Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плян сыстэмы відэаназіраньня ў Беларусі «схуднеў» у 28 разоў


Ілюстрацыйнае фота

Рэспубліканская сыстэма маніторынгу грамадзкай бясьпекі (РСМГБ) разьвіваецца павольней, чым анансавалі раней, піша Dev.by. Зьбіраліся падключыць 360 тысячаў камэраў, цяпер плян зьменшыўся да 13 тысячаў, а змаглі падключыць менш за 100 камэраў.

Што задумалі

Першы ўказ пра стварэньне РСМГБ Аляксандар Лукашэнка падпісаў яшчэ ў лістападзе 2013 году. У пазьнейшых указах і пастановах зацьверджаны абавязак падлучыць шэраг аб’ектаў да сыстэмы: спартовыя комплексы, транспартныя вузлы, адміністрацыйныя будынкі, буйныя крамы, бары, гатэлі, казіно ды іншае (у апошнюю чаргу — дзіцячыя садкі, школы, клінікі). Поўныя сьпісы не публікавалі, але ў Менску ў 2014 годзе сьпіс быў такі.

У конкурсе на аб’яднаньне лякальных сыстэмаў відэаназіраньня ў адзіную РСМГБ у 2018 годзе перамагло ТАА «24х7 Панаптэс», даччыная кампанія групы Synesis. Ейная праграма Kipod абяцала распазнаваньне твараў і аўтамабільных нумароў, ідэнтыфікацыю парушэньняў пэрымэтру, масавых скопішчаў людзей і выкананьня правілаў дарожнага руху.

Тарыф на паслугі тэхнічнага апэратара вызначылі такім: усяго 20 рублёў за выдачу тэхнічных умоваў і ўсяго 10 рублёў за падключэньне камэры, але штомесячная плата за захаваньне і апрацоўку зьвестак з адной камэры — 103,95 рубля. Чаму Савет міністраў зацьвердзіў менавіта такія тарыфы, невядома, але вядома, што іх могуць пераглядаць.

Што атрымалася

«Калі б усё пайшло паводле пляну, то да канца 2019 году ў РСМГБ былі б ужо тысячы відэакамэраў, кожная зь якіх прыносіла б тэхнічнаму апэратару 50 даляраў абанэнцкай платы на месяц», — адзначае Dev.by і заўважае, што «нешта пайшло ня так».

Чыноўнікі не называлі канкрэтных лічбаў, але апэратар сыстэмы казаў спачатку пра 360 тысячаў камэраў у сыстэме на 2023 год, сёлета пляны зьменшыліся да 13 тысячаў камэраў, але ўжо на 2021 год.

На канец 2019 году падключылі менш за 100 камэраў, пацьвердзіў Dev.by намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы правапарадку МУС Аляксандар Жылінскі.

Цяпер «працэс ідзе з рыпам», прызнаўся ён: падключаныя толькі чыгуначны вакзал, аўтавакзал і мэтро ў Менску. Былыя супрацоўнікі Synesis расказалі Dev.by, што ў час Эўрапейскіх гульняў было падключана каля 2000 камэраў у тэставым рэжыме, але пасьля спаборніцтваў іх адключылі.

Жылінскі ж расказаў, што рэглямэнт функцыянаваньня РСМГБ цяпер на разглядзе ў Міністэрстве юстыцыі, а празь яго адсутнасьць сыстэма «буксавала» ў 2019 годзе. Але праблемы ён зьвязвае і зь «фінансавым становішчам і несьвядомасьцю бізнэсу». Жылінскі дадаў, што калі аб’ект мае, напрыклад, 150 камэраў, то можа падключыць да РСМГБ толькі 15–20 — «гэта аблегчыць працэс і фінансава, і маральна».

Кампаніі Synesis і «24х7 Панаптэс» адмовіліся ад камэнтароў парталу Dev.by.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG