Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджанаму на сьмерць за забойства ў Чэрыкаве ўсё ж дазволяць сустрэцца са сьвятаром


Браты Ільля Косьцеў і Стас Косьцеў (справа) на судзе, 10 студзеня
Браты Ільля Косьцеў і Стас Косьцеў (справа) на судзе, 10 студзеня

Сястра асуджаных да сьмяротнага пакараньня Ганна Косьцева змагла 21 студзеня сустрэцца з братамі ў магілёўскай турме, піша Mspring.online.

Каб трапіць на спатканьне з братамі, 21-гадовым Ільлём і 19-гадовым Стасам Косьцевымі, Ганьне давялося прыехаць у Магілёў а 4-й раніцы.

«Удалося пагутарыць зь імі праз шкло і тэлефонную слухаўку, — расказала яна. — Праўда, у слухаўцы вельмі часта адключалі гук. Сядзяць яны ў розных адзіночных камэрах, Ільля сказаў, што ў яго халоднае памяшканьне. А агулам нібыта ўсё нармальна. На ўмовы ўтрыманьня асабліва ня скардзіліся».

Ганна адзначыла, што іх трымаюць у «вельмі жорсткіх» умовах. Сярод іншага яна казала, што іх ужо апранаюць у робы зь літарамі «И.М.Н.» («выключная мера пакараньня»), хоць прысуд не набыў моцы, ёсьць магчымасьць абскарджаньня. Паводле Ганны, «Стас зрывае турэмную робу, а яе прымусова апранаюць на яго».

Але да Стаса паабяцалі пусьціць сьвятара, хоць раней адмаўляліся прымаць заяву:

«У Стаса было шмат абразкоў, — расказала Ганна. — Калі яго адправілі ў магілёўскую турму, іх забралі. Да свайго бацюшкі прывязаны ён вельмі моцна, падчас сьледзтва прывязаўся».

Раней Ганна Косьцева расказвала праваабаронцам «Вясны», што пасьля сьмяротнага прысуду братам ёй прыйшлося зьехаць з гораду: цкавалі і яе, і ейных дзяцей у школе і дзіцячым садку.

Жорсткае забойства ў Чэрыкаве

10 красавіка 2019 году ў Чэрыкаве ў доме на вуліцы Гагарына (ускраіна райцэнтру) пасьля пажару было знойдзена цела 47-гадовай мясцовай настаўніцы-дэфэктоляга Натальлі Кастрыцы з шматлікімі нажавымі раненьнямі. Неўзабаве затрымалі братоў Косьцевых 1998 і 2000 гадоў нараджэньня, якім і выставілі абвінавачаньне ў забойстве. Браты ў забойстве прызналіся. Раней іх ужо судзілі за крадзеж.

Сьмяротны вырак братам за жорсткае забойства мясцовай настаўніцы Натальлі Кастрыцы 10 студзеня вынес Магілёўскі абласны суд. Рэзанансную справу, якая была пад кантролем Аляксандра Лукашэнкі, разглядала судовая калегія пад старшынствам Міхаіла Мельнікава. На сьмяротным прысудзе настойвала дзяржаўная абвінаваўца Юлія Бокая. Сястра абвінавачаных будзе абскарджваць вырак.​

Паводле сьледзтва, адносіны паміж братамі і забітай былі непрыязныя. На допыце яны казалі, настаўніца Натальля Кастрыца паведаміла ў праваахоўныя органы, што іхная сястра не выконвае належным чынам бацькоўскіх абавязкаў па гадаваньні малалетніх дзяцей. За гэта сям’ю паставілі на прафіляктычны ўлік, прызнаўшы, што яна ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Пра гэта браты ўспомнілі, калі разам выпівалі, і пайшлі «разьбірацца».

Акрамя забойства, Косьцевых абвінавацілі ў крадзяжы і зьнішчэньні маёмасьці ў асабліва буйным памеры, у групе асобаў.​ Абвінавачаныя сваю віну прызналі. У апошнім слове яны раскаяліся ва ўчыненым злачынстве і папрасілі прабачэньня ў родных забітай.​

Аляксандар Лукашэнка згадаў гэтае забойства ў інтэрвію рэдактару расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксею Венядзіктаву.

«Два падонкі, інакш іх не назавеш — ужо і разбоі былі, і каралі іх — забілі сваю настаўніцу, — казаў ён. — За тое, што яна бараніла дваіх дзетак іхнай сястры. Сястра ніякая, асацыяльны элемэнт».

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG