Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар ЗША паабяцаў дадатковую падтрымку лідэру вэнэсуэльскай апазыцыі


Лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы Хуан Гуайдо
Лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы Хуан Гуайдо

20 студзеня падчас сустрэчы з журналістамі на палях рэгіянальнай канфэрэнцыі аб барацьбе з тэрарызмам у Калюмбіі дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо паабяцаў больш дзеяньняў з боку ЗША, якія паспрыяюць посьпеху лідэра апазыцыі Вэнэсуэлы Хуана Гуайдо, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Хуан Гуайдо, сьпікер Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы, 23 студзеня 2019 году абвясьціў сябе прэзыдэнтам краіны, назваўшы праўленьне прэзыдэнта Нікаляса Мадура незаконным. ЗША і яшчэ паўсотні дзяржаваў сьвету прызналі Гуайдо легітымным прэзыдэнтам, але кіраўніком Вэнэсуэлы ён так пакуль і ня стаў.

«Я хачу, каб вы ведалі, што ваш прэзыдэнт — выдатны лідэр, які хоча накіраваць вашу краіну ў правільны бок: да свабоды, дэмакратыі і аднаўленьня эканамічнага дабрабыту», — сказаў Майк Пампэо журналістам, дадаўшы, што ЗША зробяць усё, каб у вэнэсуэльцаў зьявіліся для гэтага магчымасьці. Што канкрэтна плянуюць зрабіць ЗША, ён не патлумачыў.

Майк Пампэо таксама ня стаў раскрываць, ці плянуюць ЗША занесьці Вэнэсуэлу ў сьпіс краінаў – спонсараў тэрарызму. Вашынгтон абвінавачвае рэжым Мадура ў сувязях з калюмбійскімі сэпаратыстамі і баевікамі зь лібанскай групоўкі «Хезбала». З гэтай прычыны ЗША ўжо ўвялі санкцыі супраць шэрагу вэнэсуэльскіх палітыкаў, а таксама нафтавага сэктару краіну. Застаецца таксама і варыянт дзеяньняў ваеннага характару.

Першапачатковая папулярнасьць і народная падтрымка Гуайдо за мінулы год прыкметна зьменшылася. Віцэ-прэзыдэнт кіроўнай Сацыялістычнай партыі Дыясдада Кабэльё 20 студзеня заявіў, што ў апазыцыі «неэфэктыўны лідэр» і што ён «не ажыцьцявіў нічога з таго, што абяцаў».

Гуайдо 20 студзеня заявіў журналістам, што адстаўка Мадура — гэта «доўгатэрміновая мэта», бо «дыктатары ніколі ня хочуць расставацца з уладай, якую яны захапілі».

Хуан Гуайдо на гэтым тыдні накіроўваецца ў швайцарскі Давос, на Сусьветны эканамічны форум. Гэта зьвязана для яго зь вялікай рызыкай, паколькі Вярхоўны суд Вэнэсуэлы забараніў лідэру апазыцыі пакідаць краіну, а значыць, яму могуць не дазволіць вярнуцца на радзіму.

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG