Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У паліцыі Лёндана патлумачылі адмову правесьці расьсьледаваньне супраць прынца Эндру


Каралева Лізавета і прынц Эндру

Прадстаўнікі паліцыі Лёндана назвалі прычыны, па якіх у 2016 годзе было прынята рашэньне не праводзіць поўнае расьсьледаваньне абвінавачваньняў, вылучаных супраць чальца брытанскай каралеўскай сям’і, прынца Эндру, герцага Ёркскага, па справе нябожчыка, амэрыканскага фінансіста і сэксуальнага злачынца Джэфры Эпштэйна.

У чацьвер прадстаўнік паліцыі пацьвердзіў, што ў 2015 годзе паліцыянтам паступіла скарга ад жанчыны, якая сьцьвярджала, што яна стала ахвярай гандлю людзьмі з мэтай сэксуальнай эксплёатацыі. Аўтарам скаргі была амэрыканка Вірджынія Робэртс Джуфр. Яна абвінаваціла фінансіста Джэфры Эпштэйна ў тым, што той утрымліваў яе ў якасьці сэкс-рабыні, і што з 2001 года яе тройчы прымушалі да сэксу з прынцам Эндру, прычым адзін з інцыдэнтаў адбыўся ў Лёндане. Па словах жанчыны, яна была непаўналетняй у той момант, калі яе ўпершыню прымусілі ўступіць у сувязь з прынцам, які зьяўляўся сябрам Эпштэйна.

Кіраўнік сталічнай паліцыі Алекс Мюрэй заявіў, што ў 2016 годзе паліцыя, уважліва разгледзеўшы ўсе абставіны і пракансультаваўшыся з пракуратурай, прыйшла да высновы, што Джуфр зьвярнулася з абвінавачваньнямі не па адрасе.

«Пасьля атрыманьня юрыдычнай кансультацыі, стала ясна, што любыя расьсьледаваньні па справе, зьвязанай з гандлем людзьмі, будуць па большай частцы сканцэнтраваны на дзеяньнях і адносінах па-за межамі Вялікабрытаніі», — сказаў Мюрэй. Паводле яго слоў, паліцыя Лёндана была «неадпаведнай інстанцыяй» для правядзеньня расьсьледаваньня.

Джэфры Эпштэйн памёр у нью-ёркскай турме ў мінулым жніўні. Афіцыйная прычына сьмерці — самагубства. Эпштэйн былі прадʼяўленыя абвінавачваньні ў гандлі людзьмі.

Кіраўнік лёнданскай паліцыі паведаміў, што пасьля сьмерці Эпштэйна рашэньне, прынятае ў 2016 годзе, было перагледжана, аднак у выніку паліцыя вырашыла нічога не мяняць.

59-гадовы прынц Эндру неаднаразова адмаўляў усе абвінавачваньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG