Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка перастаў быць улюбёным замежным палітыкам украінцаў, — сацыялягічнае апытаньне


Лукашэнка і Мэркель у Менску, 11 лютага 2015

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка страціў лідэрства ў сымпатыях украінцаў сярод лідэраў замежных дзяржаваў, саступіўшы першае месца канцлеру Нямеччыны Ангеле Мэркель.

Паводле дасьледаваньня сацыялягічнай групы «Рэйтынг», Лукашэнка ўпершыню за апошнія два гады заняў другое месца — да яго станоўча ставяцца 65% апытаных украінцаў і 20% — адмоўна. У лістападаўскім дасьледаваньні гэтай кампаніі кіраўнік Беларусі падабаўся 66% грамадзян Украіны і 17% — не падабаўся.

Сацыёлягі адзначаюць, што стаўленьне ўкраінцаў да Ангелы Мэркель зьмянілася пасьля нармандзкага саміту ў Парыжы. Колькасьць тых, хто станоўча ацэньвае дзейнасьць канцлеркі Нямеччыны, павялічылася з 60 да 69%. Адначасова з 17 да 15% зьменшылася колькасьць тых, хто ставіцца да яе адмоўна.

На трэцяе месца па сымпатыях украінцаў выйшаў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон — станоўча ягоную дзейнасьць ацэньваюць 52% грамадзян (у лістападзе — 39%), а адмоўна — 21% (у лістападзе — 17 %).

Найгорш украінцы ставяцца да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна: 72% — адмоўна, 16% — станоўча, яшчэ 10% — не змаглі вызначыцца. У лістападзе гэтыя лічбы складалі 71%, 15% і 12% адпаведна.

Паводле сацыёлягаў, Аляксандру Лукашэнку (як і Ўладзіміру Пуціну) найбольш давяраюць жыхары паўднёвых і ўсходніх рэгіёнаў Украіны. Сярод прыхільнікаў кіраўніка Беларусі менш выбарнікаў партый «Эўрапейская салідарнасьць» Пятра Парашэнкі і «Голас» Сьвятаслава Вакарчука, а найбольш — сярод сымпатыкаў партыі Віктара Віктара Медзьвядчука «Апазыцыйная плятформа „За жыцьцё“».

У апытаньні сацыялягічнай групы «Рэйтынг», якое праводзілася з 13 да 17 сьнежня, удзельнічалі 2500 рэспандэнтаў ва ўзросьце ад 18 гадоў. Памылка рэпрэзэнтатыўнасьці дасьледаваньня не перавышае 2%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG