Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзе патрэба — выйдзем на вуліцу». Данская казачка дабіваецца праўды пра сьмерць сына ў Жодзінскай турме


Алег Багданаў

Мянчанка Марына Багданава ў сёмы раз дамаглася расьсьледаваньня сьмерці яе сына, якая адбылася ў Жодзінскай турме яшчэ 4 гады таму.

«Мяне Божы суд не задавальняе»

У пачатку 2016 года асуджаны на 4 гады зьняволеньня за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі мянчук Алег Багданаў чакаў у жодзінскай турме разгляду апэляцыйнай скаргі. Ён сядзеў пад вартай ужо 5 месяцаў. Турэмнікі нібыта ведалі, што ў яго хворае сэрца, яму патрэбныя лекі, але вязень памёр ад сардэчнай недастатковасьці.

Маці Алега Багданава мяркуе, што сына ня проста недагледзелі лекары. Яна лічыць, што турэмнікі яго зьбілі і гэтым справакавалі сардэчны прыступ.

Усё гэта можна высьветліць і пакараць вінаватых, думае Марына Багданава, але праваахоўнікі ўпарта гэтага ня робяць, бо «сваіх не здаюць». Жанчына 4 гады ходзіць па кабінэтах, піша скаргі на пастановы сьледчых, абскарджвае рашэньні аб спыненьні справы.

На кухонным стале дакумэнты з шматлікіх перапісак з рознымі інстанцыямі. Над сталом партрэт сына.
На кухонным стале дакумэнты з шматлікіх перапісак з рознымі інстанцыямі. Над сталом партрэт сына.

Летась Марына прайшла празь цяжкую апэрацыю, якая магла б не дапамагчы, калі б яна прамарудзіла са зваротам да мэдыкаў на паўгадзіны. Кажа, што «выратаваў» сын, які ў сьне папярэдзіў пра небясьпеку. Жанчына шчыра прызнае, што ў яе цяперашнім жыцьці поўна містыкі.

«Інакш бы ня вытрымала. Трэба спадзявацца на цуд, верыць у прыкметы. Гэта дапамагае, бо інакш лажыся і памірай. А я хачу іх пасадзіць — тых, хто забіў майго сына. Мяне будучы Божы суд не задавальняе».

Перад сьмерцю склаў тастамэнт і адправіў судзьдзю

Сядзім ў невялікай кватэры Багданавых непадалёк ад часткі унутраных войскаў на вуліцы Маякоўскага, якая займаецца канваяваньнем арыштантаў. 20 гадоў таму ў гэтай казарме служыў муж Марыны.

«Сын памёр ў адзіночнай камэры для сьмяротнікаў. А мне кажуць, што гэта звычайная камэра, што яго туды зьмясцілі, бо ў ранейшай яму не было вольнага месца».

Пры жыцьці Алег Багданаў напісаў ліст судьдзю, які яго адправіў на 4 гады ў калёнію.

«Дабіцца праўды я не магу, а мае довады пра дрэннае самаадчуваньне лічаць сымуляцыяй», — пісаў ён. А ў канцы ліста склаў тастамэнт:

«Завяшчаю ўсю маёмасьць маім бацькам. Жадаю, каб пасьля маёй сьмерці маё цела спалілі, а попел выкарысталі паводле свайго рашэньня».

Ліст датаваны 6 студзеня 2016 году, яго аўтар памрэ праз 23 дні. У судзе ўжо была апэляцыйная скарга ад Багданава на вынесены яму прысуд, але дзень разгляду скаргі яшчэ ня быў прызначаны. Разгляду скаргі так і не было. Празь сьмерць асуджанага справу супраць Багданава закрылі, але яго не рэабілітавалі.

Мусіў здаваць аналіз крыві штотыдзень
Мусіў здаваць аналіз крыві штотыдзень

Паводле інструкцыі, новага вязьня сьледчага ізалятару аглядае лекар, на яго заводзяць мэдычную картку, у якую будуць уносіць усе зьвесткі пра агляды і лячэньне.

Алег Багданаў быў інвалідам 3-й групы. Марына Багданава кажа, што яны з мужам зрабілі ўсё, каб сына ў Жодзінскім СІЗА і аглядалі, і лячылі. Папярэдзілі турэмнікаў пра сардэчную хваробу, перадалі патрэбныя дакумэнты і лекі.

Алег меў пратэз у сэрцы і мусіў рэгулярна прымаць адмысловы прэпарат варфарын для разрэджваньня крыві. Але для яго была небясьпечнай як малая доза варфарыну, гэтак і вялікая. Каб вызначыць патрэбную дозу, ён мусіў здаваць кроў на аналізы. На волі гэта рабіў штотыдзень, але ў вязьніцы графік зламаўся.

Паводле сьледзтва, за 5 месяцаў знаходжаньня Багданава ў Жодзінскім і Менскім ізалятарах ды шпіталі Жодзінскай турмы ў яго бралі кроў на аналіз толькі 5 разоў, а мусілі 20 разоў. Маці лічыць, што гэта адно з парушэньняў, якія прывялі да сьмерці яе сына.

«У вашага сына ўсё нармальна»

Калі Алег Багданаў пачаў сыгналізаваць у лістах, што адчувае сябе ўсё горш, але дастаткова лекаў не атрымлівае, бацькі паднялі трывогу. 31 сьнежня, за некалькі гадзін да Новага году, Марына Багданава паехала ў Жодзіна і спрабавала прарвацца да турэмнай лекаркі-тэрапэўта. Удалося толькі пагаварыць праз тэлефон. Маці сказала ў слухаўку, што з сынам дрэнна, траціць прытомнасьць. «У вашага сына ўсё нармальна», — пачула яна ў адказ. Лекарка да яе так і не выйшла.

Тая ж лекарка аглядала Алега Багданава 27 студзеня, за два дні да сьмерці, і не знайшла прыкмет пагаршэньня стану. А праз два дні чалавек памёр.

«Яны ўсё ведалі, але не выконвалі і паловы патрэбнага, а толькі ўдавалі», — перакананая Марына Багданава.

Яна паказвае ліст, падпісаны 11 студзеня 2016 году начальнікам Жодзінскай турмы. Да сьмерці яе Алега заставалася ўжо 18 дзён. У лісьце міліцыянт запэўніваў Марыну Багданаву, што яе сын Алег, які мае пратэз аартальнага кляпана, «знаходзіцца пад наглядам лекараў, штотыдзень праходзіць лябараторнае абсьледаваньне і атрымлівае неабходнае лячэньне».

А вось што пісаў у лістах Алег.

«Кроў бралі 2 разы, але вынікаў ня кажуць. Таблетак не даюць. Напэўна, лекараў тут няма і ніхто нікога ня лечыць».

«Такіх лекаў, якія мне патрэбныя, тут няма. Калі ня будзе лекаў, я памру»

«Варфарын скончыўся, тут яго выдаюць раз на тыдзень па 6 пігулак, кажуць, больш няма, а мне трэба 6 пігулак на дзень.

«Прыступы сталі часьцейшымі. Пару разоў траціў прытомнасьць, ня ведаю, што рабіць»

«Лекараў няма, толькі фэльчары, а ў іх асьпірын і валідол».

І нарэшце — апошні ліст, напісаны 28 студзеня. Бацькі атрымаюць гэты ліст ужо пасьля сьмерці сына.

«Здараюцца нейкія прыступы, становіцца блага і трачу прытомнасьць, а класьціся на ложак не дазваляюць, пішуць рапарты, у мяне ўжо чатыры заўвагі за ляжаньне на ложку, неўзабаве павядуць у карцар. На ўсялякі выпадак я напісаў тастамэнт. Калі даведаецеся, куды мяне перавядуць, напішыце».

На наступны дзень Алег Багданаў памёр.

Паводле афіцыйнага дыягназу — з прычыны заганы сэрца з «развіцьцём дыстрафічных зьменаў у міякардзе з агмянёвымі ішэмічнымі пашкоджаньнямі».

Турэмнікі прыйшлі на дапамогу праз 14 хвілін

Уся гісторыя пачалася з затрыманьня Алега Багданава 22 жніўня 2015 году ў Менску, але паводле дакумэнтаў ён быў дастаўлены ў Жодзінскі СІЗА толькі праз 3 дні, 25 жніўня.

«Дзе майго сына трымалі тры дні?» — пытаецца маці. Яна мяркуе, што ў Ленінскім РУУС. Імаверна, там і зьбівалі, бо на спатканьні ён быў моцна зьбіты.

«Сама бачыла ў сына на галаве траўму, а яшчэ ён казаў пра пабітыя ногі і сьпіну, казаў, што лупцавалі дубінкамі».

Вопратка зь сьлядамі крыві, якую аддалі маці Алега Багданава
Вопратка зь сьлядамі крыві, якую аддалі маці Алега Багданава

Другім разам, паводле вэрсіі Марыны Багданавай, яе сына зьбілі ў Жодзінскай турме падчас пераводу ў «адзіночку» для пажыцьцёва зьняволеных, дзе ён памёр. На целе нябожчыка экспэрты потым знайшлі шмат траўмаў.

«Сьлед ад удару на левай назе ад калена да шчыкалаткі, сьлед ад удару на правай руцэ ад пляча да локця, участак падсыханьня на рэбрах зь левага боку».

Але міліцыянты тлумачаць, што гэта не прыжыцьцёвыя траўмы. Паводле паказаньняў, сьляды на нагах маглі ўзьнікнуць ад агоніі, а сьляды на сьпіне — ад таго, што цела з падлогі цягнулі на нары. Марына Багданава ў такія тлумачэньні ня верыць.

«На відэа сачэньня за камэрай бачна, што цела сына падымаюць на нары правым бокам, таму немагчыма, каб яму пашкодзілі левы бок».

У матэрыялах папярэднага расьсьледаваньня сьмерці Баганава ёсьць відэа, на якім відаць, як Алег Багданаў памірае. Камэра сачыла за ўсімі дзеяньнямі вязьня, і ахоўнік-кантралёр мог бачыць іх на сваім маніторы.

Турэмнікі, якія знайшлі цела Багданава ў камэры, сьцьвярджаюць, што спрабавалі аказаць яму дапамогу. У тым ліку тройчы ўводзілі атрапін з адрэналінам. Але гэта не дапамагло. Між тым ані сьлядоў ад іньекцыяў на целе Багданава, ані ўпаковак прэпаратаў потым не знайшлі, заўважае Марына Багданава.

А вось як Марына апісвае ўбачанае на відэа.

«На гадзіньніку 7.01. Алег у паўсагнутым становішчы, хістаючыся, ідзе да дзьвярэй камэры, але валіцца паміж дзьвярыма і ложкам. А далей час — 7.15. Толькі тады турэмнікі спрабуюць увайсьці ў камэру, адсоўваюць цела і заходзяць ў расчыненыя дзьверы. І то не адразу кідаюцца на дапамогу, а спачатку чамусьці бяруць і аглядаюць торбу Алега, у якой былі мэдыкамэнты».

Экспэртыза выявіла парушэньні ў рэанімацыйных дзеяньнях супрацоўнікаў турмы ў дачыненьні да Багданава, але ніводнае зь іх, паводле экспэртаў, «да ягонай сьмерці дачыненьня не мае». На гэтай падставе сьледчы і адмаўляў у завядзеньні крымінальнай справы аб неналежным выкананьні прафэсійных абавязкаў.

Паводле Марыны Багданавай, яе сын напярэдадні быў зьбіты драўлянымі малаткамі, якімі ахоўнікі карыстаюцца, калі правяраюць турэмныя памяшканьні. Паводле зьвестак жанчыны, у Жодзінскай турме ахоўнікі часта ўжываюць такія мэтады для ўзьдзеяньня на вязьняў.

Пасьля сьмерці Алега Багданава ў Жодзінскай турме № 8 у дэпартаменце выкананьня пакараньняў МУС зьняпраўджвалі зьвесткі пра ўжываньне ў гэтай установе незаконных мэтадаў. У самой турме ад камэнтароў дагэтуль адмаўляюцца.

«Пайшла на прыём да Натальлі Качанавай»

У сакавіку 2019 году са Сьледчага камітэту Марыне Багданавай паведамілі, што папярэдняе расьсьледаваньне справы аб сьмерці яе сына зноў спынена.

«Шосты раз закрылі без аніякага выніку, але я зноў не пагадзілася і пайшла на прыём да Натальлі Качанавай (тагачаснай кіраўніцы адміністрацыі А. Лукашэнкі. — РС). А пасьля яе была на прыёме ў намесьніка генэральнага пракурора Дыско. Хто дакладна зь іх паварушыў пальцам, ня ведаю, але ў пачатку лютага мне зь Менскай пракуратуры напісалі, што справу вырашана аднавіць», — расказала Марына Багданава.

Як Багданаў апынуўся ў турме?

«Ён мне вельмі цяжка дастаўся, таму любіла яго больш чым каго на сьвеце», — згадвае сына Марына Багданава і цяжка ўздыхае.

«Мой муж — падпалкоўнік запасу, старэйшы сын закончыў Вайсковую акадэмію, і малодшы, Алег, таксама ня бачыў сябе ў будучыні інакш як вайскоўцам. Паступіў у Акадэмію на аддзяленьне сувязі, і раптам праз год яго камісуюць з прычыны стану здароўя — знайшлі прыроджаную загану сэрца».

Маці ня можа патлумачыць, чаму раней гэта ня высьветлілася. Сын займаўся спартовым пяціборствам, нават быў кандыдатам ў майстры спорту, дый мэдычную камісію пры паступленьні ў Вайсковую акадэмію прайшоў без праблем. А тут — прызналі непрыдатным да службы з прычыны здароўя.

«Вось тады ў яго пачаліся часы, калі як сустрэнецца зь сябрамі, дык вып’е. Няшмат, але бывала. Перажываў моцна!» — прызнае Марына Багданава. Пасьля адлічэньня з акадэміі Алег Багданаў скончыў унівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, працаваў адпаведна спэцыяльнасьці, але здароўе ўсё пагаршалася.

«Лекары дзівіліся — як ён у вас дажыў да 35 гадоў з такім сэрцам!» — згадвае маці Алега. У пачатку 2014 году, праз 2 гады «чаканьня ў чарзе», Алегу Багданаву зрабілі адкрытую апэрацыю на сэрцы.

«Вы ведаеце, што такое адкрытая апэрацыя? — нэрвуецца Марына. — Гэта спыняюць сэрца і рэжуць. А потым запускаюць: ажыве ці не ажыве. Я 8 гадзін прастаяла ў калідоры ў чаканьні. Ажыў!»

Пасьля апэрацыі Алег ужо нідзе не працаваў, жыў на пэнсію па інваліднасьці, заставаўся з бацькамі. «Бачыла па ім, што зноў перажывае. Уяўляеце, як у 36 гадоў маладому мужыку сядзець увесь час дома з маімі катамі?».

22 жніўня 2015-га, успамінае Марына Багданава, ён пайшоў атрымліваць пэнсію, але дамоў больш ніколі не вярнуўся. Пазнаёміўся ў двары з кампаніяй, заплаціў за выпіўку, прычым шчодра, бо з 200 рублёў пэнсіі ў яго засталося толькі 70, падлічыла потым маці. Што сын быў моцна нападпітку, яна ня верыць, спасылаецца на дадзеныя экспэртызы крыві.

«Толькі 0,5 праміле алькаголю, гэта бутэлька піва», — кажа яна.

На судзе пацярпелыя, зь якімі Алег выпіваў, казалі, што ён пачаў бойку і кідаўся на іх з разьбітай бутэлькай у руцэ. Але маці больш верыць тлумачэньню сына, што ён толькі абараняўся, інакш бы «яго цела раніцай знайшлі халодным».

У міліцыянтаў, якія спынілі бойку і забралі Алега ў пастарунак, іншыя паказаньні: наносіў удары і «аказаў супраціўленьне пры затрыманьні».

За гэта яму да хуліганства суд дадаў 2 гады, у сукупнасьці атрымалася 4.

Марына Багданава мяркуе, што справу яе сына міліцыянты сфальшавалі, каб апраўдаць тое, што незаконна зьбілі яго пры затрыманьні. Жанчына дагэтуль захоўвае дома швэдар, у якім яе сын быў затрыманы: на ім сьляды крыві, што нацякла з разьбітай галавы.

«Я — данская казачка, ў нас народ шчыры, ня тое што тут»

Марына кажа, што дагэтуль адчувае боль і пустэчу, а яшчэ злосьць.

«На двор выходжу толькі каб пакарміць катоў, нават з суседкамі няма жаданьня гаварыць, як раней. Ды ўвогуле няма прагі да жыцьця. Гадзінамі перакладаю паперы са справы сына, на два-тры дні магу да іх не падыходзіць, але потым вяртаюся і зноў чытаю, пішу скаргі, іду ў паход па кабінэтах».

Барацьба за расьсьледаваньне справы сына яе падтрымлівае і адначасова павольна забівае, прызнаецца Марына Багданава.

Больш за 30 гадоў яна жыве ў Менску, але дагэтуль пра сваю радзіму Новачаркаск кажа «ў нас», а пра Менск — «тут».

«У нас на Доне людзі шчырыя, і я такой засталася, а вашы скрытныя. Кажуць, што табе патрэбна пачуць, а праўду у вочы ніколі ня скажуць».

Яна хацела атрымаць расейскае грамадзянства, але ў мясцовым консульстве не даюць, бо прыехала ў Беларусь да 1991 году. Але зьяжджаць зь Беларусі Марына ня хоча: «Тут у мяне сынава магіла, ад яе я не паеду. І справу яшчэ не давяла да канца».

Змаганьне за прауду пра гібель свайго Алега Марына Багданава вядзе мірна: праз скаргі, размовы з чыноўнікамі і журналістамі.

Але не выключае, што калі скончыцца цярплівасьць, выйдзе на вуліцу з пратэстам.

«Такіх, як я, пацярпелых ад беззаконьня ў вязьніцах, шмат. Толькі ў Жодзінскай турме ведаю некалькі сьмерцяў, падобных да майго Алега. Таму калі прыцісьне і зноў разьвернуць справу назад, можам разам сабрацца і выйсьці. Я данская казачка, ад мяне лёгка не адаб’есься».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG