Лінкі ўнівэрсальнага доступу

71-гадоваму бабруйчаніну прысудзілі 6 гадоў узмоцненага рэжыму за наркотыкі. Першы прысуд цалкам анулявалі


Аляксандар Каваленка на судзе, архіўнае фота
Аляксандар Каваленка на судзе, архіўнае фота

Суд Глускага раёну прысудзіў 71-гадоваму жыхару Бабруйску Аляксандру Каваленку 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за незаконнае захоўваньне і збыцьцё асабліва небясьпечнага наркатычнага рэчыва мэтадону. Гэта ўжо другі прысуд Каваленку за наркотыкі. За першы яго цалкам рэабілітавалі.

Столькі напярэдадні, 20 лютага, і патрабаваў дзяржаўны абвінаваўца Аляксандар Дзьмітрыеў. Акрамя пазбаўленьня волі, ён прасіў суд аштрафаваць абвінавачанага штрафам у 810 рублёў і абавязаць яго вярнуць 440 рублёў, якія атрымаў падчас «праверачнага закупу» наркотыкаў.

Віны падсудны не прызнаў. Настойваў, што яму не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы ў поўным аб’ёме. Патрабаваў паказаць дакумэнты, як апэратыўнікі яго распрацоўвалі. На знак пратэсту адмаўляўся ўдзельнічаць у працэсе. На зачытванньне прысуду Каваленку прынесьлі на руках канваіры. З трох судовых пасяджэньняў абвінавачанага забірала хуткая дапамога з прычыны кепскага стану здароўя. Вырак судзьдзі Вольгі Галаўнёвай Каваленка будзе абскарджваць.

Пра справу супраць Каваленкі з таямнічымі сьведкамі

Спачатку Аляксандра Каваленку абвінавацілі ў збыце наркатычнага рэчыва (1 частка 328 артыкула Крымінальнага кодэксу). Пазьней абвінавачаньне перакваліфікавалі на 3-ю частку, зь цяжэйшым пакараньнем.

Як вынікае з матэрыялаў справы, падставай для крымінальнага перасьледу Аляксандра Каваленкі стаў праверачны закуп, які 5 красавіка 2019 году арганізаваў бабруйскі аддзел наркакантролю.

Затрымалі Аляксандра Каваленку праз паўгода пасьля праверачнай закупкі, 17 кастрычніка, каля ягонага дома. Паводле апэратыўнікаў, пры ім быў пачак цыгарэт, які ён спрабаваў выкінуць. У ім знаходзіўся скрутак, прамочаны мэтадонам, сьцьвярджае абвінавачаньне. Гэты эпізод з наркотыкам судзьдзя ў сваім выраку не згадала.

Падчас знаёмства суду з матэрыяламі справы высьветлілася, што ў распрацоўцы апэратыўнікаў удзельнічалі два чалавекі — Сяргей Лаўрэнцевіч і Сяргей Леанідавіч Бараненкавы. Супрацоўнікі ж наркакантролю даводзілі суду пра аднаго. Ніводзін з Бараненкаў, сьведак у справе, у суд не зьявіўся. Адзін зь іх праходзіў курс тэрапіі ад мэтадонавай залежнасьці ў Бабруйскім наркалягічным дыспансэры, дзе ўзяў накіраваньне на лячэньне ў менскіх Навінках.

Юрыстка: матэрыяламі справы, якія не паказваюць абвінавачанаму, лёгка маніпуляваць

Юрыстка Тамара Сяргей, якая прадстаўляе інтарэсы Аляксандра Каваленкі, кажа, што спраўдзіць паказаньні апэратыўнікаў, на якіх трымаецца абвінавачаньне, маглі б матэрыялы апэратыўнага ўліку, дзе фіксуецца распрацоўка падазраванага.

Тамара Сяргей
Тамара Сяргей

Суд жа хадайніцтва Каваленкі пра азнаямленьне зь імі не задаволіў. Вольга Галаўнёва заявіла, што такіх дакумэнтаў у судзе Глускага раёну няма, бо яны «нелегалізаваныя».

Тамара Сяргей кажа, што апэратыўнікі, калі распрацоўвалі Каваленку, заблыталіся, таму ў справе фігуруюць два Бараненкі. Адзін, наркаман, нібыта заявіў на падазраванага, а хадзіў на закупачную закупку другі, які наркатычнай залежнасьці ня меў.

«Гэтым лёгка маніпуляваць, — даводзіць юрыстка, — паколькі матэрыялы апэратыўнага ўліку ніхто ня бачыў. І ў гэтым трагедыя. Пра такія нюансы ведаем мы і абнародуем іх, а колькі тысяч людзей пайшлі ў зону, ня ведаючы ўсіх абставінаў сваіх справаў».

Паводле Тамары Сяргей, матэрыялы апэратыўнага ўліку захоўваюцца ў структурах Міністэрства ўнутраных спраў, якое вызначае, ці варта суду такія матэрыялы прадастаўляць.

Юрыстка нагадала, што ў 2007 годзе Аляксандра Каваленку асудзілі былі на 9 гадоў за незаконнае абарачэньне наркатычных рэчываў, але праз 3 гады і 2 месяцы вызвалілі, рэабілітаваўшы і выплаціўшы кампэнсацыю маральнай шкоды за беспадстаўна адбыты ў няволі час. Вярхоўны суд тады ўгледзеў у матэрыялах справы якраз «парушэньні падчас распрацоўкі апэратыўнікамі падазраванага».

Валянціна Каваленка: мужу помсьцяць за абарону сына

Аляксандар Каваленка і ягоная жонка Валянціна — актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры». Яна аб’ядноўвае людзей, якія лічаць, што сталі ахвярамі несправядлівых прысудаў.

Валянціна Каваленка
Валянціна Каваленка

Каваленкі далучыліся да ініцыятывы, бо ня вераць у вінаватасьць сына Ігара, асуджанага ў 2005 годзе за забойства пэнсіянэра. Ігар адбывае 17-гадовае пакараньне ў папраўчай калёніі № 22 у Івацэвіцкім раёне.

Каваленкі працяглы час намагаюцца данесьці да праваахоўных органаў, што сына асудзілі беспадстаўна. Яны неаднойчы ўдзельнічалі ў пікетах пратэсту ў Менску, за што атрымлівалі штрафы.

Аляксандар Каваленка на пікеце ў Менску, 2016 год
Аляксандар Каваленка на пікеце ў Менску, 2016 год

Валянціна Каваленка зьвязвае ранейшы і цяперашні крымінальны перасьлед мужа з «упартасьцю ў абароне сына».

Абвінавачаны: я стаў ахвярай правакацыі супрацоўнікаў наркакантролю

У апошнім слове Аляксандар Каваленка заявіў, што стаў ахвярай правакацыі супрацоўнікаў наркакантролю і, пакуль ня будуць абнародаваныя матэрыялы апэратыўнага ўліку, праўды не дазнацца.

Мужчыну чатыры месяцы ўтрымліваюць у Бабруйскім сьледчым ізалятары № 5. Хадайніцтвы аб зьмене меры стрыманьня ў сувязі з станам здароўя не задавальняюцца. Ён перанёс два інфаркты міякарду і мае артэрыяльны нестабільны ціск.

Два месяцы абвінавачаны ня меў адваката, бо на ягоныя паслугі не было сродкаў. Прызначаным дзяржавай застаўся незадаволены. Ён заяўляў хадайніцтвы, што не давярае сваёй адвакаткай, бо яна не выконвае належным чынам сваіх абавязкаў у ягонай абароне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG