Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды ў Польшчы зьявіліся «Зоны без ЛГБТ». Тлумачым, што адбываецца


Табліца на ўезьедзе ў горад Сьвіднік
Табліца на ўезьедзе ў горад Сьвіднік

Напрыканцы студзеня многія СМІ паведамлялі, што ў Польшчы зьявіліся «Зоны без ЛГБТ». У пацьверджаньне гэтаму зьявіліся здымкі адпаведных інфармацыйных табліцаў на ўезьдзе ў некаторыя гарады Люблінскага ваяводзтва.

Што адбываецца

Насамрэч гэта хэпэнінг рэжысэра і актывіста Барта Сташэўскага. Ён усталяваў знакі «Зона без ЛГБТ» на чатырох мовах: польскай, ангельскай, францускай і расейскай, перад уездамі ў некалькі населеных пунктаў Любліншчыны. Цягам некалькіх гадзінаў Сташэўскі проста назіраў за рэакцыяй у сеціве, не раскрываючы, што гэта ён усталяваў табліцы.

— Я быў аражаны тым, як шмат людзей паверыла, што гэта ўсяго чарговы крок пасьля гамафобскіх пастановаў уладаў. Грамадзкая думка спакойна ўспрыняла тое, што мясцовыя ўлады ў Польшчы выдзяляюць зоны без часткі грамадзян, — распавёў Барт Сташэўскі польскаму парталу oko.press.

Пра якія пастановы кажа Сташэўскі

Хэпэнінг Сташэўскага невыпадковы. Пачынаючы зь мінулага году, амаль сто польскіх органаў самакіраваньня прынялі рэзалюцыі з асуджэньнем дзейнасьці ЛГБТ арганізацыяў. Там былі прынятыя рэзалюцыі і пастановы супраць ЛГБТ. Мэта гэтых дакумэнтаў — ахова ад уплыву ідэалёгіі ЛГБТ і культурнай рэвалюцыі, як пішуць іх аўтары.

У гэтых рэгіёнах мясцовыя ўлады занепакоеныя тым, што дзейнасьць ЛГБТ-супольнасьці пагражае свабодзе слова, дзецям, аўтарытэту сям’і і школы. У ваяводзтвах, якія прынялі пастановы супраць «ідэалёгіі ЛГБТ» — Люблінскім, Падкарпацкім, Сьвентакшыскім і Малапольскім жыве 30% жыхароў краіны.

Што адбываецца ў гэтых рэгіёнах з прадстаўнікамі ЛГБТ

Ніякіх новых правоў або абвязкаў гэтыя пастановы ня ўносяць. То бок геям альбо лесьбіянкам не забаронена наведваць такія мясцовасьці або жыць там ці працаваць. «Зоны без ЛГБТ» — гэта выключна палітычная дэклярацыя, якая адлюстроўвае пазыцыю мясцовых уладаў наконт дзейнасьці ЛГБТ.

Паводле Польскага таварыства антыдыскрымінацыйнага права, пастановы мясцовых уладаў пярэчаць Канстытуцыі і некаторым міжнародным пагадненьням, якія падпісвала Польшча.

Паводле прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці, такімі пастановамі мясцовыя ўлады аказваюць ціск на працоўнікоў дзяржаўных установаў, каб тыя не рэагавалі на выпадкі дыскрымінацыі і не рабілі захадаў на карысьць роўнапраўя. Яны перакананыя, што наступствам стане сымбалічнае выключэньне негэтэранарматыўных асобаў з грамадзкай прасторы.

Барт Сташэўскі хоча працягнуць сваю акцыю. Ён мае намер усталяваць такія знакі ў 36 з 90 мясцовых самакіраваньняў, якія прынялі дакумэнты супраць ЛГБТ.

18 сьнежня Эўрапейскі парлямэнт прыняў рэзалюцыю, у якой асудзіў дыскрымінацыю ЛГБТ у Польшчы і заклікаў адмяніць пастановы мясцовых уладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG