Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі амбасадар ва Ўкраіне расказаў пра гарантыі Лукашэнкі, войскі NATO і ўкраінскія тэлеканалы ў Беларусі 


Прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі падчас сустрэчы ў Жытоміры, 4 кастрычніка 2019
Прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі падчас сустрэчы ў Жытоміры, 4 кастрычніка 2019

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал заявіў, што гарантыяй бясьпекі для Ўкраіны ёсьць «слова Лукашэнкі», а паглыбленьне інтэграцыі Беларусі з Расеяй не адбілася на прыярытэтнасьці дачыненьняў з Украінай.

«Мы падпісалі ў 1999 годзе дагавор аб Саюзнай дзяржаве, зьяўляемся, нароўні з Казахстанам, заснавальнікамі Эўразійскага эканамічнага саюзу. Але хачу зьвярнуць увагу, што Дагавор аб Саюзнай дзяржаве быў падпісаны не ў 2014-2015 гадах, калі пачаліся падзеі на ўсходзе Ўкраіны, а дваццаць гадоў таму. У сувязі з гэтым цяпер паўстала неабходнасьць правесьці рэвізію дамоўленасьцяў, заключаных у рамках Саюзнай дзяржавы», — сказаў Ігар Сокал у інтэрвію украінскаму дзяржаўнаму агенцтву «Укрінформ».

Пра расейскія войскі ў Беларусі і войскі NATO ва Ўкраіне

Паводле Ігара Сокала, асновай вайсковага ўзаемадзеяньня Беларусі і Расеі ёсьць абарона паветранай прасторы:

«Як такіх расейскіх войскаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь няма, у адрозьненьне, скажу прама, ад Украіны, дзе прысутнічаюць вайскоўцы NATO. Але ў дачыненьнях з Украінай мы ніколі не ўздымалі пытаньне аб тым, што ў Канстытуцыі Ўкраіны запісаны курс на Эўрапейскую і эўраатлянтычную інтэграцыю, паколькі асаблівых пагрозаў для сябе ні ў эканамічным, ні ў вайсковым пляне мы ў гэтым сэнсе ня бачым».

(Заканадаўства Ўкраіны забараняе прысутнасьць на ўкраінскай тэрыторыі замежных войскаў. Але ў выпадку правядзеньня супольных міжнародных вайсковых вучэньняў Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваляе адмысловы закон, які дазваляе прысутнасьць замежных войскаў пад канкрэтныя супольныя вайсковыя вучэньні — РС).

Беларускі амбасадар падкрэсьліў, што паглыбленьне інтэграцыйных сувязяў паміж Беларусьсю і Расеяй «ніяк не адбілася на канструктыўнасьці і прыярытэтнасьці супрацоўніцтва Беларусі з Украінай»:

«І гэта зноў жа пацьверджана ня словамі, а часам. Мы тут ня бачым ніякіх супярэчнасьцяў і разьдзяляльных ліній. Будзем працягваць сябраваць і супрацоўнічаць».

Гарантыі ад Лукашэнкі

Адказваючы на пытаньне, ці можа Ўкраіна ў выпадку паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі спадзявацца на беларускія гарантыі бясьпекі для ўкраінскай тэрыторыі, Ігар Сокал сказаў:

«Я лічу, што слова прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь — гэта і ёсьць гарантыя! У 2014 годзе яно было дадзена спадару Турчынаву, Аляксандар Рыгоравіч даў яго спадару Парашэнку ў 2017 годзе. Наш прэзыдэнт стала падкрэсьліваў, што ніякай пагрозы з боку Беларусі для Ўкраіны ня будзе, і паўтарыў гэта асабіста прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму на іхнай першай сустрэчы ў Жытоміры».

Пра ўкраінскія тэлеканалы ў Беларусі

Паводле Ігара Сокала, у Беларусі трансьлююцца ўжо шэсьць украінскіх тэлеканалаў: UATV, KVARTAL TV, FILMUADRAMA, STAR Cinema, STAR Family і BOLT. (Гэтыя каналы дасяжныя ў асобных кабэльных апэратараў і IPTV (онлайн-сэрвісах) — РС).

«На сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны ў Жытоміры, гаворка хутчэй ішла аб далейшым пашырэньні вяшчаньня як беларускіх тэлепраграм на тэрыторыі Ўкраіны, так і ўкраінскіх на тэрыторыі Беларусі. І мы цяпер працуем над гэтым пытаньнем», — паведаміў Ігар Сокал.

Беларускі амбасадар асобна зьвярнуў увагу на тое, што ў Беларусі традыцыйна шырока трансьлюцца кінафільмы і тэлесэрыялы ўкраінскай вытворчасьці: «Толькі на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі з 1 студзеня па 3 сьнежня 2019 году было паказана 680 гадзінаў украінскіх сэрыялаў, у тым ліку "Сваты" і "Слуга народу"».

Ігар Сокал дадаў, што ва Ўкраіне трансьлюецца міжнародны спадарожнікавы тэлеканал «Беларусь 24»: «Ён даступны ў сетках 118 правайдэраў платнага тэлебачаньня Ўкраіны, у тым ліку такіх буйных, як "Укртелеком", "Тріолан". Агульная колькасьць абанэнтаў складае крыху больш за 1 мільён чалавек».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG