Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка падпісаў указ пра відэаназіраньне па ўсёй краіне


Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 187 «Аб рэспубліканскай сыстэме маніторынгу грамадзкай бясьпекі». Пра гэта паведамляе ягоная прэсавая служба.

Згодна з дакумэнтам, у інтарэсах забесьпячэньня грамадзкага парадку існы ў краіне комплекс сыстэмаў відэаназіраньня будзе абʼяднаны ў цэнтралізаваную сыстэму маніторынгу.

Навошта сачыць і хто трапіць у абʼектыў

Асноўнай задачай новаўвядзеньня — прафіляктыка, выяўленьне, раскрыцьцё і спыненьне злачынстваў; вышук асобаў, датычных да правапарушэньняў; зьвесткі пра зьніклых бязь вестак; папярэджаньне надзвычайных сытуацый.

Дзеля гэтага сыстэма маніторынгу будзе абсталявана праграмным забесьпячэньнем са спэцыяльнымі дэтэктарамі, якія дазваляюць ажыцьцяўляць фіксацыю пэўных падзей.

Мяркуецца стварыць відэаархіў з магчымасьцю пошуку неабходнай інфармацыі. Правам атрымліваць інфармацыю, зафіксаваную сыстэмай маніторынгу, надзяляюцца органы правапарадку ды iншыя субʼекты згодна з кампэтэнцыяй.

Міністэрства ўнутраных спраў прызначаецца ўпаўнаважаным органам, які мусіць каардынаваць дзейнасьць дзяржаўных арганізацый у працэсе стварэньня, функцыянаваньня і выкарыстаньня сыстэмы маніторынгу.

Месяц таму, калі праект сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі быў толькі анансаваны, аналітыкі падлічылі, у колькі ён абыдзецца бюджэту і падаткаплатнікам — ня меней за 100 мільёнаў даляраў. Такую лічбу агучылі ўдзельнікі перадачы «Контуры» на тэлеканале АНТ. Гэта ўдвая больш, чым у бюджэце-2017 выдаткавана на самі органы дзяржаўнай бясьпекі.

У якой ступені глябальная сыстэма сачэньня можа абмежаваць асабістыя свабоды і правы грамадзянаў Беларусі?

Што могуць спэцслужбы і як з гэтым жыць

Паводле экспэртаў у галіне бясьпекі, тэхнічна вулічныя камэры могуць аўтаматычна распазнаваць твары людзей і ацэньваць зьмены ў абстаноўцы.

У сьвеце ўжо існуюць экспэрымэнтальныя тэхнічныя сыстэмы, якія могуць прадказваць паводзіны або нават масавыя беспарадкі — перадусім пры дапамозе аналізу зьвестак пра іх лякацыі ад мабільных апэратараў альбо ад сацыяльных сетак. Ці будуць выкарыстоўвацца ў Беларусі менавіта такія сыстэмы, пакуль невядома.

Але ўжо не сакрэт, што зьвесткі мабільных апэратараў пра месцазнаходжаньне абанэнтаў выкарыстоўваліся беларускімі спэцслужбамі ў 2010–2011 гадах.

Апроч таго, КДБ можа легальна праслухоўваць любыя размовы — дастаткова санкцыі пракурора, старшыні Сьледчага камітэту альбо старшыні КДБ. Раней паведамлялася, што сілавікі нібыта набылі прыладу для ўзлому тэлефонаў, якой няма нават у ФБР. Да таго ж ад 2016 году ўсе правайдэры абавязаныя захоўваць зьвесткі пра наведаныя карыстальнікамі сайты.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG