Сьледчы камітэт Беларусі да 18 сакавіка падоўжыў расьсьледаваньне па факце зьнікненьня Юрыя Захаранкі, паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Воўчак, які прадстаўляе інтарэсы сям’і былога міністра ўнутраных спраў.
«Аб выніках расьсьледаваньня вам будзе паведамлена дадаткова», — гаворыцца ў паведамленьні за подпісам начальніка аддзелу цэнтральнага апарату СК Юрыя Вараўкі.
Расьсьледаваньне было адноўлена пасьля таго, як 16 сьнежня мінулага году радыёстанцыя Deutsche Welle апублікавала інтэрвію з былым байцом спэцыяльнага атраду хуткага рэагаваньня Юрыем Гараўскім.
Ён прызнаўся ў датычнасьці да зьнікненьня і забойства Юрыя Захаранкі, а таксама экс-кіраўніка Цэнтарвыбаркаму Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага (7 траўня і 16 верасьня 1999 году адпаведна). Паводле колішняга спэцназаўца, усіх застрэліў камандзір падразьдзяленьня Дзьмітры Паўлічэнка. Сам Гараўскі папрасіў прыстанішча ў Швайцарыі.
Пасьля гэтай публікацыі Алег Воўчак заявіў, што выкладзеныя зьвесткі пацьвярджаюць высновы грамадзкай камісіі, а таксама не супярэчаць дакладу дэпутата ПАРЭ Хрыстаса Пургурыдэса, які займаўся расьсьледаваньнем зьнікненьняў: супадаюць дэталі, час, месца і г.д.
Адпаведна, новая інфармацыя павінна стаць падставай, каб аднавіць сьледзтва, спыненае ў сьнежні 2018-га.
Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію радыёстанцыі «Эхо Москвы» 24 сьнежня мінулага году назваў «правакацыяй» матэрыял Deutsche Welle, патлумачыўшы гэта тым, што апанэнтам запатрабаваўся гучны ўкід напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Палітычная кампанія павінна прайсьці сёлета да 31 жніўня.