Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах і ўжо вызначылася з кандыдатам


Зьезд Партыі БНФ - Аляксей Янукевіч
Зьезд Партыі БНФ - Аляксей Янукевіч

Партыя БНФ будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году. Намесьнік старшыні партыі Аляксей Янукевіч стане або кандыдатам ад партыі, або адным з прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ад апазыцыі.

Як расказаў Свабодзе Аляксей Янукевіч, у БНФ сапраўды спыніліся на ягонай кандыдатуры, рашэньне «ня будзе мяняцца».

Хто такі Янукевіч

Нарадзіўся ў Менску 30 чэрвеня 1976 году (43 гады на момант публікацыі). Нежанаты. Паводле веравызнаньня рыма-каталік. Мае вышэйшую адукацыю (БДЭУ, «кіраваньне замежнаэканамічнай дзейнасьцю»), працаваў выкладчыкам эканомікі ў Коласаўскім ліцэі, намесьнікам дырэктара сумеснага прадпрыемства «Аркадыя».

Ад 1996 году сябра партыі БНФ, ад 1999-га — сябра сойму партыі, намесьнік старшыні партыі ў 2003–2009 гадах і ад 2017 году па цяперашні час. У 2009–2017 гадах быў старшынём партыі БНФ, пакінуў пасаду праз забарону займаць яе больш за два тэрміны.

Таксама быў дэлегатам устаноўчага сойму «Маладога фронту», сябрам цэнтральнай рады (1997–2000) і намесьнікам старшыні (1999–2000) арганізацыі.

Быў кандыдатам у мясцовыя Саветы ў 2003 і 2007 гадах, у Палату прадстаўнікоў у 2004, 2008 і 2016 гадах (у 2012-м зьняў кандыдатуру), у 2006 годзе быў даверанай асобай Аляксандра Мілінкевіча — адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. У 2015-м быў у ініцыятыўнай групе кандыдаткі ў прэзыдэнты Тацяны Караткевіч, якую тады падтрымала партыя БНФ.

Што з ідэяй адзінага кандыдата ад апазыцыі

«Ёсьць пэўная імавернасьць, што калі мы зь іншымі калегамі дамовімся на нейкую працэдуру выхаду на супольнага кандыдата, то я буду ўдзельнічаць у гэтай працэдуры як кандыдат ад БНФ, — дадаў Янукевіч. — А калі не дамовімся, то тады пойдзем на выбары самі».

Раней партыі правацэнтрысцкай кааліцыі (АГП, БХД і рух «За свабоду» — БНФ туды не ўваходзіць) назвалі трох прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата: Мікалая Казлова (старшыня АГП), Паўла Севярынца (сустаршыня БХД) і Юрася Губарэвіча (старшыня «За свабоду»). Хто зь іх будзе адзіным, вырашылі вызначыць праз праймэрыз, але працэдуры пакуль не правялі.

На ранейшым Сойме БНФ былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім заявіла, што ня будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году ў Беларусі ад дэмакратычных сілаў, калі ў іх возьме ўдзел кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка.

Пакуль, кажа Янукевіч, абмяркоўваецца нават «больш складаны мэханізм» выбару адзінага кандытата ад дэмактарычных сілаў, чым праймэрыз правацэнтрыстаў, але які ён будзе і ці будзе наогул, стане вядома «ў першай палове ці самае позьняе ў канцы студзеня».

Удзел у выбарах — легітымізацыя Лукашэнкі?

Янукевіч упэўнена кажа: дэмакратычных выбараў у Беларусі няма. Ён і не чакае, што выбары будуць дэмакратычнымі ў 2020 годзе, хоць «мы павінны быць гатовыя да розных сцэнароў».

«Але з пэрспэктывы сёньняшняга дня не выглядае, што пратэставыя настроі ў грамадзтве могуць быць настолькі вялікімі, каб праз вулічны ціск дамагчыся правядзеньня свабодных выбараў, — разважае ён. — Таму, найхутчэй, па выніках выбараў у 2020 годзе Аляксандар Лукашэнка будзе абвешчаны пераможцам і захавае ўладу».

Пры тым Янукевіч перакананы, што ўдзел у выбарах патрэбен для «кансалідацыі і мабілізацыі нацыянальных дэмакратычных сілаў, каб было выразна прадэманстравана і беларускім уладам, і расейскім уладам, і вольнаму сьвету, і беларускаму грамадзтву, што ядро прыхільнікаў незалежнасьці шырокае, што бяз гэтай вялікай часткі грамадзтва немагчыма вырашаць лёс Беларусі».

Аднак сярод беларускай апазыцыі ёсьць і тыя, хто лічыць, што ўдзел у выбарах — толькі «легітымізацыя» гэтых выбараў, што адзіны варты варыянт — байкот усёй кампаніі. Янукевіч з такой пазыцыяй нязгодны: «легітымізацыя», кажа ён, адбываецца тады, калі нейкі кандыдат удзельнічае ў выбарах, «не выяўляючы ўласных каштоўнасьцяў і не артыкулюючы альтэрнатыўную цяперашнім уладам лінію».

Байкот «як працэдура абнуленьня выбараў» сёньня практычна немагчымы, мяркуе Янукевіч. Маніпуляцыі адбываюцца ня толькі з галасамі выбарнікаў, але і зь яўкай, сьцьвярджае ён, а грамадзтва не гатовае масава пратэставаць супраць фальсыфікацыяў і маніпуляцыяў. У такім выпадку «байкот азначае няўдзел і самаўхіленьне», а гэта «не дапамагае набліжэньню свабоды і ўмацаваньню незалежнасьці».

Янукевіч пагаджаецца з тым, што папярэднія кампаніі апазыцыянэраў на прэзыдэнцкіх выбарах ня мелі значнага ўплыву на сытуацыю ў краіне, але адзначае, што, напрыклад, на выбарах 2010 году, калі «былі і тыя, хто шукаў дэмакратычныя імпульсы з Масквы», удзел Рыгора Кастусёва ад БНФ «зь вельмі выразнай незалежніцкай і прабеларускай тэматыкай» «нашыя ідэі і каштоўнасьці ў грамадзтве ўзмацніў». Таксама і кампанія Мілінкевіча ў 2006 годзе мела важнае значэньне, дзякуючы ёй «Беларусь умацавала незалежнасьць».

Галоўнае, дадае Янукевіч, каб кандыдат ставіў «высокія, але даcягальныя мэты» і «перасьледаваў не палітычныя амбіцыі, а менавіта каштоўнасныя мэты».

***

Прэзыдэнцкія выбары маюць адбыцца ў другой палове 2020 году. Старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына называла магчымую дату прэзыдэнцкіх выбараў — 30 жніўня 2020 году. Раней гэта быў дзень нараджэньня Аляксандра Лукашэнкі, але ў 2010 годзе ён яго памяняў на 31 жніўня, дзень нараджэньня сына Мікалая. У 2020 годзе кіраўніку Беларусі споўніцца 66 гадоў, ён знаходзіцца на пасадзе ўжо 25 гадоў і зьбіраецца зноў удзельнічаць у выбарах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG