Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палякі патлумачылі, чаму намалявалі на цягніку мапу зь беларускімі гарадамі ў складзе Польшчы


У сераду некаторыя беларускія СМІ паведамілі, што па Польшчы езьдзяць электрычкі з мапай часткі тэрыторыі Беларусі. Свабода скантактавалася з уладамі Падкарпацкага ваяводзтва на паўднёвым усходзе Польшчы. Гэта была іхная ініцыятыва.

Аказваецца, на рэйкі цягнік выехаў яшчэ летась — 27 верасьня 2018 году. Але СМІ заўважылі яго толькі цяпер, дзякуючы допісу ў Фэйсбуку ўкраінскага ілюстратара Сашы Камʼяхава.

У сацыяльных сетках разгарэліся дыскусіі. Палякаў абвінавацілі ў спробе перагляду межаў, імпэрскасьці і нават расізьме. Пра цягнік з гістарычнай мапай паведамілі СМІ Беларусі, Украіны і нават прапуцінскія сэрвісы ў Расеі, у тым ліку найбуйнейшае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва РИА Новости.

Як даведалася Свабода, ініцыятыва аформіць так адзін з вагонаў належыць уладам Падкарпацьця. Пра гэта нам сказалі ў прэс-службе ўправы Падкарпацкага ваяводзтва. Рашэньне аформіць такім чынам электрычку было прынятае яшчэ ў ліпені 2018 году.

Такім чынам улады рэгіёну хацелі ўшанаваць 100-годзьдзе аднаўленьня польскай незалежнасьці.

«Мапа прадстаўляе рэальныя межы ІІ Рэчы Паспалітай і зьяўляецца толькі элемэнтам вялікай графікі, прысьвечанай адзначэньню 100-годзьдзя аднаўленьня польскай незалежнасьці», — сказаў Свабодзе прэс-сакратар ваяводзкага ўпраўленьня Томаш Лейка.

Ён дадаў, што галоўны элемэнт выявы — белы арол у кароне, а таксама выявы жаўнераў, бітваў і партрэт Юзафа Пілсудскага, усё ў бела-чырвоных колерах польскага сьцяга.

Мапа Польшчы, у склад якой паміж І і ІІ усясьветнымі войнамі, да 1939 году, уваходзілі заходнія часткі Беларусі і Ўкраіны, была нанесеная на адзін вагон.

«Мапа Польшчы — гэта згадка пра першыя, гістарычныя межы адроджанай польскай дзяржавы. Гэта неадʼемны элемэнт графічных дэкарацый з нагоды 100-годзьдзя незалежнасьці па ўсёй краіне. Таму нас цяжка абвінаваціць у падрыве цэласнасьці межаў Беларусі і Ўкраіны, а таксама ў распальваньні рэваншысцкіх настрояў», — сказаў прэс-сакратар управы Падкарпацкага ваяводзтва Томаш Лейка.

Да крытыкаў мапы далучыліся і некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі ў Польшчы. Яны абураныя тым, што па краіне езьдзіць цягнік з мапай бяз Шчэціна і Ўроцлава на захадзе краіны. Гэтыя гарады да канца ІІ усясьветнай вайны належалі Нямеччыне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG