Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 фактаў пра ўцекачоў у Беларусь і зь Беларусі


Праверка дакумэнтаў на беларускай мяжы

20 чэрвеня адзначаецца Ўсясьветны дзень уцекачоў. Свабода сабрала зьвесткі пра замежнікаў, якія просяць прытулку ў Беларусі, і беларусаў, якія зьвяртаюцца з такой просьбай у Эўразьвяз.

Колькасьць мігрантаў, якія зьвяртаюцца па абарону ў Беларусь, расьце

Як паведамілі ў МУС Беларусі, у 2018 годзе з хадайніцтвамі аб наданьні абароны ў міграцыйныя органы краіны зьвярнуліся 895 замежнікаў. У 2019-м (на 1 чэрвеня) — 331 чалавек.

Колькасьць вымушаных мігрантаў у Беларусі пачала павялічвацца з 2014 году пасьля анэксіі Крыму і пачатку вайны на Данбасе, а таксама збройных канфліктаў у некаторых кранах Азіі і Афрыкі.

«Да 2014 году з хадайніцтвамі аб наданьні абароны штогод зьвярталася да 200 чалавек. Тады найбольшая колькасьць зваротаў прымалася ад грамадзян Аўганістану — да 70%. У 2014 годзе з такімі хадайніцтвамі да нас зьвярнулася 868 замежнікаў, а ў 2015 годзе іх было ўжо 1246, у 2016-м — 788, у 2017-м — 752, у 2018 годзе — 895», — паведаміў начальнік Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.

92% тых, хто зьвярнуўся ў 2018–19 гадах, — грамадзяне Ўкраіны

За пэрыяд ад 2014 да 2018 году па атрыманьне статусу ўцекача альбо па дадатковую абарону зьвярнуліся 3318 украінскіх грамадзянаў, зь якіх дадатковую абарону атрымалі 2690 чалавек. За ўвесь час толькі чацьвёра грамадзян Украіны атрымалі афіцыйны статус уцекача. Сярод іх — міністар абароны, экс-амбасадар Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежаль.

Жыхары Данецкай і Луганскай абласьцей фігуруюць у статыстыцы пераважна як працоўныя мігранты.

92% тых, хто зьвярнуўся за 2018–19 гады, — грамадзяне Ўкраіны. Апрача ўкраінцаў, сёлета з хадайніцтвамі аб абароне зьвярталіся грамадзяне Сырыі, Аўганістану, Емэна, Расеі, Армэніі, Палестыны.

У Беларусі абарону атрымліваюць 85% замежных уцекачоў

Аляксей Бягун адзначыў, што доля замежнікаў, якія атрымалі абарону на тэрыторыі Беларусі, складае больш за 85% ад агульнай колькасьці тых, хто зьвярнуўся.

«Высокі працэнт станоўчых рашэньняў зьвязаны з тым, што большасьць мігрантаў прыяжджаюць з краін, ахопленых збройнымі канфліктамі», — растлумачыў начальнік дэпартамэнту МУС.

З 1997 году ў Беларусь зьвярнуліся 9 тысяч замежных уцекачоў

Усяго за пэрыяд дзеяньня ў Беларусі закону аб вымушанай міграцыі, пачынаючы з 1997 году, з хадайніцтвамі аб абароне ў міграцыйныя органы краіны зьвярнулася каля 9 тысяч замежных грамадзянаў з 60 краінаў сьвету.

У краінах Эўразьвязу каля 2 тысяч уцекачоў зь Беларусі

Дакладнай лічбы, колькі ўцекачоў зь Беларусі знаходзяцца цяпер у краінах Эўразьвязу і колькі штогод заяўляюць хадайніцтвы аб абароне, няма.

Паводле прадстаўніка Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў у Беларусі Жана-Іва Бушардзі, тры гады таму гэтая лічба складала прыблізна 2 тысячы чалавек.

«На жаль, дакладнай колькасьці на сёньняшні дзень я ня ведаю. Аднак 2–3 гады таму ва ўсіх краінах сьвету налічвалася каля 2 тысяч уцекачоў зь Беларусі», — сказаў Свабодзе Жан-Іў Бушардзі.

Пік зваротаў беларусаў-уцекачоў быў пасьля Плошчы-2010

Паводле дасьледаваньня, праведзенага Bel.biz у 2016 годзе, пік зваротаў беларусаў з просьбай аб палітычным прытулку ў краінах Эўразьвязу прыпаў на 2011–2012 гады — пасьля разгону Плошчы 19 сьнежня 2010 году і істотнага пагаршэньня эканамічнай сытуацыі ў краіне. Тады беларускія ўцекачы падавалі 1500 прашэньняў у год.

У Эўразьвязе статус уцекача атрымліваюць 15% беларускіх просьбітаў

У 2011 годзе палітычны прытулак у краінах Эўразьвязу атрымалі 125 беларусаў, у 2012 годзе — 135, у 2013-м — 175. Потым лічбы пайшлі на спад.

Толькі ў 15% выпадкаў першыя інстанцыі, якія разглядалі запыты ад беларусаў на наданьне палітычнага прытулку, прымалі станоўчае рашэньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG