Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Са сьмерці вашага сына ствараюць шоў з нашым удзелам», — двое падазраваных у забойстве Шарамета напісалі да яго маці


Сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з праваахоўнымі органамі ў справе забойства Паўла Шарамета
Сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з праваахоўнымі органамі ў справе забойства Паўла Шарамета

Тым часам у Вярхоўнай радзе Ўкраіны патрабуюць стварыць камсію для кантролю за сьледзтвам у справе Паўла Шарамета.

Падазраваныя ў забойстве ў 2016 годзе ў Кіеве журналіста Паўла Шарамета настойваюць на сваёй невінаватасьці.

Што пішуць падазраваныя

Юлія Кузьменка, якую сьледзтва падазрае ў падкладаньні выбуховай прылады і прывядзеньні яе ў дзеяньне, як і галоўны падазраваны Андрэй Антоненка, перадала праз свайго адваката ліст, адрасаваны маці Паўла Шарамета.

«Я ня буду пісаць і пераконваць вас, што я тут ні пры чым. Я хачу, каб вы аб гэтым даведаліся з аб’ектыўных экспэртызаў і доказаў, на правядзеньні якіх я настойваю. Я проста хачу выказаць вам спачуваньні. Вы перажылі тое, што баіцца перажыць кожная маці больш за ўсё на сьвеце. Сьмерць свайго дзіцяці. Вы тры гады пасьля гэтага назіралі імпатэнцыю нашай структуры МУС у расьсьледаваньні ягонай сьмерці.

Прабачце, што вам давядзецца зноў пабачыць, што са сьмерці вашага сына цяпер ствараюць шоў з нашым удзелам. Прабачце нашу краіну і за гэта. Я проста жадаю, каб аднойчы перад вамі паставілі сапраўдных забойцаў, і вы маглі паглядзець ім у вочы».

Напярэдадні з аналягічнай заявай выступіў галоўны падазраваны Андрэй Антоненка. Сёньня стала вядома, што ён адмовіўся даваць сьведчаньні ў
справе Паўла Шарамета, настойваючы на тым, што сьледзтва не аб’ектыўнае і ангажаванае.

Адвакаты Андрэя Антоненкі сьцьвярджаюць, што іх падабаронны дагэтуль не разумее, чаму і за што яго «прызначылі» падазраваным.

«Андрэй ня толькі не прызнае віны, але і ніводнага факту, выкладзенага сьледзтвам. Паколькі гэтыя факты, у тым ліку алібі, лёгка праверыць, таму мы чакаем ад сьледзтва хуткай рэакцыі ў найбліжэйшы час», — адзначылі ў сваёй заяве адвакаты.

Апазыцыя патрабуе камісію

У Вярхоўнай Радзе Ўкраіны фракцыя Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць» ініцыюе стварэньне часовай сьледчай камісіі для парлямэнцкага кантролю за расьсьледаваньнем справы аб забойстве журналіста Паўла Шарамета.

«Застаюцца без адказу пытаньні, чаму сьледчыя і суд ігнаруюць довады адвакатаў, чаму судзьдзёй прызначаны адыёзны судзьдзя Воўк, чаму справа актыўна пачала рухацца менавіта цяпер, ва ўмовах пагрозы фэдэралізацыі ды палітычнага ціску Расеі, чаму прэзыдэнт прысутнічаў на брыфінгу, на якім сілавікі распавядалі пра нібыта раскрытую справу?», — спыталася дэпутатка Ірына Фрыз, якая ў часе прэзыдэнцтва Пятра Парашэнкі ачольвала Міністэрства ў справах вэтэранаў.

Паводле яе словаў, у часе брыфінгу аб выніках расьсьледаваньня забойства Паўла Шарамета сьледчыя парушылі асноўны прынцып юрыспрудэнцыі — прэзумпцыю невінаватасьці.

Апэляцыю на арышт адкладаюць

Адвакаты яшчэ адной затрыманай у справе, Яны Дугар, аспрэчваюць рашэньне судзьдзі Сяргея Воўка аб хатнім арышце іх падабароннай. Сёньня Апэляцыйны суд Кіева адмовіўся разглядаць адпаведную заяву, матывуючы тым, што не атрымаў матэрыялаў суду першай інстанцыі. Разгляд апэляцыі перанесьлі на 8 студзеня.

Абаронцы двух іншых падазраваных, Юліі Кузьменкі і Андрэя Антоненкі, толькі рыхтуюць апэляцыі на арышт.

  • На мінулым тыдні ва Ўкраіне затрымалі траіх падазраваных у арганізацыі і забойстве Паўла Шарамета — музыку і вайскоўца Андрэя Антоненку (нібыта ён арганізаваў злачынную групу для забойства журналіста); дзіцячага кардыяхірурга, валянтэрку Юлію Кузьменку (нібыта падкладвала разам з Антоненкам выбухоўку пад аўтамабіль і дыстанцыйна прывяла яе ў дзеяньне) і вайсковую мэдсястру Яну Дугар (нібыта зьбірала інфармацыю пра графік перамяшчэньняў Паўла Шарамета і фіксавала месцы разьмяшчэньня камэр вонкавага назіраньня паблізу і на месцы злачынства).
  • Раней украінскія правахоўнікі арыштавалі яшчэ дваіх добраахвотнікаў — мужа і жонку Ўладзіслава і Іну Грышчанкаў, якіх таксама палічылі датычнымі да забойства Шарамета. Але ім пакуль не абвясьцілі пра падазрэньні ў гэтай справе — яны былі арыштаваныя праз абвінавачаньне ў замаху на забойства шляхам падрыву аўтамабіля ў Івана-Франкоўскай вобласьці.
  • Павал Шарамет нарадзіўся ў Менску 28 лістапада 1971 году, ад сярэдзіны 1990-х працаваў на тэлевізіі, у друкаваных выданьнях і на інтэрнэт-рэсурсах Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Загінуў 20 ліпеня 2016-га, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе перад гэтым жыў апошнія пяць гадоў. 12 сьнежня Нацыянальная паліцыя Ўкраіны абвясьціла пра арышт асобаў, датычных да яго забойства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG