Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — ня толькі бульба і Лукашэнка. «Настоящее время» запускае цыкль «Невядомая Беларусь»


Камароўскі рынак. Ілюстрацыйнае фота

16 лютага на тэлеканале «Настоящее время» адбудзецца паказ першага фільму цыклю «Невядомая Беларусь». Гэта сэрыя дакумэнтальных фільмаў, дзякуючы якім Беларусь перастане быць «белай плямай» ці наборам стэрэатыпаў, кажа праграмны дырэктар «Настоящего времени» Кенан Аліеў.


Пра што і для каго «Невядомая Беларусь»

«Мы раскажам пра цікавых людзей, незвычайныя месцы, незвычайныя зьявы, якія робяць Беларусь унікальнай менавіта ў гэты момант гісторыі. Што ведаюць пра Беларусь тыя, хто не жыве ў гэтай краіне? Напэўна, яны дзесьці чулі, што Беларусь — апошняя дыктатура Эўропы, што там у гарадах чыста, а людзі вельмі любяць бульбу. Што могуць расказаць пра Беларусь тыя, хто жыве ў гэтай краіне? Пра дранікі, айцішнікаў, Лукашэнку і беларускую гасьціннасьць.

Кенан Аліеў
Кенан Аліеў

Уяўленьне пра Беларусь і ў тых, хто жыве па-за гэтай краінай, і ў тых, хто жыве ў ёй, часта будуюцца на распаўсюджаных стэрэатыпах. Уплыў Расеі і савецкага мінулага, на першы погляд, пазбаўляе вобраз Беларусі ўнікальнасьці. Шмат у чым гэтая праблема ляжыць у недастатковай рэпрэзэнтацыі беларускай рэальнасьці ў прасторы мастацтва і сучасных СМІ», — кажа Кенан Аліеў.

Як адзначае праграмны дырэктар «Настоящего времени», «Беларусь апошнім часам апынулася ў цэнтры ўвагі ня толькі рэгіёну, але і ўсяго сьвету. „Невядомая Беларусь“ — гэта праект пра людзей, гісторыю, культуру, сацыяльныя і палітычныя аспэкты жыцьця Беларусі. Беларусь — гэта ня толькі Лукашэнка, гэта 10-мільённы народ, пра які, на жаль, мала ведаюць у сьвеце. І калі ведаюць, то ёсьць нейкія клішэ, што гэта апошняя дыктатура Эўропы, што гэта савок. А наша задача — паказаць рэальнасьць усяму сьвету, асабліва расейскамоўнай аўдыторыі ў іншых краінах.

«Невядомая Беларусь». Камароўка
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:23:58 0:00

Першы выпуск прысьвечаны Камароўцы. Я сам з Азэрбайджану, для нас першая асацыяцыя з краінай — рынак. Калі хочаш зразумець, што адбываецца ў краіне, ідзі на рынак. Мы пакажам розную Беларусь. Для многіх яна дагэтуль застаецца закрытай і загадкавай. Нашая задача — адкрыць сьвету Беларусь і адкрыць сьвет для Беларусі».

Як распавёў Кенан Аліеў, спачатку 24-хвіліннае кіно цыклю «Невядомая Беларусь» будзе выходзіць раз на месяц, неўзабаве — двойчы на месяц. Сярод тэмаў цыклю — разьмеркаваньне студэнтаў, хатні гвалт, сытуацыя ў войску, статус беларускай мовы, культурныя традыцыі, замежнікі ў Беларусі.

Хто робіць цыкль «Невядомая Беларусь»

  • Любоў Зямцова. Рэжысэрка дакумэнтальнага кіно зь Беларусі. Скончыла Waida School Doc Pro (Варшава). Фільмы Зямцовай былі ўдзельнікамі такіх фэстываляў, як Astra Film Festival, Артдоксфест, Watch Docs Belarus ды іншых.
  • Юлія Шатун. Рэжысёрка, сцэнарыстка, прадусарка ігравога і дакумэнтальнага кіно. Фільмы Юлі былі ўдзельнікамі і ляўрэатамі міжнародных кінафэстываляў, такіх як FID Marseille, Jihlava IDFF, Cottbus FF, Артодокфест, Лістапад.
  • Уладзімер Міхайлоўскі. Прадусар дакумэнтальнага кіно. Жыве і працуе ў Менску. Удзельнічае ў стварэньні двух незалежных дакумэнтальных фільмаў з Беларусі. Інжынэр-эканаміст паводле адукацыі.

Настоящее время — расейскамоўны тэлеканал, створаны Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода пры ўдзеле «Голасу Амэрыкі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG