Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль Лукашэнка атрымлівае інфармацыю пра Расею? Яго прэсавая сакратарка адказала Свабодзе


Натальля Эйсмант

20 сьнежня Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з Ўладзімерам Пуціным у Санкт-Пецярбургу. А як і якая публічная інфармацыя з Расеі паступае кіраўніку Беларусі? З пытаньнямі пра гэта напярэдадні чарговай сустрэчы кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў мы зьвярнуліся да прэсавай сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант.

Спадарыня Эйсмант адказала на нашыя пытаньні пісьмова. Падаем яе адказы без скаротаў і зьменаў у зьмесьце ці правапісе.

— Падчас саміту ў Сочы прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сказаў, што паглядзеў, што пішуць напярэдадні яго сустрэчы з прэзыдэнтам РФ расейскія тэлеграм-каналы і СМІ. Ён глядзіць дайджэсты, якія для яго робіць Вашая служба, ці да таго ж ён і сам глядзіць расейскія СМІ і сацсеткі?

— Упэўнена, што гэта ніякі не сакрэт, і Вы таксама ведаеце аб гэтым цудоўна — Прэзідэнт шмат увагі надае сродкам масавай інфармацыі. А як жа без гэтага на мяжы 2019/2020 гадоў?..
Напэўна, не памылюся, калі скажу, што адной з найважнейшых крыніц паступлення інфармацыі для кіраўніка дзяржавы з’яўляецца тэлебачанне. Газеты кожную раніцу Прэзідэнт таксама праглядае. Ну а аб тым, што пішуць і аб чым разважаюць у інтэрнэце, на самай справе, у першую чаргу Аляксандр Рыгоравіч даведваецца з дакумента, які кожную раніцу рыхтуе прэс-служба.

— Ці глядзіць ён расейскія тэлеканалы? Колькі часу ў дзень?

— Цяпер па парадку. Што датычыцца тэлебачання, наўрад ці можна падлічыць, колькі часу праглядае Прэзідэнт той ці іншы канал. Усё залежыць ад кантэнту. Сваё, беларускае тэлебачанне, Прэзідэнт глядзіць шмат, гэта зразумела. Шмат крытыкуе, робіць заўваг, канешне, не часта, але можна пачуць і пахвалу. І для нас гэта вельмі добра, бо прэзідэнцкая заўвага — вялікая сіла і матывацыя рабіць лепш. Расійскія тэлеканалы, наколькі я ведаю, Прэзідэнт глядзіць розныя... рознай, скажам так, накіраванасці. Гэта і Расія-24, і РБК, і Дождж. Калі гаварыць аб федэральных каналах, дык гэта перш за ўсё навіны.

— Ці робіць Вашая служба для яго транскрыпт важных расейскіх тэлеперадачаў — ток-шоў тамтэйшых фэдэральных каналаў, перадачаў Салаўёва і Кісялёва?

— Ніякіх транскрыптаў асобных тэлеперадач мы не робім: калі ў той ці іншай праграме ёсць нешта годнае для азнаямлення — гэта абавязкова трапіць у ранішні дайджэст. І канешне, не абмяжоўваецца Прэзідэнт толькі праглядам беларускіх і расійскіх тэлеканалаў — глядзіць і Еўраньюс, і іншыя, у залежнасці ад тэматыкі.

— Ці глядзіць прэзыдэнт youtube-ролікі? Якіх расейскіх аўтараў прэзыдэнт глядзіць у youtube, калі глядзіць? Ці глядзеў ён якія-небудзь ролікі Аляксея Навальнага? Па якіх менавіта расейскіх выданьнях і тэлеграм-каналах Вашая служба робіць для прэзыдэнта дайджэст?

— Пры падрыхтоўцы інфармацыі для кіраўніка дзяржавы мы не карыстаемся жорсткім зацверджаным спісам крыніц. Галоўны прынцып — «важна». Безумоўна, улічваем і тое, што «цікава». І, вядома, глядзім на ахоп аўдыторыі — калі навіна «разышлася», яна павінна трапіць у дайджэст. Тое ж самае і з тэлеграм-каналамі, але асаблівай увагі на іх не засяроджваем — вылучаем тэндэнцыі. Памылкова было б сказаць, што гэты наш матэрыял — адзіны зрэз інтэрнэт-прасторы для Прэзідэнта. Зразумела — не. Скажу так: калі ёсць патрэба, навіна трапіць да Прэзідэнта неадкладна. Ну і канешне, самае цікавае з таго, што ёсць у інтэрнэце (гэта датычыцца Вашага пытання пра youtube-ролікі), Аляксандр Рыгоравіч праглядае. Інтэрнэт-карыстальнікаў цяпер шмат, і вядома, увагу Прэзідэнта звяртаюць на тую ці іншую інфармацыю.

— Ці робіць Вашая служба для прэзыдэнта дайджэст інфармацыйных рэсурсаў трэціх краінаў — Украіны, Польшчы, Літвы, ЗША, Нямеччыны і г. д.? Якую доля дайджэсту замежнага друку, які робіць Вашая служба, складаюць расейскія інфармацыйныя рэсурсы?

— Адкажу і на пытанне пра геаграфію аглядаў. Тут, рыхтуючы матэрыялы на стол Прэзідэнту, мы кіруемся галоўным прынцыпам нашай знешняй палітыкі — шматвектарнасць. Акцэнт адзіны — на сваё, беларускае. А далей, акрамя расійскіх, шырока прадстаўлены навіны Украіны, краін СНД, Кітая, увогуле Заходняй Еўропы. Долі прысутнасці залежаць у першую чаргу ад падзей, якія адбыліся ў той ці іншай краіне.

— У прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ёсьць любімыя інфармацыйныя рэсурсы і вельмі нелюбімыя, зь якімі ён, тым ня менш, знаёміцца: ён любіць Fox News і ня любіць CNN і New York Times. Ці ёсьць у прэзыдэнта Беларусі інфармрэсурсы, якія ён любіць, і такія, якія ён лічыць самымі шкоднымі Fake news, але якія пры гэтым ён усё ж глядзіць, чытае, знаёміцца са зьместам якіх?

— Пытанне пра «нелюбімыя рэсурсы», здаецца, такога прыватнага роду, што яго лепш непасрэдна Прэзідэнту адрасаваць. На маю думку, Прэзідэнту падабаецца ўсё і ўсе, хто працуе на канструктыў, хай нават і мае часам крытычны погляд.

Даведка Свабоды:

Натальля Эйсмант нарадзілася ў 1984 годзе. Вучылася ў Менскай музычнай вучэльні, у 2007 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. З 2007 года працавала рэдактарам агенцтва тэлевізійных навінаў, карэспандэнтам спэцыяльнага аддзела выпуску галоўнай дырэкцыі «Агенцтва тэлевізійных навін» Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі Беларусі. Апроч іншага, вяла беларускамоўную перадачу «Навіны рэгіёну».

У лістападзе 2014 году была прызначаная прэсавай сакратаркай кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Натальля замужам за журналістам Іванам Эйсмантам. У лютым 2018 году Іван Эйсмант быў прызначаны старшынём Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG