Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Шарамета: падазраваны падзякаваў маці журналіста, настойвае на сваёй невінаватасьці


Андрэй Антоненка
Андрэй Антоненка

Галоўны падазраваны ў арганізацыі і забойстве журналіста Паўла Шарамета Андрэй Антоненка працягве настойваць на сваёй недатычнасьці да гэтага злачынства.

«Я не датычны да забойства Паўла Шарамета і ні ў чым не вінаваты, што б там не казалі людзі зьверху. Гэта ўсё хлусьня! Цалкам, ад першай літары», — напісаў арыштаваны да 8 лютага музыка і вайсковец Андрэй Антоненка.

Ягоную запіску з ізалятару на сваёй старонцы ў Facebook апублікавала арганізатарка музычных конкурсаў Rock Battle UA Паліна Іванова.

«Я ўдзячны маці Паўла Шарамета за тое, што яна ж ня хоча, каб пацярпелі невінаватыя людзі. З павагай да ўсіх і з спачуваньнем да маці Паўла Шарамета», — падпісаў сваю запіску падазраваны Андрэй Антоненка.

17 сьнежня ў Галоўным сьледчым упраўленьні Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны паведамілі, што перадалі адвакатам на вывучэньне частку матэрыялаў крымінальнай справы, «за выключэньнем тых, выдаваньне якіх можа перашкодзіць правядзеньню расьсьледаваньня».

На мінулым тыдні ва Ўкраіне затрымалі траіх падазраваных у арганізацыі і забойстве Паўла Шарамета — музыку і вайскоўца Андрэя Антоненку (нібыта ён арганізаваў злачынную групу для забойства журналіста); дзіцячага кардыяхірурга, валянтэрку Юлію Кузьменка (нібыта падкладвала разам з Антоненкам выбухоўку пад аўтамабіль і дыстанцыйна прывяла яе ў дзеяньне) і вайсковую мэдсястру Яну Дугар (нібыта зьбірала інфармацыю пра графік перамяшчэньняў Паўла Шарамета і фіксавала месцы разьмяшчэньня камэр вонкавага назіраньня паблізу і на месцы злачынства).

Раней украінскія правахоўнікі арыштавалі яшчэ дваіх добраахвотнікаў — мужа і жонку Ўладзіслава і Іну Грышчанкаў, якіх таксама палічылі датычнымі да забойства Шарамета. Але ім пакуль не абвясьцілі пра падазрэньні ў гэтай справе — яны былі арыштаваныя праз абвінавачаньне ў замаху на забойства шляхам падрыву аўтамабіля ў Івана-Франкоўскай вобласьці.

Журналісты праекту «Слідство.інфо», які ад пачатку адсочвае сьледзтва ў справе Паўла Шарамета і ў 2017 годзе прэзэнтавала фільм аб выніках альтэрнатыўнага расьсьледаваньня, прааналізавалі перададзеныя сьледчымі паліцыі доказы. Яны атрымалі заключэньне экспэртызы, на падставе якой ідэнтыфікавалі ўсіх затрыманых падазраваных.

«Чацьвёра экспэртаў, у тым ліку іншаземны, супярэчаць адзін аднаму: псыхалягічная экспэртыза кажа, што людзі на відэа ідэнтычныя, партрэтная экспэртыза ня можа іх назваць ідэнтычнымі, а экспэртыза паходкі лічыць доказы «ўмоўна дастатковымі», — паведамляюць журналісты «Слідство.інфо».

Паводле іх, яшчэ адна экспэртыза, якую рабіў замежны адмысловец, увогуле ставіць пад сумнеў вынікі расьсьледаваньня. У заключэньні замежны экспэрт прыйшоў да высновы, што ўсе дзеяньні ў падрыхтоўцы і выбуху магла зрабіць адна жанчына, а паліцыя арыштавала дзьвюх.

«У гэтым дакумэнце няма адназначнай высновы, што людзі на відэа і падазраваныя — тыя самыя асобы. А адно з заключэньняў, спасылаючыся на кепскую якасьць відэа, ня можа ідэнтыфікаваць лекарку і жанчыну-кілера як адну асобу», — адзначаюць журналісты.

У той жа час колішні журналіст інтэрнэт-выданьня «Українська правда» Сяргей Лешчанка перакананы, што дадзеныя сьледзтвам доказы датычнасьці затрыманых да забойства зьяўляюцца дастатковымі і бясспрэчнымі. Паводле яго, гэтыя затрыманьні сьведчаць дазваляюць сьледзтву выйсьці на сьлед спэцслужбаў у гэтым забойстве. У прыватнасьці, Сяргей Лешчанка сьцьвярджае, што сямейная пара Грышчанак «знаходзілася ў пэўных кантактах з СБУ, і менавіта гэтая спэцслужба садзейнічала іхнаму выезду з Кіева ў Дніпро ў ноч перад забойствам Паўла Шарамета.

«На маё суб’ектыўнае перакананьне, якое грунтуецца на інфармацыі зь сярэдзіны сьледзтва і інфармацыі, якая пакуль не абнародаваная, тут гаворка можа ісьці пра СБУ», — дадаў Сяргей Лешчанка.

Павал Шарамет нарадзіўся ў Менску 28 лістапада 1971 году, ад сярэдзіны 1990-х працаваў на тэлевізіі, у друкаваных выданьнях і на інтэрнэт-рэсурсах Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Загінуў 20 ліпеня 2016-га, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе перад гэтым жыў апошнія пяць гадоў. 12 сьнежня Нацыянальная паліцыя Ўкраіны абвясьціла пра арышт асобаў, датычных да яго забойства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG