Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк: пастаўкі бруднай расейскай нафты прыпынілі рост эканомікі


Паступленьне ў красавіку бруднай расейскай нафты ў Беларусь прывяло да істотнага запаволеньня тэмпаў эканамічнага росту ў краіне. Да такой высновы прыйшлі эканамісты Нацбанку.

«Прырост рэальнага ВУП запаволіўся з 1,3% у першым квартале да 0,5% у другім квартале да адпаведнага кварталу папярэдняга году», — гаворыцца ў аглядзе Нацбанку, у якім аналізуецца дынаміка макраэканамічных паказьнікаў.

Такое запаволеньне эканомікі выклікана ў значнай ступені тым, што праз паступленьне ў красавіку няякаснай расейскай нафты Беларусі давялося часова прыпыніць экспарт нафтапрадуктаў, што адбілася на істотным зьніжэньні чыстага экспарту тавараў і паслуг па выніках другога кварталу.

ВУП Беларусі ў першым паўгодзьдзі вырас на 0,9% пры мэтавым прагнозе ўраду ня меней за 1,8%. Паводле прагнозу уладаў, па выніках году ВУП Беларусі павінен вырасьці на 4% у 2019 годзе — такую задачу паставіў Аляксандар Лукашэнка.

30 ліпеня прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас, выступаючы на пасяджэньні ўраду, заявіў, што на 2020 год улады чакаюць значна меншы рост эканомікі — на ўзроўні 2,5%, і адзначыў агульную тэндэнцыю да запаволеньня тэмпаў росту сусьветнай эканомікі.

Між тым міжнародныя фінансавыя інстытуты чакаюць росту беларускай эканомікі ў межах 2% сёлета. Згодна з прагнозам Сусьветнага банку за чэрвень, рост ВУП Беларусі ў 2019 годзе складзе 1,8%, у 2020-м — 1,3%, у 2021-м — 1,2% (у параўнаньні са студзеньскай ацэнкай эканамічны прагноз для Беларусі на 2019–2021 гады пагоршыўся на 0,9, 1,2 і 1,3 працэнтнага пункта адпаведна).

У траўні пагоршыў прагноз для Беларусі і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР): у травеньскім аглядзе гаворыцца, што у 2019 годзе беларуская эканоміка вырасьце на 2%, а ў 2020-м — на 1,8% (у лістападзе 2018 году ў традыцыйным рэгіянальным аглядзе ЭБРР прагназаваў рост 2,5%).

У красавіцкім дакладзе World Economic Outlook Міжнародны валютны фонд таксама пагоршыў прагноз росту ВУП Беларусі да 1,8% у 2019 годзе. У 2020-м, паводле МВФ, рост ВУП складзе 2,2%.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG