Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства здароўя Беларусі не пагадзілася прымусова лекаваць ад гамафобіі


Першы намесьнік міністра аховы здароўя Беларусі Дзьмітры Піневіч адказаў на зварот з сайту Petitions.by з просьбай «распачаць практыку прымусовай псыхіятрычнай тэрапіі асобаў з гамафобіяй пры злачынствах, зьвязаных з хваробай».

Аўтар пэтыцыі, якую падпісалі 38 чалавек — Крысьціян Шынкевіч — заяўляў, што ў Беларусі бывае, калі псыхічна хворыя людзі не праходзяць прымусовую тэрапію і праз гэта ўчыняюць злачынствы, у тым ліку забойствы. На падставе ранейшага адказу Міністэрства здароўя ён зрабіў выснову, што ў Беларусі ёсьць і ўмовы для тэрапіі гамафобіі.

У ранейшым адказе Шынкевічу Піневіч пісаў, што ў Міжнароднай клясыфікацыі хваробаў 10-га перагляду гамафобіі як асобнай адзінкі няма, няма і адзінай думкі аб тым, ці клясыфікаваць гамафобію як псыхічнае адхіленьне, як няма і спэцыялістаў, якія б займаліся выключна праблемай гамафобіі.

Ён дадаваў, што гамафобія можа быць прызнаная душэўным разладам, калі суправаджаецца іншымі разладамі псыхікі ці паводзінаў (трывогай, дэпрэсіяй, агрэсіяй…), а дапамагчы пры гамафобіі могуць псыхолягі, псыхатэрапэўты, псыхіятры-нарколягі, у тым ліку ў Менскім клінічным псыхіятрычным дыспансэры.

У новым адказе Піневіч піша, што паколькі гамафобіі няма ў міжнароднай клясыфікацыі, то і праявы гамафобіі «не зьяўляюцца тоеснымі клінічным праявам разладу псыхічнага здароўя і не разглядаюцца яе самастойны разлад псыхічнай дзейнасьці». Таму гамафобію, піша намесьнік міністра, трэба разглядаць у межах Адміністрацыйнага або Крымінальнага кодэксу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG