Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва «Справядлівы прысуд» пачала адкрыты збор подпісаў пад зваротам аб амністыі за карупцыю


Ілюстрацыйнае фота

Родзічы «несправядліва асуджаных» зьвяртаюцца да судоў і прэзыдэнцкую адміністрацыю: будзьце міласэрднымі, прымяніце амністыю. На 20 студзеня сабрана 3428 подпісаў.

Родзічы асуджаных, аб’яднаных у грамадзянскую ініцыятыву «Справядлівы прысуд», заклікалі Адміністрацыю прэзыдэнта, а таксама судовыя ды праваахоўныя ведамствы прымяніць у 2020 годзе амністыю да пакараных за эканамічныя (карупцыйныя) злачынствы.

Ініцыятары звароту адзначаюць: ва ўмовах узмацненьня барацьбы з карупцыяй у жорны сыстэмы трапляюць людзі, якія ня мелі віны і складу злачынства, паводле якіх іх асудзілі.

На іхную думку, амністыя да такіх асуджаных дазволіць дзяржаве «ня толькі праявіць велікадушнасьць і міласэрнасьць, але і зьнівэлюе наступствы судова-сьледчых памылак, якія дапускаюцца занадта часта».

Таксама ініцыятары звароту лічаць мэтазгодным перагледзець практыку прымяненьня эканамічных (карупцыйных) артыкулаў. Яны зьвяртаюць увагу на тое, што:

  • асуджаныя за эканамічныя (карупцыйныя) злачынствы — гэта людзі ў бальшыні сваёй з вышэйшай адукацыяй, якія маюць вялікі жыцьцёвы досьвед і ў выпадках учыненага правапарушэньня маюць павышанае пачуцьцё ўласнай віны і раскаяньня;
  • яны маюць шанец на паблажлівасьць, калі зразумелі сваю віну, выправілі свае паводзіны і маюць жаданьне даказаць сваю карысьць для грамадзтва.

Пра ініцыятыву «Справядлівы прысуд»

  • Родзічы асуджаных заявілі пра сваё аб’яднаньне ў лістападзе 2019 году.
  • Намагаюцца зьвярнуць увагу Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніцтва праваахоўных органаў і сьледзтва на факты «грубага парушэньня» заканадаўства ды правоў «несправядліва», як яны цьвердзяць, асуджаных падчас расьсьледаваньня крымінальных справаў: падробленыя дакумэнты, абгаворы, ціск, няправільная кваліфікацыя, адсутнасьць доказнай базы і г. д.
  • Зьвярталіся ў прэзыдэнцкую адміністрацыю з патрабаваньнямі адносна выракаў, якія яны лічаць несправядлівымі. Паводле прадстаўнікоў ініцыятывы, пад зваротам на імя кіраўніка адміністрацыі Ігара Сергеенкі падпісаліся 2357 чалавек.
  • Аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч лічыць зьяўленьне ініцыятывы «першым крокам на шляху да самаарганізацыі і стварэньня сыстэмы самаабароны намэнклятуры». У сваіх патрабаваньнях ініцыятыва «Справядлівы прысуд» спасылаецца на леташнюю нараду Аляксандра Лукашэнкі зь сілавікамі, дзе той казаў аб прэзумпцыі невінаватасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG