Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьцеражыцеся каранавірусу. Што раяць беларусам, якія едуць у Кітай і на поўнач Італіі


Праверка тэмпэратуры на баўгарскай мяжы, ілюстрацыйнае фота
Праверка тэмпэратуры на баўгарскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

Праз распаўсюд каранавірусу COVID-19 міністэрства спорту і турызму Беларусі рэкамэндуе ўстрымацца ад паездак у Кітай і на поўнач Італіі. Але дае рэкамэндацыі і для тых, хто ўсё ж паедзе.

Міністэрства дае наступныя рэкамэндацыі для Кітаю (дзе зафіксавана 78,2 тысячы выпадкаў COVID з 81,2 тысячы па ўсім сьвеце), але яны будуць актуальнымі і для поўначы Італіі (агулам у краіне 357 выпадкаў), і для іншых краінаў з успышкамі каранавірусу, як Паўднёвая Карэя (1261 выпадак), Японія (172), Іран (139).

  • Турысты, якія набылі туры ў краіны з успышкамі COVID-19, маюць права зьвярнуцца да турыстычнай кампаніі з патрабаваньнем перанесьці паездку на пазьнейшыя даты ці ў іншыя краіны, каб не было пагрозы жыцьцю і здароўю, або нават разарваць дамову на агульных падставах.
  • Тым, хто ўсё ж паедзе ў краіны з успышкамі каранавірусу, раяць патрабаваць ад турыстычнай кампаніі інструктажу аб правілах бясьпекі і аб санітарна-эпідэміялягічнай абстаноўцы ў патэнцыйна небясьпечных месцах, а таксама прасіць кантакты дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў.
  • У краінах, дзе фіксавалі ўспышкі каранавірусу, раяць пазьбягаць рынкаў морапрадуктаў, жывёлаў і жывых птушак; фэрмаў; наогул пазьбягаць кантактаў з жывёламі і птушкамі.
  • Таксама ў такіх краінах раяць пазьбягаць цесных кантактаў зь людзьмі, якія маюць сымптомы вострых рэсьпіраторных інфэкцый.
  • У час паездак у такія краіны знаходзіцца ў пастаянным кантакце з прадстаўніком турыстычнай кампаніі і выконваць ягоныя інструкцыі ў непрадбачаных сытуацыях.
  • Пасьля паездак у такія краіны цягам 14 дзён мінімізаваць кантакты зь іншымі людзьмі, не наведваць масавыя мерапрыемствы і асабліва пільна сачыць за зьменамі ў стане здароўя.
  • У выпадку сымптомаў, якія нагадваюць інфэкцыйнае захворваньне (падвышаная тэмпэратура, кашаль, задышка і іншае) адразу зьвяртацца па мэдычную дапамогу (каб мінімізаваць кантакты з навакольнымі — выклікаць «хуткую»), абавязкова паведаміць мэдыкам пра паездку ў краіну з выпадкамі COVID-19.

«Белавія» тым часам адзначае, што, нягледзячы на каранавірус, ня мае ніякіх забаронаў на палёты ў Рым ці Мілян, таму квіткі будзе вяртаць паводле звычайных правілаў, адпаведна тарыфам.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG