Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША зьнікла відэа спробы самагубства мільярдэра, абвінавачанага ў пэдафіліі


Джэфры Эпштэйн, архіўнае фота

Прадстаўнікі Фэдэральнай пракуратуры Злучаных Штатаў 9 студзеня паведамілі суду аб зьнікненьні відэазапісаў таго, як фінансіст Джэфры Эпштэйн учыніў спробу самагубства ў турме 23 ліпеня 2019 году, расказвае «Голас Амэрыкі».

У папраўчым цэнтры ў Нью-Ёрку, дзе ўтрымліваўся Эпштэйн, думалі, што адпаведныя відэафайлы ўдалося захаваць. Але высьветлілася, што захавалася ня відэа, дзе ахоўнікі знаходзяць мільярдэра пасьля спробы суіцыду, а кадры зь іншых частак папраўчай установы.

«Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў вывучыла сыстэму рэзэрвовага капіяваньня ў межах асобнага сьледзтва і прыйшло да высновы, што запытанае відэа адсутнічае ў сыстэме рэзэрвовага капіяваньня прынамсі са жніўня 2019 году ў выніку тэхнічных памылак», — паведаміла пракуратура.

Раней пракуратура заяўляла, што супрацоўнікі турмы захавалі кадры са спробай самагубства Эпштэйна на просьбу адваката Нікаляса Тартальёнэ — былога паліцыянта, які ў той дзень быў у адной камэры з Эпштэйнам. Цяпер адвакат Тартальёнэ настойвае, каб правялі слуханьні са сьведкамі, каб высьветліць прычыну зьнікненьня відэа, бо яно можа паказаць, што ягоны кліент «дзейнічаў належным чынам».

Адзін з былых адвакатаў Эпштэйна Марк Фэрніх кажа, што зьнікненьне відэа «толькі павялічвае пытаньні, што засталіся без адказу, і пагаршае атмасфэру таямнічасьці вакол сьмерці [Эпштэйна], узмацняючы ўсьведамленьне таго, што грамадзкасьць ніколі не даведаецца пра тое, што здарылася напраўду — і што ўлада заможных на самай справе не зацікаўленая ў тым, каб гэта высьветліць».

Што здарылася з Эпштэйнам

Джэфры Эпштэйн меў цесныя сувязі з высокапастаўленымі прадстаўнікамі амэрыканскай і брытанскай палітычнай эліты, ад Дональда Трампа і Біла Клінтана да брытанскага прынца Эндру.

Эпштэйн быў арыштаваны 6 ліпеня 2019 году. Яго абвінавацілі ў датычнасьці да некалькіх сэксуальных злачынстваў, у тым ліку ў дачыненьні непаўналетніх, і да гандлю людзьмі. Адной зь ягоных ахвяраў, паводле сьледчых, было 14 гадоў, калі мільярдэр прымусіў яе ўступіць у палавую сувязь зь ім.​

Празь месяц, 10 жніўня, Эпштэйн скончыў жыцьцё самагубствам у турме пры падазроных абставінах. Яго знайшлі павешаным раніцай у суботу ў камэры.

Пры тым супрацоўнікі турмы Metropolitain Correctional Center абавязаныя былі кожныя паўгадзіны правяраць Эпштэйна ў ягонай камэры. Але замест гэтага ахоўнікі, паводле сьледзтва, спалі ў працоўны час і фальсыфікавалі дакумэнты праверак.

У 2008 годзе мільярдэру ўжо выстаўлялі абвінавачваньні ў пэдафіліі ў Флорыдзе, але тады яго справа завяршылася дасудовым пагадненьнем з пракуратурай. Паводле некалькіх СМІ, гэта было зроблена ў абмен на тое, што мільярдэр стаў інфарматарам ФБР. Аднак Эпштэйну давялося зарэгістравацца як сэксуальнаму злачынцу, выплаціць кампэнсацыю ахвярам і правесьці 13 месяцаў у акруговай турме.

Сьмерць Эпштэйна выклікала шмат вэрсіяў, і найбольш часта гучалі падазрэньні, што гэта было забойства, а не самагубства. Такая тэорыя стала інтэрнэт-мэмам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG