Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Беларусі зьнік спадарожнікавы сыгнал шэрагу ўкраінскіх тэлеканалаў


Фота ©Shutterstock

З 28 студзеня ў беларускіх тэлегледачоў зьнік спадарожнікавы сыгнал шэрагу ўкраінскіх тэлеканалаў. Што адбылося ў беларуска-ўкраінскім тэлеэфіры і чаму — разьбіралася Свабода.

«Глядзелі па звычцы»

Звычка глядзець украінскае тэлебачаньне ў жыхароў паўднёвых беларускіх раёнаў — яшчэ ад часоў аналягавага тэлебачаньня. Антэны лавілі сыгнал тэлеканалаў суседняй краіны дзякуючы геаграфічнай блізкасьці — ён сягае за Дняпро, які разьдзяляе Беларусь і Ўкраіну. Але найбольшы выбар быў у тых беларусаў, хто меў спадарожнікавую антэну.

«Мы па спадарожнікавай талерцы глядзелі 6–7 украінскіх каналаў. Быў „Інтэр“, „Украіна“, „1+1“, „112“ і іншыя, — расказала Свабодзе пэнсіянэрка Валянціна, якая жыве ў Лоеве Гомельскай вобласьці. — Сёлета перад 28 студзеня на каналах зьявілася папярэджаньне, што спадарожнікавы сыгнал будзе закадаваны. Толькі тэлеканал „112“ даваў папярэджаньне, што ўсё застанецца як ёсьць».

Праз звычайную антэну і цяпер жыхары Лоева могуць глядзець украінскія каналы. Найперш гэта 1+1, СТБ, ICTV, «Новы канал», K1, K2, TET, Х-спорт, ZIK, M1, 2+2 — каналы, найбольш папулярныя і сярод украінскіх гледачоў.

Валянціна любіць глядзець ток-шоў, такія, як «Стосується кожного» (канал «Інтер»), ці «вясёлыя перадачы» кшталту «Міняю жінку» на канале «1+1»:

«Надта люблю, як сьпяваюць украінцы. Нашы так ня ўмеюць сьпяваць! У нас такіх няма перадач. Ахвотна глядзела шоў «Голос країни» і перадачы, дзе выступаюць дзеці, напрыклад, «Круче всех» на „Інтэры“», — кажа жыхарка Лоева.

Яе муж больш глядзеў палітычныя ток-шоў.

«Ён ведае ўсіх украінскіх палітыкаў, усю Вярхоўную Раду па прозьвішчах. Нашых, беларускіх, дык нікога ня ведае. У іх, украінцаў, весялейшыя перадачы, таму і глядзелі», — дадае пэнсіянэрка.

Чаму трансьляцыю вырашылі абмежаваць

Якраз рэаліці-шоў, якія найбольш прыцягвалі беларускіх гледачоў, сталі прычынай таго, што ўкраінскія мэдыяхолдынгі абмежавалі трансьляцыю сваіх тэлеканалаў за межамі Ўкраіны. Большасьць зь іх ствараюцца паводле ліцэнзій, якія каналы набывалі ў амэрыканскіх, брытанскіх ці галяндзкіх калегаў.

Напрыклад, «Голос країни» (1+1) — адаптацыя арыгінальнага фармату The Voice of Holland, які ўпершыню зьявіўся ў эфіры галяндзкага ТБ на канале RTL у 2010 годзе.

«Україна має талант» (СТБ) — аналяг амэрыканскага тэлешоў Саймана Коўэла America’s Got Talent.

Рэаліці-шоў «4 весілля» (1+1) ствараецца паводле брытанскага фармату Four Weddings, і г.д.

«Кадуюцца камэрцыйныя каналы, якія паказваюць праграмы, што маюць пэўныя ліцэнзійныя ўмовы, у якіх вызначаецца іх тэрыторыя вяшчаньня. Калі спадарожнікавую праграму бачыць больш за палову Эўропы — гэта парушэньне аўтарскіх правоў. Так не павінна быць сёньня, і гэта трэба зьмяніць — цывілізавана і прагрэсіўна», — тлумачыў неабходнасьць абмежаваць спадарожнікавае вяшчаньне генэральны дырэктар 1+1 media Яраслаў Пахальчук.

Яшчэ адным матывам для кадаваньня сыгналу сталі інвэстыцыйныя страты ад пірацкага распаўсюду сыгналаў тэлеканалаў. Паводле дадзеных, якімі апэруюць мэдыяхолдынгі, аўдыторыя «падпісчыкаў» такіх нелегальных апэратараў даволі вялікая — ад 500 да 800 тысяч хатніх гаспадарак.

Першым праблему неабходнасьці кадаваць спадарожнікавы сыгнал узьняў менавіта «1+1 media» (ён належыць украінскаму алігарху Ігару Каламойскаму), які найбольш укладаў у стварэньне ліцэнзійных рэаліці-шоў.

Бізнэс — за, дзяржава — супраць

Пераход на кадаваньне спадарожнікавага сыгналу тэлеканалаў яшчэ ў 2016 годзе ініцыявалі найбуйнейшыя мэдыяхолдынгі Ўкраіны:

  • StarLightMedia (у яго ўваходзяць тэлеканалы СТБ, ICTV, Новий канал, М1, М2, Оце),
  • 1+1 media (1+1, 2+2, ТЕТ, Плюс Плюс, УНІАН ТБ, Бігуді),
  • Inter Media Group (Інтер, НТН, К1, К2, Мега, Піксель, Zoom, Enter-фільм),
  • «Медіа група Україна» (Україна, НЛО TV, Індиго TV).

Пасьля перамоў усярэдзіне тэлеіндустрыі яны выйшлі з адпаведнымі прапановамі ў Нацыянальную раду ў пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня — гэта дзяржаўны орган, які рэгулюе мэдыйны рынак празь ліцэнзаваньне. Паводле заканадаўства ўсе тэлеканалы павінны былі атрымаць ліцэнзію на кадаваньне свайго спадарожнікавага сыгналу.

Усе гэтыя гады дыскусія была няпростая. Напачатку панавала думка, што кадаваньне прыносіць больш турботаў, чым даходаў.

Не падтрымлівала гэтую ідэю і Нацрада ў пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня. Паводле яе, любая зьмена тэхналёгіі суправаджаецца стратамі гледачоў, а гэта лічылася вельмі небясьпечным, асабліва ва ўмовах расейскай агрэсіі.

Урэшце ўсе бакі дамовіліся — Нацрада пачала выдаваць адпаведныя ліцэнзіі, але дата ўвядзеньня кадаваньня адкладалася некалькі разоў з восені 2018 году, і толькі цяпер гэтую ідэю рэалізавалі.

Тыя, хто хоча заставацца на спадарожніку са сваімі ўлюбёнымі каналамі, вымушаныя будуць плаціць — кошт «талеркі» і дадаткова ад 39 да 50 грыўняў (ня больш за два даляры ў эквіваленце) або кошт дадатковай прыстаўкі. Для кліентаў кабэльных апэратараў нічога ня зьменіцца.

Некадаваны сыгнал застанецца. Часткова

У той жа час шмат якія каналы цяпер разглядаюць магчымасьць стварэньня міжнародных фарматаў свайго вяшчаньня, каб інфармацыйна прысутнічаць па-за межамі Ўкраіны. У прыватнасьці, незакадаваныя спадарожнікавыя сыгналы маюць «1+1 International» ды «Інтер+», якія трансьлююцца таксама і ў Беларусі.

На інфармацыйныя каналы кадаваньне не распаўсюджваецца.

Сябра Нацрады ў пытаньнях тэлебачаньня і радыёвяшчаньня Сяргей Кастынскі дагэтуль лічыць заўчасным тэхналягічнае абмежаваньне трансьляцыі ўкраінскіх каналаў. Паводле яго, такім чынам усе часова акупаваныя тэрыторыі Ўкраіны (Крым і частка Данбасу) засталіся ўвогуле без «украінскага слова».

Сяргей Кастынскі мяркуе, што прысутнасьць на спадарожніку толькі інфармацыйных каналаў, частка якіх, на ягоную думку, пашыраюць «прарасейскія» пазыцыі, прывядзе толькі да росту аўдыторыі расейскіх ды прарасейскіх СМІ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG