Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму апазыцыя марудзіць з адзіным кандыдатам на прэзыдэнта


Ілюстрацыйнае фота

Апазыцыйныя палітыкі раз за разам зьдзіўляюць нечаканымі заявамі. 21 сьнежня на пасяджэньні сойму Партыі БНФ цяпер ужо былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім заявіла пра адмову ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году, калі сярод кандыдатаў будзе Аляксандар Лукашэнка. Між тым, 17 лістапада кіраўнік дзяржавы публічна заявіў пра тое, у чым і так ніхто не сумняваўся — што хоча і далей заставацца на прэзыдэнцкай пасадзе.

Сьцісла

  • Анісім нечакана адмовілася ад удзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах.
  • З адной і той жа партыі на адзінага кандыдата на прэзыдэнта прэтэндуюць двое актывістаў.
  • Паасобку апазыцыянэры наўрад ці здольныя сабраць 100 тысяч подпісаў.

Цяжка зразумець мэты спадарыні Анісім. Яна яшчэ ўлетку адной зь першых заявіла пра свой намер балятавацца на прэзыдэнцкіх выбарах. А зараз дае задні ход. Магчыма, так на яе паўплывалі хада і вынік выбараў у Палату прадстаўнікоў?

З дысцыплінай у апазыцыі складана

Праблема адзінага прэтэндэнта ад дэмакратычнай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах усплыла чарговым разам. На супрацу пакуль публічна пагадзілася толькі Правацэнтрысцкая кааліцыя, якая ўключае ў сябе Абʼяднаную грамадзянскую партыю, аргкамітэт партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і рух «За свабоду». Яшчэ 25 верасьня 2018 году гэтыя тры структуры абвесьцілі намер вылучыць адзінага кандыдата. Пазьней назвалі і трох прэтэндэнтаў: па адным ад кожнага субʼекта. Гэта адпаведна Мікалай Казлоў, Павал Севярынец і Юрась Губарэвіч. Дамовіліся правацэнтрысты і пра форму вызначэньня такога кандыдата — праз праймэрыз.

Але мінуў больш як год, а конкурс дагэтуль не адбыўся. Штораз знаходзіліся розныя прычыны не сьпяшацца. Апошні аргумэнт быў такі: дачакаемся выбараў у Палату прадстаўнікоў, паглядзім, хто трапіць у парлямэнт, і тады абавязкова вызначымся. Вынікі выбараў вядомыя — нікога з апазыцыі ў парлямэнт не прапусьцілі. Адбылося галасаваньне 17 лістапада. Значыць, ужо пяць тыдняў як зьнікла і гэтая перашкода. А праймэрыз як не было, так і няма.

Болей за тое, пра намер удзельнічаць у выбарах заявіла актывістка БХД Вольга Кавалькова. Адразу хочацца запытацца: а як жа з партыйнай і карпарацыйнай дысцыплінай? Так, правацэнтрысты дапускаюць да ўдзелу ў праймэрыз, акрамя трох згаданых лідэраў, і іншых асобаў з дэмакратычным бэкграўндам. Але калі яны ня могуць дамовіцца ўнутры адной партыі, то цяжка спадзявацца на агульную згоду ў шырэйшым фармаце.

Як сабраць 100 000 подпісаў

Кожны, хто хоча ўдзельнічаць у выбарах, уключаючы дзейнага кіраўніка дзяржавы, мусіць сабраць у сваю падтрымку як найменей 100 тысяч подпісаў грамадзянаў Беларусі, якія маюць права галасаваць. Задача, як паказаў досьвед папярэдняй выбарчай кампаніі ў 2015 годзе, надзвычай складаная. Раней, і гэта фактычна не хавалася, зьбіральнікі подпісаў атрымлівалі за працу пэўны ганарар. У 2015 годзе Абʼяднаная грамадзянская партыя і партыя «Справядлівы сьвет» паспрабавалі зрабіць гэтую працу на чыстым энтузіязьме. У выніку ў падтрымку як Анатоля Лябедзькі, так і Сяргея Калякіна не сабралі і паловы неабходнай колькасьці подпісаў.

На мой погляд, і ў 2020 годзе, калі ня будзе адзінага кандыдата, а апазыцыя ўступіць у кампанію ў такім расьцярушаным выглядзе, неабходных подпісаў не зьбярэ ніхто. Чыста фізычных сілаў не хапае. А фінансавае становішча апазыцыі за апошнія гады не палепшылася. Хутчэй наадварот. Выглядае, што і чарговая кампанія адбудзецца бяз грошай. А гэта вельмі зручна ўладзе, бо яна атрымае магчымасьць сама выбіраць сабе ў супернікі кандыдата ад апазыцыі.

Можа, апазыцыянэры спадзяюцца паўтарыць сцэнар 2010 году, калі на фінішы выбарчай кампаніі аказаліся аж 10 кандыдатаў? Але тады і фінансавыя магчымасьці ў іх былі куды лепшыя, ды і ўлада, як дагэтуль лічаць многія экспэрты, сама выбрала такі сцэнар кампаніі. І таму ведамства спадарыні Ярмошынай заплюшчыла вочы на шматлікія падробкі ў падпісных лістах і зарэгістравала ўсіх ахвотных.

Як было раней

Адзіны кандыдат ці розныя калёны — гэта вечнае пытаньне беларускай апазыцыі. Двойчы, хоць і зь вялікім рыпам, але адзінага абіралі. У 2001 годзе ім быў Уладзімер Ганчарык. У 2006 — Аляксандар Мілінкевіч. Дарэчы, Мілінкевіч казаў, што ягонае абраньне праз Кангрэс дэмакратычных сілаў стала добрай мабілізацыяй для грамадзтва. У выніку ініцыятыўная група тады склала больш за 5 тысячаў чалавек.

Хто яшчэ зьбіраецца ў прэзыдэнты?

Пра намер удзельнічаць у чарговай прэзыдэнцкай кампаніі таксама ўжо заявілі:

  • Алег Гайдукевіч — старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі;
  • Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» — кандыдата назавуць пазьней;
  • Сяргей Скрабец — былы палітвязень і дэпутат;
  • Мікола Статкевіч — ад Беларускага нацыянальнага кангрэсу.

Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі (2001, 2006, 2010, 2015), за выключэньнем выбараў 1994 году, на якіх яго ўпершыню абралі прэзыдэнтам, не былі прызнаныя дэмакратычнымі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG