Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запатрабаваў сьмяротную кару для аднаго з удзельнікаў забойства пэнсіянэраў пад Слуцкам


Пракурор запатрабаваў пакараць расстрэлам аднаго зь фігурантаў справы аб забойстве двух пэнсіянэраў пад Слуцкам, якіх спалілі жыўцом, і замаху на жыцьцё трэцяй пэнсіянэркі, паведамляе Tut.by.

Пракурор Вадзім Лолуа ў спрэчках падкрэсьліў, што абвінавачаныя знаходзіліся ў стане алькагольнага апʼяненьня і жаданьне здабыць грошы на выпіўку было адзіным матывам нападаў. Ён папрасіў асудзіць Віктара Скрундзіка на выключную меру пакараньня — расстрэл, Віталя Мяцежа — на 22 гады калёніі, Валянціна Бушніна — на 18 гадоў.

Што здарылася

  • 14 студзеня 2019 году ў вёсцы Сухоўчыцы пад Слуцкам быў забіты 79-гадовы Міхаіл Шугалей. Паводле сьледзтва, яго спачатку душылі матузком ад спартыўных штаноў, а потым падпалілі дом, спаліўшы старога жыўцом. З дому скралі 50 рублёў. У забойстве абвінавачваюць 29-гадовага Віктара Скрундзіка. 33-гадовага Валянціна Бушніна абвінавачваюць у падбухторваньні да забойства і ў тым, што не спыніў Cкрундзіка, калі той душыў пэнсіянэра і падпальваў яго дом.
  • 21 студзеня ў вёсцы Ўльянаўка Віктар Скрундзік разам з 25-гадовым Віталём Мяцежам, паводле сьледзтва, напалі на 94-гадовага Ўладзімера Гаркавага. Душылі провадам, рэменем і таксама спалілі жывым. З дома вынесьлі 280 рублёў і некалькі бутэлек алькаголю. Мяцеж віну ў забойстве не прызнае, кажа, што злачынства зьдзейсьніў Скрундзік.
  • 31 студзеня ў вёсцы Сухоўчыцы Скрундзік напаў на 85-гадовую Соф’ю Мацэль, зьбіў яе, пагражаў забіць і вымагаў грошы. Старая ўратавалася, бо таварыш Скрундзіка раптам зайшоў у дом і спыніў яго.

Падчас працэсу абвінавачаныя мянялі паказаньні, ніводзін не прызнаў сябе вінаватым цалкам.

Скрундзік і Бушнін раней ужо былі судзімыя — за крадзяжы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG