Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

10:32 23.3.2020

У Расеі колькасьць інфікаваных вырасла да 438 — плюс 71 за дзень

Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Мішусьцін паведаміў пра 71 новы выпадак COVID-19 за мінулы дзень. Усе новыя заражэньні выявілі ў Маскве.

Для сачэньня за тым, з кім кантактавалі інфікаваныя, Мішусьцін прапанаваў выкарыстоўваць зьвесткі мабільных апэратараў (празь лякацыю тэлефона можна адсачыць, куды хадзіў хворы). Расейскі прэм’ер таксама заклікаў расейцаў заставацца дома і не выходзіць на двор бяз крайняй неабходнасьці, часова адмовіцца ад сустрэч і шпацыраў.

Цяпер у Расеі зафіксавана 438 выпадкаў COVID-19. Памер 1 чалавек, выпісалі здаровымі ўжо 16. Расея далёкая ад найбольш пацярпелых краінаў — паводле колькасьці інфікаваных 40-я ў сьвеце. Калі ў Расеі на мільён жыхароў прыпадае прыблізна тры выпадкі COVID-19, у Беларусі ўжо 8.

10:24 23.3.2020

Канада і Аўстралія адмовіліся ўдзельнічаць у Алімпіядзе ў Токіё

Канада заклікала Міжнародны алімпійскі камітэт (IOC) і Сусветную арганізацыю здароўя (WHO) адкласьці правядзеньне летняй Алімпіяды на адзін год.

«Мы знаходзімся ў разгары глябальнага крызісу ў галіне аховы здароўя, які мае значна большае значэньне, чым спорт», — адзначаецца ў паведамленьні Канадзкага алімпійскага камітэту.

Аўстралійскі камітэт заявіў, што спартоўцы будуць рыхтавацца да Гульняў летам 2021-га, а не 2020-га.

З просьбай перанесьці Алімпіяду ў Токіё з прычыны пандэміі каранавірусу раней звярнуліся ў IOC Нарвэгія і Бразілія.

Днямі кіраўнік IOC Томас Бах распаўсюдзіў ліст, у якім абвясьціў, што рашэньне аб магчымым пераносе летняй Алімпіяды будзе прынята на працягу чатырох наступных тыдняў.

10:13 23.3.2020

Нацбанк Беларусі: усе грошы зьмяшчаюцца на 14-дзённы карантын

У сувязі з распаўсюдам каранавірусу банкі рэкамендуюць скараціць выкарыстаньне наяўных грошай на карысьць картак і дыстанцыйнай аплаты тавараў і паслугаў. Уся гатоўка, якая паступае ў Нацыянальны банк, зьмяшчаецца на 14-дзённы карантын, патлумачылі ў фінансавай установе.

Затым ажыцьцяўляецца сартаваньне паводле ступені забруджанасьці і зносу. Пасьля гэтай працэдуры назад у абарачэньне вяртаюцца толькі чыстыя банкноты і манэты, якія ня маюць пашкоджаньняў. Нізкія папяровыя наміналы (5 і 10 рублёў) выдаюцца пераважна новымі купюрамі.

У Нацбанку адзначылі, што колькасьць наяўных грошай, якая выпускаецца штомесяц, складае невялікую долю ўсяго абароту (у касах банкаў, юрыдычных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў, на руках фізычных асобаў і г. д.). Таму пасьля кантакту з банкнотамі і манэтамі, якія нават ня маюць прыкметаў забруджваньня, неабходна выконваць традыцыйныя правілы гігіены. Найбольш бяспечныя сродкі аплаты — бескантактная картка і дыстанцыйныя каналы банкаўскага абслугоўваньня.

10:11 23.3.2020

Трамп адправіў Нацыянальную гвардыю на дапамогу тром штатам у барацьбе з каранвірусам

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп накіроўвае нацыянальную гвардыю ў тры штаты, якія больш за ўсё пацярпелі ад эпідэміі каранвірусу: Каліфорнію, Нью-Ёрк і Вашынгтон.

У ходзе паўтарагадзіннай прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме ў нядзелю ўвечары прэзыдэнт ЗША паведаміў, што нацгвардия будзе знаходзіцца пад кіраўніцтвам трох губэрнатараў, дапамагаючы разгортваць фэдэральныя мэдыцынскія пункты і распаўсюджваць сотні тон масак, халатаў, рэсьпіратараў ды іншых прадметаў.

10:06 23.3.2020

Расея адкрыла мяжу для транзыту грамадзян Беларусі і іншых краінаў СНД

Урад Расейскай Фэдэрацыі апублікаваў рашэньне ад 20 сакавіка аб выключэньні са сьпісу краінаў, грамадзянам якіх абмяжоўваюць уезд у Расею, дзяржаў СНД, а таксама грузінскіх сэпаратысцкіх рэгіёнаў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

У склад СНД уваходзяць Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Малдова, Расея, Таджыкістан і Ўзбэкістан. Украіна фактычна пакінула СНД, хоць у Расеі адзначалі, што фармальнай заявы аб выхадзе краіна не падавала.

Закрыцьцё мяжы для краінаў СНД не распаўсюджваецца на паветраныя пункты пропуску пры ўезьдзе і выезьдзе, а таксама пры выезьдзе празь іншыя пункты пропуску «пры руху ў дзяржавы свайго грамадзянства». Фактычна гаворка пра транзыт праз Расею грамадзян дзяржаў СНД у свае краіны. Было некалькі выпадкаў, калі беларусы не маглі трапіць дамоў з Індыі праз расейскія аэрапорты.

10:05 23.3.2020

Мінус Санкт-Пецярбург і Калінінград. «Белавія» скарачае паветраныя зносіны з Расеяй

Авіякампанія «Белавія» прыпыніла палёты ў Санкт-Пецярбург і Калінінград. Як паведамілі ў офісе «Белавія», абмежаваньні будуць дзейнічаць часова, ад 23 сакавіка да 10 красавіка.

Вяртаньне сродкаў, зьмена датаў вылету або пераафармленьне маршруту можна зрабіць да 31 сьнежня гэтага году.

09:13 23.3.2020

Упершыню сэнатар ЗША інфікаваны COVID-19

Сэнатар-рэспубліканец ад штату Кентукі Рэнд Пол у нядзелю, 22 сакавіка, стаў першым сэнатарам ЗША, якому паставілі станоўчы дыягназ пасьля аналізу на каранавірус COVID-19.

Як паведамляюць амэрыканскія СМІ, «ён адчувае сябе добра і знаходзіцца на карантыне. У яго не было сімптомаў інфікаваньня, але ён вырашыў зрабіць тэст, праявіўшы павышаную засцярогу ў сувязі з праведзенымі інтэнсіўнымі паездкамі і ўдзелам у шматлікіх сустрэчах».

Пол быў адзіным сэнатарам, які прагаласаваў нядаўна супраць выдзяленьня 8 мільярдаў даляраў на захады процідзеяньня эпідэміі COVID-19 у ЗША. Бацька сэнатара, былы прадстаўнік штату Тэхас у Кангрэсе ЗША, на мінулым тыдні назваў каранавірус «выдумкай».

09:02 23.3.2020

Трамп прызнаў штат Вашынгтон зонай буйнога бедзтва ў сувязі з каранавірусам

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп прызнаў штат Вашынгтон зонай буйнога бедзтва і даручыў аказаць фэдэральную дапамогу штату, муніцыпалітэтам і племянным уладам у барацьбе з каранавірусам. Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Белага дома, распаўсюджанай у нядзелю.

У заяве адзначаецца, што рашэньне прэзыдэнта дазваляе выдзяліць фэдэральныя сродкі для крызіснага кансультаваньня пацярпелых асобаў ва ўсіх раёнах штату Вашынгтон.

Фэдэральныя сродкі таксама будуць выдзяляцца органам улады і некаторым прыватным некамэрцыйным арганізацыям на надзвычайныя ахоўныя захады, уключаючы наўпроставую фэдэральную дапамогу.

У Злучаных Штатах цяпер зафіксавалі звыш 34,7 тысячы выпадкаў COVID-19, памерлі 452 пацыенты, у цяжкім стане застаюцца 795, выпісаныя здаровымі 178. Паводле колькасьці «актыўных выпадкаў» (34,7 тысячы) ЗША на другім месцы ў сьвеце пасьля Італіі.

Найбольш хворых у штаце Нью-Ёрк: там выявілі 16,9 тысячы выпадкаў, памерлі 150 чалавек. Штат Вашынгтон на другім месцы ў ЗША з амаль 2 тысячамі выпадкаў і 95 памерлымі.

08:49 23.3.2020

МЗС Беларусі і «Белавія» дапамаглі вярнуцца дамоў 3400 беларусам

Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміла на афіцыйнай старонцы на Facebook, што разам з нацыянальнай авіякампаніяй «Белавія» дапамагла больш як 3400 беларусам.

У іх ліку дзеці і суправаджэньне з санаторыя «Беларусь» у Юрмале (Латвія), спартовая дэлегацыя Малдовы, чатыры чалавекі з круізнага ляйнэра Costa Pacifica (21 сакавіка пасажыраў высадзілі ў італьянскай Генуі).

Паводле ацэнак МЗС, яшчэ некалькі тысяч беларусаў могуць у найбліжэйшы час мець патрэбу ў дапамозе.

«Працэс ідзе, — піша МЗС. — Большасьць вострых пытаньняў ужо ўдалося вырашыць. Наладжана сыстэмная адпраўка нашых грамадзянаў з Эгіпту, супольна з расейскім бокам дастаўляюцца грамадзяне з Тайлянду, прапрацоўваецца эвакуацыя з Марока, вяртаюцца грамадзяне з Чарнагорыі, у транзытную схему вяртаньня праз Расею уключаны аэрапорт „Пулкава“. Канструктыўна вырашаюцца сытуацыі ў Літве, Польшчы і Ўкраіне».

08:32 23.3.2020

Ангела Мэркель перайшла на карантын і працуе дома

Фэдэральная канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель перайшла ў нядзелю, 22 сакавіка ў рэжым карантыну, застаўшыся дома.

Па словах афіцыйнага прадстаўніка ўраду Нямеччыны Штэфэна Зайбэрта, канцлерка прыняла такое рашэньне, даведаўшыся, што лекар, які рабіў ёй прышчэпку ад пнэўмакокавай інфэкцыі, станоўча пратэставаны на каранавірус. Мэркель была ў лекара два дні таму.

На працягу некалькіх наступных дзён Ангела Мэркель будзе рэгулярна праходзіць тэсты на каранавірус. Застаючыся на карантыне, яна будзе выконваць свае службовыя абавязкі. Пра нейкія сымптомы хваробы ў 65-гадовай канцлеркі не паведамляецца.

08:12 23.3.2020

Лічбы на раніцу 23 сакавіка

  • На раніцу 23 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі амаль 339 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 81,1 тысячы ў Кітаі, 59 тысяч ў Італіі, 34,7 тысячы ў ЗША, 28,7 тысячы у Гішпаніі, 24,9 тысячы ў Нямеччыне, 21,6 тысячы ў Іране, 16 тысяч у Францыі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі амаль 15 тысяч чалавек. Зь іх 5476 у Італіі, 3274 у Кітаі, 1772 у Гішпаніі, 1685 у Іране.
  • Выпісалі 99 тысяч пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 225 тысяч, зь іх 10,5 тысячы ў цяжкім стане.
  • У Беларусі на 21 сакавіка пацьвердзілі 76 выпадкаў інфэкцыі новым каранавірусам. Паводле Міністэрства аховы здароўя, 15 пацыентаў выпісалі, 61 пацыент знаходзіцца ў шпіталях на лячэньні, і частка зь іх ужо атрымалі адмоўныя тэсты і рыхтуюцца да выпіскі.
21:23 22.3.2020

Алексіевіч: Тое, што мы напрацавалі за апошнія паўстагодзьдзя, зьляцела, і мы зноў сядзім па сваіх пячорах

Свабода задае вядомым інтэлектуалам пытаньні пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь, сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы пісьменьніцы, нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч.

Сьцісла:

  • Тыя меры, якія прынялі ў большасьці краінаў, яны ж немагчымыя да канца году ці на некалькі гадоў
  • Амэрыканцы бачаць злых духаў у расейцах, расейцы — у амэрыканцах
  • Гэтая пандэмія — касьмічная зьява
  • Прырода мала з намі лічыцца. І мы зь ёй, але і яна з намі. І яна жыве па сваіх законах
  • Калі гэтая эпідэмія будзе разьвівацца, людзі будуць паміраць і там, дзе ўсё зачынена
  • Я ня думаю, што тут варта зводзіць усё да таго, што Лукашэнка нечага ня робіць. Ніхто ня ведае, што трэба рабіць
  • Зьмена паводзінаў патрэбная, але я лічу, што паніка яшчэ жахлівей, яшчэ горш
  • Навукоўцы павінны раіць уладзе, а ўлада не павінная думаць, што яна самая разумная
  • Гэта вышэй сілаў — ведаць, што за сьценкай памірае твой родны чалавек, а цябе да яго не пускаюць
  • Я мяркую, што чалавек лепшы, чым мы думаем пра яго

Чытаць цалкам тут >>

20:33 22.3.2020

У Нямеччыне забаранілі зьбірацца больш чым дваім

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркэль і прэм’ер-міністры фэдэральных земляў у рамках тэлефоннай канфэрэнцыі, якая прайшла ў нядзелю, 22 сакавіка, дамовіліся зрабіць яшчэ больш жорсткімі карантынныя меры з прычыны эпідэміі каранавірусу ў

Нямеччыне, паведамляе DW.

Асноўны пункт: больш за два чалавекі не зьбірацца. Выключэньне зроблена для чальцоў сямʼі, а таксама людзей, якія жывуць адзінай хатняй гаспадаркай.

Парушэньні абмежаваньняў па кантактах будуць кантралявацца адміністрацыйнымі органамі і паліцыяй. Парушэньні будуць карацца штрафамі — да 25 тысяч эўра.

Чытаць цалкам тут.

20:05 22.3.2020

Менск акрапілі сьвятой вадой з гелікоптэра. Каб не хварэлі

Сёньня ў праваслаўным храме-помніку ў гонар Усіх Сьвятых адбыўся малебен з малым чынам асьвячэньня вады. Пра гэта паведамляе агенцтва «Менск-Навіны». Абрад быў выкананы ў тым ліку і з прычыны пандэміі.

У пропаведзі малебну мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павал сказаў:

«Заклікаю ўсіх паразважаць пра тое, як мы ставімся да падзеяў, якія адбываюцца. Паніка, выкліканая распаўсюдам каранавірусу, прытупляе розум. Вірус прынёс зьбянтэжанасьць у сэрцы людзей, але для сапраўдных вернікаў ён ня страшны. Хочацца пажадаць, каб Гасподзь умацаваў у нас веру, і дапамог годна пераадолець выпрабаваньне».

Пасьля заканчэньня службы настаяцель храму протаярэй Фёдар Поўны, зьвяртаючыся да вернікаў, сказаў, што здаўна абраз Божай Маці Дзяржаўны і крыж-машчавік абаранялі беларускую зямлю ад выпрабаваньняў.

З гэтымі праваслаўнымі сьвятынямі мітрапаліт Павал і іншыя сьвятары абляцелі горад на гелікоптэры. Зь яго яны акрапілі горад сьвятой вадой.

18:54 22.3.2020

9 патрабаваньняў. Беларускія лекары з Эўропы і ЗША зьвярнуліся да ўладаў

Беларускія лекары, якія працуюць у ЗША і Заходняй Эўропе, зьвярнуліся з адкрытым лістом да ўладаў Беларусі ў сувязі з эпідэміяй віруса COVID-19.

У лісьце лекары патрабуюць ад органаў улады ўсіх узроўняў:

  1. Зачыніць усе навучальныя і дашкольныя ўстановы для наведваньня на чатыры тыдні, з наступным прадаўжэньнем.
  2. Забараніць любыя масавыя мерапрыемствы і сходы, якія не дазваляюць удзельнікам знаходзіцца на адлегласьці двух і больш мэтраў адзін ад аднаго.
  3. Зачыніць спартыўныя і забаўляльныя ўстановы і прадпрыемствы грамадзкага харчаваньня, за выключэньнем дастаўкі на дом.
  4. Рэкамэндаваць аддаленыя спосабы працы, гнуткія графікі і ініцыяваць закрыцьцё на карантын прадпрыемстваў і арганізацый, якія непасрэдна ня ўдзельнічаюць у жыцьцезабесьпячэньні насельніцтва.
  5. Адразу ж забясьпечыць апавяшчэньне ўсіх слаёў насельніцтва аб спосабах абароны ад інфікаваньня і абмежаваньні распаўсюджваньня інфэкцыі, уключаючы правілы паводзін пры ўсеагульным карантыне
  6. Забясьпечыць своечасовае інфармаваньне грамадзкасьці аб бягучай статыстыцы захворваньня і мерах барацьбы з эпідэміяй.
  7. Забясьпечыць работнікаў мэдычных установаў і іншых службаў жыцьцезабесьпячэньня ахоўнымі сродкамі, харчаваньнем і, пры неабходнасьці, дапамогай па догляду за дзецьмі.
  8. Адмяніць асабістую адказнасьць мэдычных работнікаў за абнародаваньне інфармацыі аб бягучым стане ў мэдычных установах.
  9. Актыўна садзейнічаць узаемадзеяньню дзяржаўных устаноў з грамадзкімі і валянтэрскімі арганізацый для вышэйпералічаных задач, а таксама для бясьпечнага забесьпячэньня прадуктамі харчаваньня і мэдыкамэнтамі людзей з высокай рызыкай сур’ёзных ускладненьняў (людзі старэйшыя за 60 гадоў, з хранічнымі захворваньнямі або паніжаным імунітэтам.)

Чытайце цалкам тут >>

17:47 22.3.2020

«Трэба самаарганізоўвацца і самім клапаціцца пра бясьпеку сваіх сем’яў», — айцец Сергій Лепін

Свабода задала вядомым беларускім інтэлектуалам некалькі пытаньняў пра антрапалягічны сэнс пандэміі, пра тое, як яна ўжо зьмяніла і яшчэ зьменіць Беларусь,

сьвет і чалавека. Сёньня прапануем вашай увазе адказы протаярэя Сергія Лепіна — старшыні cынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускага экзархату.

Сьцісла:

  • Або мы выйграем велізарную колькасьць сродкаў, адмовіўшыся ад глябальнай ізаляцыі ды іншых нятанных мер, або... здорава прайграем, разьлічваючыся чалавечымі жыцьцямі
  • Гэта час для ўзмоцненых малітваў і пакаяньня, якія павінны прывесьці чалавека да абнаўленьня яго надзеі на Бога
  • Трэба маліцца за ўладу — яна прымае рашэньні, вынікі якіх датычацца ўсіх
  • Улада Прэзыдэнта — вельмі вялікая, але яе ўсе роўна недастаткова, каб загадваць стыхіямі прыроды і духамі хваробаў
  • Я б засьцярог ад прамых атаясамленьняў хваравітасьці і грэшнасьці, праведнікі таксама паміраюць, а часам — і ад лютых хвароб
  • Для ўладаў ў такой сытуацыі няма бяспройгрышных варыянтаў
  • Трэба неяк самаарганізоўвацца і самім клапаціцца аб бясьпецы сваіх сем’яў і працоўных калектываў
  • Як мне здаецца, для нашай краіны локдаўн эканамічна сьмяротны
  • У Эўропе свой карантын, у РФ — свой, а мы і без тытуню, і безь сяброў — самі па сабе

Чытайце цалкам тут>>

17:40 22.3.2020

«Сытуацыя сурʼёзная, яе фінал адкрыты». Гучная прамова Ангелы Мэркэль пра змаганьне з каранавірусам

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркэль зьвярнулася да немцаў у сувязі з пандэміяй каранавіруса ў сьвеце. Прамова нямецкай лідаркі здабыла вялікую папулярнасьць ва ўсім сьвеце. Яе цытуюць вядучыя інфармацыйныя агенцтвы і і карыстальнікі сацыяльных сетак.

Свабода публікуе прамову цалкам.

16:41 22.3.2020

У Гішпаніі за суткі — амаль 350 ахвяр каранавірусу

Улады Гішпаніі яшчэ на 15 дзён працягнулі надзвычайнае становішча, уведзенае ў краіне праз эпідэмію каранавіруснай інфэкцыі. Яно павінна было завяршыцца 29 сакавіка, аднак прэм’ер Пэдра Санчэс ужо цяпер даручыў яго падоўжыць.

Некалькі дзён таму ў краіне — як і ў шэрагу іншых дзяржаў Эўропы, у прыватнасьці

Італіі і Чэхіі — быў уведзены агульнанацыянальны карантын, людзі могуць пакідаць дамы толькі па ўважлівай прычыне.

Гішпанія другая пасьля Італіі краіна Эўропы па колькасьці інфікаваных і памерлых ад каранавіруснай інфэкцыі. За апошнія суткі памерлі 348 чалавек, а ўсяго з пачатку эпідэміі — 1725. Колькасьць інфікаваных набліжаецца да 30 тысячаў, Гішпанія па гэтым паказьніку дзеліць трэцяе-чацьвёртае месца ў сьвеце з ЗША. Больш за 2500 чалавек паправіліся.

Сярод ахвяр каранавірусу — былы прэзыдэнт футбольнага клюбу «Рэал» (Мадрыд) Ларэнца Сайнс, які памёр у суботу. Яму было 76 гадоў.

13:19 22.3.2020

Мінздароўя: У многіх краінах карантын — псыхалягічная мера

Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімір Каранік у эфіры тэлеканалу «АНТ» распавёў пра меры, якія прымае Беларусь дзеля спыненьня распаўсюду каранавіруса. Па словах Уладзіміра Караніка, Мінздароўя «намагаецца не прагназаваць час пік распаўсюду вірусу».

«Пэрыядычна ўзьнікаюць панічныя чуткі, калі бачаць нашы загады па перапрафілізацыі ложкавага фонду, пачынаюць сумаваць ложкі, якія вылучаюцца, кажуць, што гэтых ложкаў недастаткова. Усяго ў краіне 70 тысяч ложкаў — у выпадку неабходнасьці іх можна разгарнуць яшчэ 30 тысяч. Але мы робім усё для таго, каб гэтыя ложкі не спатрэбіліся і каб мы засталіся на пляне „А“, на якім мы цяпер знаходзімся», — паведаміў Уладзімір Каранік.


Паводле яго ўвядзеньне карантыну ў многіх краінах «гэта псыхалягічная мера».
Па апошніх дадзеных у Беларусі зафіксавалі 76 выпадкаў каранавіруса. Паводле Міністэрства аховы здароўя, 15 пацыентаў выпісаныя, 61 пацыента знаходзіцца ў шпіталях на лячэньні, і частка зь іх ужо атрымалі адмоўныя тэсты і рыхтуюцца да выпіскі.

11:50 22.3.2020

У Італіі зачыняюцца ўсе прадпрыемствы апроч неабходных для жыцьця

Улады Італіі пашыраюць меры барацьбы з каранавірусам. Да 3 красавіка мусяць зачыніцца ўсе прадпрыемствы, дзейнасьць якіх не зьяўляецца жыцьцёва неабходнай. Адпаведнае распараджэньне даў прэм’ер краіны Джузэпэ Кондэ, паведамляе «Нямецкая хваля».
Пра чарговую меру ў барацьбе супраць пандэміі абвясьціў 21 сакавіка старшыня Савета міністраў Італіі Джузэпэ Кондэ. Супэрмаркеты, аптэкі, пошта і грамадзкі транспарт працягнуць працаваць.
Італія ўжо выйшла на першае месца ў сьвеце па колькасьці памерлых ад каранавірусу. Гэты вірус выявілі ў 53 тысяч чалавек, памерла — 4800 чалавек, 6000 чалавек выздаравелі.

З 10 сакавіка ў Італіі абмежавалі перасоўваньне людзей, школы і ўнівэрсытэты зачыненыя да 3 красавіка, адмененыя любыя дэманстрацыі. Абмежавальныя меры закранаюць каля 60 мільёнаў чалавек.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG