Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не магу паверыць, што ўсё гэта адбываецца са мной» – другую падазраваную ў забойстве Шарамета ўзялі пад варту

абноўлена

Юлія Кузьменка
Юлія Кузьменка

Другая з падазраваных у датычнасьці да забойства Паўла Шарамета, дзіцячы кардыяхірург Юлія Кузьменка заяўляе, што нічога ня ведала пра журналіста да моманту ягонай гібелі.

«Да ўчорашняга дня я магла ганарыцца сабой і сваім шляхам. Тысячы пасьпяхова праапэраваных дзяцей, удзел у Рэвалюцыі годнасьці, вайсковы валянтэр, кандыдат навук. А ўчора, калі я апэравала траіх дзяцей, ужо рыхтаваўся мой арышт. Учора зруйнавалі ня толькі маё жыцьцё. Учора завяршылі маю кар’еру. Што мусяць думаць бацькі, якія давяралі мне жыцьці сваіх дзяцей? Што я хірург-забойца? Я ўпершыню даведалася пра ўкраінскага журналіста Шарамета з навінаў у дзень ягонага забойства. З моманту, калі мяне затрымалі і абвясьцілі падазрэньне, я знаходжуся нібыта ў сьне і дагэтуль не магу паверыць, што гэта адбываецца са мной», — заявіла Юлія Кузьменка.

Юлія Кузьменка ў судзе
Юлія Кузьменка ў судзе

Падазраваная таксама зьвярнула ўвагу суду на тое, што ў тэксьце падазрэньня адзначана, што яна ня мае сталага месца працы: «Я 17 гадоў працую кардыяхірургам і ня маю сталай працы? Як гэта магчыма?». Юлія Кузьменка была затрыманая на працы — яна ачольвае адно з аддзяленьняў Навукова-практычнага цэнтру дзіцячай кардыялёгіі і кардыяхірургіі.

Падазраваная таксама выказала сумневы ў якасьці праведзенай сьледзтвам антрапалягічнай экспэртызы. Паводле заключэньня, яе пазналі ў асобе, якая закладвала выбухоўку пад машыну.

Пасьля перапынку ў судовым пасяджэньні і адмовы ў адводзе судзьдзі, суд аднавіў разгляд хадайніцтва пракуратуры аб арышце. Паводле адваката, 13 чалавек, у тым ліку, калегі Юліі Кузьменкі, валянтэры, навукоўцы, а таксама дэпутаты Кіеўскай рады і Вярхоўнай рады зьвярнуліся ў суд з заявамі аб паручыцельстве за падазраваную. Усе яны гатовы гарантаваць, што тая ня будзе ўхіляцца ад сьледзтва і будзе ўдзельнічаць у сьледчых дзеяньнях.

У дачыненьні да 40-гадовай Юліі Кузьменкі пракурор зачытаў аналягічны тэкст хадайніцтва, як і ў справе Яны Дугар: «Дасудовым расьсьледаваньнем устаноўлена, што Антоненка Андрэй Сяргеевіч, захапіўшыся ўльтранацыяналістычнымі ідэямі, культывуючы велічнасьць арыйскай расы,... вырашыў стварыць арганізаваную групоўку, каб у яе складзе ўчыніць забойства Паўла Шарамета. Ажыцьцяўляючы злачынны намер, ён знайшоў і далучыў да групоўкі Яну Дугар і Юлію Кузьменку».

Такім чынам, арганізатарам злачыннай групоўкі і забойства Паўла Шарамета сьледзтва лічыць Андрэя Антоненку. Пытаньне аб ягоным арышце таксама будзе вырашаць той жа судзьдзя, што і ў справах Яны Дугар і Юліі Кузьменкі.

Юлія Кузьменка таксама паведаміла ў судзе, што будзе патрабаваць правядзеньня паўторнай незалежнай антрапалягічнай экспэртызы, а таксама аб гатоўнасьці прайсьці дасьледаваньне на ДНК і на паліграфе: «Мне няма чаго баяцца». Яна перакананая, што ўчора супрацоўнікі паліцыі, абвясьціўшы яе вінаватай у рэзанансным злачынстве, парушылі галоўны прынцып юрыспрудэнцыі – прэзумпцыі невінаватасьці.

Разам са сваім адвакатам падазраваная прасіла суд адмовіць пракуратуры ў яе арышце. У якасьці дадатковага аргумэнту яна пералічыла графік апэрацый, якія ўжо заплянаваныя да канца году ў некалькіх пацыентаў ва ўзросьце ад 4 да 7 гадоў. Але суд пастанавіў: узяць яе пад варту да 8 лютага. Увесь гэты час Юлія Кузьменка будзе ўтрымлівацца ў сьледчым ізалятары.

Сёньня ўдзень суд да 8 лютага зьмясьціў пад кругласутачны хатні арышт Яну Дугар, першую падазраваную ў дачыненьні да забойства журналіста Паўла Шарамета. Паводле сьледзтва, яна зьбірала інфармацыю аб графіку перамяшчэньняў Паўла Шарамета, а таксама фіксавала месцы разьмяшчэньня камэр зьнешняга назіраньня паблізу і на месцы злачынства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG