў Tinder, але так адбылося, і мы дагэтуль разам. Рэнэ доўга карыстаўся Tinder, а я толькі паспрабавала, і ўсё атрымалася. Я б не сказала, што Tinder лепшы за звычайнае знаёмства. Я вельмі рада, што знайшла партнэра, зь якім я магу кантактаваць у рэальным жыцьці, і ўрэшце магу выдаліць гэтую праграму.

Даша і Рэнэ
Даша і Рэнэ

Калі ты жывеш у іншай краіне ці ў цябе няма шырокага кола кантактаў, то часам цяжка знайсьці сяброў ці партнэраў. Я хацела выйсьці за студэнцкае кола, а такія аплікацыі дапамагаюць гэта зрабіць. Калі мы пазнаёміліся, Рэнэ працаваў дызайнэрам, а цяпер вучыцца са мной разам. Цалкам магчыма, што нашыя стасункі перарастуць з часам у шлюб, але ў Нямеччыне з гэтым не сьпяшаюцца. Мне 29 гадоў, а яму 30.

Якія перавагі такога спосабу знаёмства? Перад сустрэчай вы перапісваецеся і можаце зразумець, ці ёсьць вам пра што пагаварыць. Можна зэканоміць час і зразумець, ці твой гэта чалавек, ці варта сустракацца. А можна і падмануцца, заглядзецца на фатаздымкі, а потым чалавек акажацца ня тым, што ўяўляла.

Цяпер гэта нейкі благі тон, калі да цябе падыдуць пазнаёміцца на вуліцы. Усе пачалі захоўваць сваю асабістую прастору. Лічыцца, што гэта ўварваньне, калі нехта да цябе сядзе за столік і пачне знаёміцца. Гэта было нармальным 10 гадоў таму, а цяпер ужо ня надта дапушчальна. А калі два чалавекі знаходзяцца ў нейкай онлайн-прасторы для знаёмстваў, то ўсё адбываецца паводле правілаў. Знаёмімся і нікога не турбуем.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG