Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка як антыўтопія


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Учора на сустрэчы з чытачамі філёзаф Валянцін Акудовіч заўважыў, што нашы мысьляры яшчэ не адрэфлексавалі фэномэн беларускага аўтарытарызму (варыянт – дыктатуры). Наперадзе вялікая праца.

Для чаго гэта патрэбна? Па-першае, каб убачыць сваю нацыю ў шэрагу іншых мадэрных нацыяў, якія прайшлі падобны пэрыяд, убачыць сябе збоку – прыкмета сталеньня і чалавека, і нацыі. Па-другое, каб ператварыць уласныя пасівы ў актывы, бо аўтарытарызм і дыктатура для зьнешняга спажыўца заўсёды прывабны тавар. Тут, між іншым, цэлая зьмена нацыянальнага дыскурсу – мы пачынаем думаць пра актывы, тое, што робіць нас як нацыю моцнымі. Раней толькі плакалі, сварыліся і наракалі на долю. Па-трэцяе, каб даць адказ на пытаньне: ці быў беларускі аўтарытарызм непазьбежным?

Хтосьці скажа, што гэта зусім не беларуская дыктатура, а крэатура Крамля, акупацыя. Але заўважце, што такая ацэнка калі й гучала ў апазыцыйных колах лягічна і звонка, дык раней, а сёньня крыху рэжа слых. Ва ўладзе дадзена адмашка на «мяккую беларусізацыю», прыкметы якой можна прыводзіць ужо сотнямі. А вышымайка, якая стала сымбалем гэтай «мяккай» – гэта ня што іншае, як першы крок да матывацыі, выкараніць якую лукашэнкаўскімі рэпрэсіямі будзе ўжо немагчыма. Тут патрэбныя сталінскія.

«Мяккая беларусізацыя» вітаецца ня толькі ўладай, але і народам. Роўна з таго моманту, як зь беларушчыны спаў вэлюм палітызацыі. Мова перастала быць бээнэфаўскай, апазыцыйнай, якую ўладацэнтрычны народ дружна абходзіў стараной.

Іншымі словамі, мы за паўкроку ад таго, каб канчаткова і цалкам прызнаць гэты прамаскоўскі, безумоўна, аўтарытарны рэжым беларускім.

Пытаньне – ці мог ён быць іншым?

Цікавы ў гэтым сэнсе погляд выказаў у 82-м нумары часопіса «Дзеяслоў» яшчэ адзін беларускі мысьляр Пятро Васючэнка. Ён кажа пра літаратуру ў шырокім сэнсе слова (тут і журналістыка, і прамовы, і само думаньне), маўляў, сваімі прадказаньнямі мы ня толькі прагназуем, але і ствараем будучыню. Скажы «ўсё прапала» і ўсё прападзе. Скажы «мова гіне» і яна будзе гібець. Скажы «прэзыдэнцтва ў Беларусі абернецца дыктатурай» і… Твае словы ды Богу ў вушы. Калі Пятро Васючэнка мае рацыю, застаецца толькі шкадаваць, колькі мы страцілі з-за дрэнных прагнозаў, якія іншым разам гучалі як чыстае клікушніцтва (ад слова клікаць).

Назваўшы асноўным жанравым набыткам сусьветнае літаратуры ў 20-м стагодзьдзі антыўтопію (усе войны, тыранія і катаклізмы былі перад тым апісаныя ў літаратуры часам з дакладнасьцю да адзін у адзін), Васючэнка заклікае вярнуцца да жанру ўтопіі – праектаваць у сваіх творах, прамовах і галаве добрую будучыню. Дадам – і думаць пра нацыянальныя актывы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG