Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як заляцаюцца беларусы і беларускі


Жанчына ў Tinder праглядае профіль мужчыны
  • Што мяняецца і што застаецца нязьменным?
  • Ці сышлі знаёмствы ў сацсеткі і Tinder?
  • Як час мяняе гендэрныя ролі ў знаёмствах?
  • Ці пахавала флірт кампанія Metoo?

Пра гэта гавораць Юры Дракахруст, галоўная рэдактарка сайту "Наше мнение" Валерыя Касьцюгова, і стажоры беларускай службы Радыё Свабода Ян Поклад і Кацярына Яроміч

Ці сышлі знаёмствы ў сацсеткі і Tinder?

Поклад: Я б не сказаў, што большасьць знаёмстваў адбываецца празь сеткі кшталту Tinder. Мяркую, што менш за палову.

Касьцюгова: Нават людзі сталага веку ўсё часьцей карыстаюцца сацсеткамі і сайтамі кшталту Tinder для знаёмстваў.

Яроміч: Калі Ганна Бонд абвяшчае, што шукае партнэра ў Tinder, гэта ня значыць, што яна яго не шукае і ў рэале, у офлайне.

Ці можна жанчыне запрашаць на спатканьне?

Яроміч: Мы на шляху да роўнасьці. Але застаецца стыгма, што жанчыне няможна першай запрашаць на спатканьне. Ты можаш намякнуць, што ты ня супраць атрымаць запрашэньне, але не павінна запрашаць сама. У Беларусі гэтая стыгма ўсё яшчэ вельмі моцная, у Эўропе яна ўжо значна слабейшая.

Касьцюгова: Стыгматызацыя — гэта частка культуры. Гледзячы па ўсім, гэтыя ролі мяняюцца. Ня тое, каб перагарнуць дагары нагамі. Жанчыны засвойваюць больш свабодныя стандарты паводзінаў. І жанчыны гэтым з задавальненьнем карыстаюцца.

Поклад: Сытуацыя ў Беларусі адрозьніваецца ад, напрыклад, Швэцыі, якая лічыцца авангардам гендэрнай роўнасьці. У Tinder праводзіліся дасьледаваньні, там жанчыны атрымліваюць больш увагі і маюць большы выбар. І мужчын яны ацэньваюць больш крытычна, чым мужчыны жанчын. Гэтае дасьледаваньне было зроблена ў 2016 годзе ўнівэрсытэтамі Рыму і Атавы.

Калі б я атрымаў такую прапанову ад жанчыны, я б ня вельмі зразумеў, што адбываецца.

Яроміч: Сацыяльныя сеткі, сайты знаёмстваў даюць магчымасьць жанчынам гуляць гэтую гульню больш тонка.

Лёс флірту: калі менш жорсткіх правілаў, больш магчымасьцяў для гульні

Касьцюгова: Мне здаецца наадварот, у тым ліку і дзякуючы сацсеткам, зараз магчымасьцяў для флірту больш. І ролі не настолькі жорстка вызначаныя і адносіны палоў сталі больш складанымі і тонкімі. Дзе менш жорсткіх правілаў, больш магчымасьцяў для гульні.

Яроміч: Урокам Metoo стала разуменьне, што жанчыну трэба паважаць, разуменьне, што не — гэта не. Месца для флірту заўсёды ёсьць.
Я лічу, што поле гульні ўсё ж звузілася, і гэта добрая тэндэнцыя. Флірт на працоўным месцы — гэта кепская ідэя.

Касьцюгова: Мне здаецца, што Катрын Дэнёў і іншыя крытыкі Metoo, якія абараняюць флірт, проста робяць падмену паняцьцяў. Metoo змагалася з адкрытымі дамагальніцтвамі. Дамагальніцтва — гэта ня флірт, гэта дэманстрацыя сілы з апорай на традыцыю. Там няма месца гульні.

Так, жанчыны майго пакаленьня, пакаленьня Дэнёў, умелі выбудоўваць паводзіны і захоўваць годнасьць, а часам і атрымліваць пэўную ўладу. Але тыя часы былі менш свабодныя для жанчыны. Проста чалавечая вынаходлівасьць дазваляе абыйсьці абмежаваньні.

Поклад: Усё залежыць ад таго, як мы разглядаем гэтую шматтысячагадовую гульню. Ці, як гэта робяць фэміністкі, як сацыяльны канструкт, ці, як кажа доктар Пітэрсан, гэта мае пад сабой біялягічны падмурак. Калі маюць рацыю фэміністкі, то сапраўды яно можа істотна мяняцца і цяжка прадказаць, да чаго гэта прывядзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG