Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя Зяленскага падасьць у суд на журналістаў Радыё Свабода, якія паведамілі пра яго сустрэчу з Патрушавым


Мікалай Патрушаў (зьлева) і Ўладзімір Пуцін

Офіс прэзыдэнта Ўкраіны падае ў суд на праграму «Схемы» — сумесны праект ўкраінскай службы Радыё Свабода і ўкраінскага тэлеканалу «UA: Першы» — з патрабаваньнем абвергнуць інфармацыю пра сустрэчу Ўладзіміра Зяленскага з кіраўніком Рады бясьпекі Расеі Мікалаем Патрушавым ў Амане.

У расьсьледаваньні «Схем» сьцьвярджаецца, што Патрушаў прыляцеў у Аман з Масквы ў ноч на 8 студзеня сёлета самалётам Bombardier Global Express 6000 з бартавым нумарам 9H-VJN. А ўвечары 8 студзеня на тым жа самалёце Зяленскі вярнуўся ў Кіеў. Гаворка ня йдзе пра асабісты самалёт Патрушава, але пра чартэрны самалёт, які можа быць зафрахтаваны любой асобай.

Інфармацыю пра тое, што на борце рэйсу ў Аман быў Патрушаў, «Схемы» даюць са сваіх крыніц, у тым ліку, як сьцьвярджаецца ў праграме, знаёмых з базай дадзеных аб перасячэньні расейскай мяжы. Тое, што на борце таго ж самалёта з Аману ў Кіеў быў Зяленскі, афіцыйна не пацьверджана.

У адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта заявілі, што інфармацыя ў сюжэце праграмы пра гэтую сустрэчу «цалкам не адпавядае рэчаіснасьці», «прэзыдэнт Украіны ніколі ў жыцьці не сустракаўся (асабіста або ў рамках міжнародных мерапрыемстваў), не размаўляў і ня меў зносін іншым спосабам з Мікалаем Патрушавым».

Расьсьледаваньне праграмы «Схемы» украінскія ўлады разглядаюць як «здагадкі і зьвесткі зь нейкіх таемных крыніц» і маніпуляцыю грамадзкай думкай і просяць даць абвяржэньне.

Раней прэсавы сакратар Зяленскага Юлія Мендзель напісала ў Фэйсбуку, што «складана абвергнуць, што хтосьці з чыноўнікаў РФ лётае ў Аман», але катэгарычна адпрэчыла, што прэзыдэнт Украіны сустракаўся ў гэтай краіне з Патрушавым. «Яны сапраўды ніколі не сустракаліся і не размаўлялі», — напісала Мендзель.

Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак раней назваў расьсьледаваньне «Схем» «хлусьнёй ад пачатку да канца».

Прэсаы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў сказаў, што паведамленьні пра сустрэчу Патрушава і Зяленскага — «брахня» і «клясычны прыклад фэйк-ньюс».

«Па-расейску гэта называецца хлусьнёй, а па-ангельску гэта завецца фэйк-ньюс. Гэта абсалютна клясычны прыклад фэйк-ньюс», — сказаў Пяскоў.

  • «Схемы» таксама сьцьвярджаюць, што сакратар Рады бясьпекі Расеі ў сьнежні сустракаўся ў Маскве з мэрам Харкава Генадзем Кернесам і Робертам Тедзеевым, сваяком былога дэпутата ад Партыі рэгіёнаў Эльбруса Тедзеева, памочнікам якога некалі быў нядаўна прызначаны кіраўніком Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак.
  • Мікалай Патрушаў лічыцца адным з найбольш блізкіх да Ўладзіміра Пуціна расейскіх чыноўнікаў. Ён неаднаразова выступаў з жорсткімі заявамі адносна Ўкраіны.
  • У студзені 2019 году ён заяўляў, што Ўкраіна можа «страціць дзяржаўнасьць», калі працягне цяперашнюю палітыку, а ў сакавіку 2019-га выказваў меркаваньне, што «Ўкраіна кіруецца звонку, а менавіта — з Вашынгтону».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG