Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Паўла Шарамета пра арышты ў Кіеве: «Баюся, каб не пацярпелі невінаватыя»


Людміла Станіславаўна, маці журналіста Паўла Шарамета
Людміла Станіславаўна, маці журналіста Паўла Шарамета

Людміла Станіславаўна, маці журналіста Паўла Шарамета, падзялілася са Свабодай думкамі пра затрыманьні ў Кіеве падазраваных у забойстве яе сына.

Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016-га ва ўзросьце 44 гады, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў апошнія пяць гадоў. Павал ад сярэдзіны 1990-х працаваў на тэлевізіі, у друкаваных выданьнях і на інтэрнэт-рэсурсах Беларусі, Расеі і Ўкраіны. 12 сьнежня Нацыянальная паліцыя Ўкраіны абвясьціла фігурантаў справы аб ягоным забойстве.

«Хацелася б праўды, але наколькі да яе наблізіліся?»

— Людміла Станіславаўна, ці зьвязваліся з вамі напярэдадні брыфінгу ўкраінскія сьледчыя, прадстаўнікі сілавых структур? Магчыма, спраўджвалі нейкую інфармацыю...

— Не-не. Пра брыфінг я даведалася абсалютна выпадкова. А наогул дагэтуль гады два не было ніякіх кантактаў — ні на мяне не выходзілі, ні я нікога не турбавала.

— Хоць і цяжка гаварыць, але ці вы самі верыце, што затрыманыя — гэта якраз тыя людзі, якія маюць дачыненьне да злачынства?

— Я нічога ня ведаю. Думаю, гэта можа пацьвердзіць ці абвергнуць толькі суд. Адзінае, чаго я вельмі баюся, каб не пацярпелі невінаватыя людзі. Паўла няма, яго ня вернеш... Вядома, хацелася б праўды. Але наколькі да яе наблізіліся, вельмі складана меркаваць.

— І ва Ўкраіне, і ў Беларусі ўжо чуюцца скептычныя галасы.

— У тым і справа. Ведаеце, незадоўга да гэтага выйшаў фільм-расьсьледаваньне «Забойства Паўла» і, як мне здаецца, пасьля яго прагляду ёсьць над чым задумацца.

Хоць у гэтай сытуацыі імпануе, што ў прэзыдэнта Зяленскага ёсьць воля гэтым займацца. Ужо другі брыфінг зь яго ўдзелам, людзі гатовыя да адкрытага дыялёгу. З другога боку, расьсьледаваньне не даведзенае да лягічнага завяршэньня, у лепшым выпадку спыніліся дзесьці пасярэдзіне.

Тады навошта ў такім «сырым» выглядзе рабіць агалоску? Толькі каб паказаць сам працэс? Вядома, я далёкая ад усяго, але ёсьць пытаньні.

«Ад таго, што я даведаюся, лягчэй ня стане»

— Вы згодныя, што пры новай адміністрацыі ва Ўкраіне зрухі ў справе Паўла больш істотныя, чым дагэтуль?

— Безумоўна, я за гэта Ўладзіміру Зяленскаму ўдзячная: відаць, што справу не паклалі пад сукно, ёй займаюцца. Такім чынам і ўкраінскаму народу зь яго боку падаецца сігнал: я сур’ёзны чалавек, буду выконваць свае абяцаньні. І гэта варта павагі, малайчына. А вось наконт усяго астатняга ня ведаю, у мяне няма адназначнай думкі.

— З папярэднім прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам вы сустракаліся, але гэтым разам ніякай ініцыятывы няма?

— Пакуль не, ад імя Зяленскага ніхто не турбаваў. А з Парашэнкам так, сапраўды сустракаліся, двойчы. Я была з унучкай, дачкой Паўла, сабраліся кіраўнікі ўсіх сілавых структураў. Казалі, што расьсьледаваньне не спыняецца, вельмі шмат зроблена. Пастаянна гучала фраза, што гэта справа іхнага гонару — знайсьці замоўцаў і выканаўцаў жахлівага забойства.

Другі раз запрасілі, калі ад імя Цэнтру абароны журналістаў у Кіеў прыяжджалі экспэрты зь Нью-Ёрку, якія асобна займаліся справай Паўла. Таксама была сустрэча з Парашэнкам і сілавікамі. Фактычна паўтарылі тое ж самае: выпадак складаны, расьсьледаваньне працягваецца. А ўжо пры Зяленскім гэта атрымала такія вось маштабныя памеры. Ва ўсялякім выпадку здаецца вонкава.

— Можа, варта ініцыяваць сустрэчу са свайго боку — ясна, што вам не адмовяць?

— Ведаеце, не хачу. Вельмі цяжка зноў і зноў усё пракручваць, вяртацца ў мінулае... Зразумела, я не адмоўлюся, калі захочуць са мной пагутарыць, нешта расказаць. Але сама ініцыяваць ня буду... Ад таго, што я даведаюся, мне лягчэй ня стане. Сына майго няма — вось гэта самае складанае. Усё астатняе ня мае значэньня, мне кожны раз усё цяжэй і цяжэй наноў асэнсоўваць.

Падазраваныя ў забойстве Паўла Шарамета, фота з брыфінгу Нацыянальнай паліцыі Ўкраіна
Падазраваныя ў забойстве Паўла Шарамета, фота з брыфінгу Нацыянальнай паліцыі Ўкраіна

«Сіла ня ў гвалце, сіла ў праўдзе»

— Адносным суцяшэньнем хіба тое, што Паўла дагэтуль памятаюць, любяць, паважаюць.

— І гэта якраз тое, што мяне падтрымлівае: памяць пра яго жывая, Пашка быў добры хлопец, годны чалавек. Я нядаўна была ў Брусэлі на цырымоніі ўганараваньня прэміяй ягонага імя — грамадзянская супольнасьць зьбірала асамблею, і мяне запрасілі яе ўручыць. Было шмат журналістаў, грамадзкіх актывістаў з розных краінаў. Усе надзвычай цёпла згадвалі пра Паўла, было вельмі прыемна.

І ня толькі на такіх форумах. Неяк ехала ў цягніку, маёй суседкай была жанчына з Харкава. Разгаварыліся, я сказала, хто мой сын. І яна са сьлязьмі гаварыла, што памятае, ведае, бо быў таленавіты журналіст і прыстойны чалавек. Якой маці не было б прыемна пачуць такое пра сваё дзіця?

— Няўжо Павал быў камусьці непажаданы аж да такой ступені? У вас ёсьць нейкія тлумачэньні?

— А пра Вераніку Чаркасаву праз столькі гадоў хоць нешта стала вядома? Пра Дзіму Завадзкага? Ну вось і адказ: значыць, камусьці іхная пазыцыя замінала, тыя людзі гатовыя на ўсё... Але ўсё роўна, як пастаянна паўтараў Паша (а ён насамрэч жыў паводле біблейскіх прынцыпаў): сіла ня ў гвалце, сіла ў праўдзе. Спадзяюся, калі-небудзь гэта зразумеюць і іншыя.

12 сьнежня на пленарным пасяджэньні Кіеўскай гарадзкой рады было вырашана назваць сквэр у цэнтры гораду ў гонар Паўла Шарамета. Імя журналіста будзе насіць зялёная зона на скрыжаваньні вуліц Рэйтарская і Стралецкая. Адпаведны зямельны ўчастак у Шаўчэнкаўскім раёне быў выбраны паводле папярэдняй дамоўленасьці зь ягонымі сваякамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG