Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мабільныя датчыкі хуткасьці вырашылі зноў вярнуць на дарогі


Ілюстрацыйнае фота. Менская кальцавая аўтамабільная дарога

Мабільныя датчыкі хуткасьці на беларускія дарогі неўзабаве вернуць, але зьменіцца падыход да іх усталяваньня, паведаміў начальнік УДАІ МУС Дзьмітры Карзюк, піша БелТА.

Паводле яго, да гэтага часу вызначана ўжо 20 месцаў, дзе будуць знаходзіцца камэры.

16 сьнежня падчас нарады аб адміністрацыйнай адказнасьці Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў міліцыю, якая занадта захапілася спагнаньнем штрафаў, у прыватнасьці «лістамі шчасьця» ад ДАІ.

19 сьнежня мабільныя камэры фіксацыі хуткасьці прыбралі з дарог Беларусі.

Пазьней у МУС удакладнілі, што неўзабаве супрацоўнікі ДАІ і ўладальнікі дарог (Ментранс, аблвыканкамы і Менгарвыканкам) «правядуць рэвізію дарожных знакаў і з улікам дэталёвага аналізу здарэньняў, зьвязаных з парушэньнем хуткасьці руху, унясуць адпаведныя папраўкі ў працу прыбораў для вымярэньня хуткасьці».

Тады ж міністар унутраных спраў Юры Караеў даў рэкамэндацыі супрацоўнікам ДАІ «максымальна арганізаваць папераджальную працу з удзельнікамі дарожнага руху і дыфэрэнцыявана падыходзіць да кожнага канкрэтнага выпадку», але адзначыў, што язду ў нецьвярозым стане, непрапусканьне пешаходаў або праезд на чырвонае сьвятло праваахоўнікі, натуральна, дараваць ня будуць.

Усяго ў краіне 540 датчыкаў фотафіксацыі, зь іх мабільных — усяго 57.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG