Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ў сьвеце настальгуе па землях суседзяў?


Расейскія вайскоўцы ў Крыме, 5 сакавіка 2014

«Ці ёсьць часткі суседніх краінаў, якія насамрэч належаць вашай краіне?» — такое вострае пытаньне задалі дасьледчыкі міжнароднага сацыялягічнага цэнтру Pew Research рэспандэнтам з 19 краінаў — жыхарам 15 краінаў – чальцоў NATO, а таксама грамадзянам Расеі, Украіны і Швэцыі.

Апытаньне праводзілася з траўня па жнівень 2019 году, апыталі 21029 рэспандэнтаў.

Вынікі апытаньня прыводзяцца ў наступнай табліцы.

Трэба ўдакладніць, што азначаюць адказы на гэтае пытаньне. Калі ладная частка рэспандэнтаў у нейкай краіне адказвала, што частка тэрыторыяў суседзяў па справядлівасьці належыць іхнай краіне (лічбы на зялёным фоне), гэта не азначае, што яны рэальна хочуць «вяртаньня» гэтых земляў.

Гістарычны досьвед падказвае, што ў пераважнай колькасьці выпадкаў межы мяняліся адным спосабам — вайной. Вайны хочуць нямногія, нават вайны за землі, якія лічаць сваімі.

Таму дадзеныя апытаньня Pew — гэта хутчэй вымярэньне пачуцьця несправядлівасьці цяперашняга тэрытарыяльнага падзелу сьвету. Людзі могуць мірыцца з тым, што яны лічаць у гэтым пытаньні несправядлівасьцю; могуць лічыць, што гэтая несправядлівасьць лепшая, чым вайна; могуць усьведамляць, што міжнародны парадак будзе супрацьдзейнічаць спробе іх краіны перагледзець межы на сваю карысьць.

Гэтая згода і гэтыя асьцярогі і стрымліваюць тэрытарыяльны перападзел сьвету і Эўропы.

Аднак пачуцьцё несправядлівасьці межаў, як паказала апытаньне, шмат у якіх краінах даволі моцнае. Яно не ўвасабляецца ў вайну, але яно ўвасабляецца ў фрустрацыі, у абвостраную «гістарычную палітыку». Паводле апытаньня рэкардсмэнам гэтай настальгіі па страчаных земляў зьяўляецца Вугоршчына. Гісторыкі гавораць пра «траўму Трыянону». У 1920 годзе быў падпісаны Трыянонскі мір, паводле якога незалежная Вугоршчына страціла велізарную частку земляў, якія ўваходзілі ў Вугорскае каралеўства ў складзе Аўстра-Вугоршчыны. Сёлета ў Будапэшце ўрачыста адкрыюць велізарны «мэмарыял Трыянону».

Вяртаць тыя землі вугорцы не зьбіраюцца, але гістарычная памяць у іх баліць.

У практычным пляне ў ХХІ стагодзьдзі рэалізавала гэтыя свае пачуцьці толькі Расея, анэксаваўшы Крым і ўзяўшы пад фактычны кантроль Данбас. Дарэчы, у апытаньні Pew доля расейцаў, якія сказалі пра наяўнасьць расейскіх земляў за межамі РФ, аказалася высокай, аднак ня самай высокай сярод краінаў, дзе праводзілася дасьледаваньне.

Зьвяртае на сябе ўвагу той чыньнік, што ў ахвяры расейскай анэксіі — Украіне — узровень «рэваншысцкіх» настрояў выявіўся таксама ня надта нізкім. Прыкладна такім жа ён быў і ў Польшчы.

Якія менавіта землі апытаныя расейцы, украінцы і палякі лічылі страчанымі, у апытаньні не ўдакладнялася. Але наконт палякаў можна меркаваць, што маецца на ўвазе Вільня, Горадня, Львоў.

У выніку то зьяўляецца ідэя (потым адкінутая) зрабіць вадзяныя знакі на пашпартах з выявамі Вільні і Львова, то бегае па Польшчы электрычка з мапай Другой Рэчы Паспалітай. Што ёсьць ускоснай праявай таго пачуцьця, якое апытаньне і зафіксавала.

Прагі вярнуць няма, пачуцьцё гістарычнай несправядлівасьці ёсьць.

І ў літоўцаў таксама ёсьць. Праўда, у меншай ступені, чым у расейцаў, палякаў і ўкраінцаў.

У што могуць увасобіцца гэтыя пачуцьці практычна? Могуць, напрыклад, у сымпатыі, у галасаваньне за нацыяналістычныя палітычныя сілы. Гэтыя сілы нават неабавязкова будуць абяцаць рэванш. Але іх рыторыка, іх палітычная філязофія, можа знайсьці прыдатны грунт у гэтых пачуцьцях гістарычнай несправядлівасьці.

Прычынаў таго, што ў сучаснай Вугоршчыне многія назіраюць аўтарытарныя тэндэнцыі, напэўна, шмат. Але ня выключана, што адна з гэтых прычынаў - вельмі вострае, самае вострае ў Эўропе, пачуцьцё гістарычнай несправядлівасьці.

Ну а ў горшым выпадку гэтая настальгія можа мець і зьнешнепалітычныя наступствы, яна можа ўвасобіцца ў палітычны ціск на суседа, землі якога грамадзкая думка лічыць сваімі, а тое і ў сілавую апэрацыю, як гэта было ў Крыме ў 2014 годзе.

Аповесьць Васіля Быкава «Знак бяды» сканчаецца словамі «А бомба на ўзроўку чакала свае пары».

Адказы на пытаньне Pew пра чужыя-свае землі — паказьнік таго, што шмат у якіх краінах сьвету, у тым ліку і сярод суседзяў Беларусі, адпаведная «бомба» ёсьць. А бомбы, нават старыя, ня любяць неасьцярожных рухаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG