Расейская энэргетычная субсыдыя вельмі значная для Беларусі, таму ад вынікаў перамоваў у нафтагазавай сфэры будзе залежаць далейшая дынаміка беларускай эканомікі. Такі прагноз зьмяшчаецца ў аглядзе, які падрыхтавалі спэцыялісты цэнтру макраэканамічных дасьледаваньняў расейскага «Сбербанка», паведамляе БелаПАН.
Аналітыкі нагадваюць, што цяпер Беларусь залічвае ў свой бюджэт вывазныя мыты на нафтапрадукты, памер якіх уніфікаваны з рашэньнямі расейскага боку. «Павышэньне падатку на здабычу карысных выкапняў разам са зьніжэньнем экспартных мытаў у Расеі пакінуць Беларусь без дадатковых даходаў і істотна пагоршаць рэнтабэльнасьць беларускіх НПЗ», — гаворыцца ў аглядзе.
Аналітыкі «Сбербанка» адзначаюць, што беларускі бок настойвае на кампэнсацыі даходаў, якія выпадаюць у сувязі з рэалізацыяй падатковага манэўру ў нафтавай галіне Расеі, «але перамовы пакуль не прынесьлі бачных вынікаў».
Акрамя таго, ня вырашана пытаньне з умовамі паставак газу ў Беларусь. «Масква пастаўляе Беларусі газ па цэнах амаль у два разы ніжэйшых, чым у краіны Эўропы», — гаворыцца ў аглядзе.
«Сумарны аб’ём энэргетычнай субсыдыі Расеі ацэньваецца ў 4,5 млрд даляраў, што складае прыкладна 7% ВУП Беларусі», — адзначаюць аналітыкі «Сбербанка». Такім чынам, лічаць яны, вынікі беларуска-расейскіх перамоваў у нафтагазавай сфэры «шмат у чым вызначаць далейшую дынаміку беларускай эканомікі».
У 2019 годзе беларуская эканоміка вырасла на 1,2%, хаця Міністэрства фінансаў Беларусі ў пачатку лістапада прагназавала, што па выніках 2019 году чакае росту аб’ёмаў рэальнага ВУП на 2,9% да мінулага году, а Лукашэнка на 2019 год ставіў задачу росту ВУП на «ня менш за 4%» у суадносных цэнах.
Згодна з афіцыйным прагнозам уладаў, у 2020 годзе ВУП павінен павялічыцца на 2,8%. Бюджэт на 2020 год разьлічылі на рост ВУП усяго на 1,9% — гэта «базавы» сцэнар эканамічнага разьвіцьця. Разам з тым міжнародныя фінансавыя арганізацыі прагназуюць, што тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі будуць захоўвацца нізкімі. Паводле прагнозу Ўсясьветнага банку, беларускі ВУП за 2020 год вырасьце на 0,9%, за 2021 і 2022 — на 0,5% за год. МВФ прагназуе рост у 2020 годзе на ўсяго 0,3%.