Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: У адрозьненье ад большасьці астатніх, Партыя БНФ не ператварылася ў сэкты або ў камэрцыйныя фірмы»


Аляксей Янукевіч, архіўнае фота
Аляксей Янукевіч, архіўнае фота

30 верасьня — чарговы зьезд Партыі БНФ. Сёньняшні герой «Інтэрвію тыдня» — цяперашні старшыня партыі Аляксей Янукевіч, які паводле партыйнага статуту ня можа вылучацца на наступны, трэці тэрмін. Ён тлумачыць, чаму перастаў падтрымліваць кандыдатуру Вольгі Дамаскінай, распавядае, як некаторыя прапаноўвалі Партыі БНФ «гандляваць партыйнымі пасьведчаньнямі», і заяўляе, што зьбіраецца вылучацца ў прэзыдэнты.

— 30 верасьня, у суботу, у Менску адбудзецца чарговы зьезд Партыі БНФ. Вы як цяперашні старшыня, які ня можа вылучацца на наступны тэрмін, выступіце са справаздачным дакладам. Там у нас будзе шмат часу для гэтага выступу, але тут, у нашай перадачы, я даю вам хвіліну, каб коратка распавесьці пра той шлях, які прайшла Партыя БНФ за 8 гадоў вашага кіраўніцтва.

— Калі казаць пра самае асноўнае — то, нягледзячы на тыя складаныя ўмовы, у якіх нам даводзіцца дзейнічаць, мы ня проста рухаемся наперад, мы разьвіваемся. У адрозьненьне ад пераважнай большасьці ўсіх астатніх суб’ектаў, якія ператварыліся або ў сэкты, або ў камэрцыйныя фірмы. Самым галоўным маім і нашым агульным дасягненьнем за гэтыя гады ёсьць тое, што Партыя БНФ ня проста стала палітычна самастойнай, але і фармуе палітычны парадак дня ў краіне.

Гэта пачалося з пытаньня пра расейскую авіябазу, якое мы шмат гадоў уздымалі. У выніку ўсе сталі пра гэта казаць, і расейская авіябаза не была разьмешчаная на тэрыторыі Беларусі. Цяпер мы бачым пытаньне пра кантроль на мяжы з Расеяй, якое мы шмат гадоў пасьлядоўна прасоўвалі. За гэта нас шмат хто крытыкаваў, кажучы, што гэта надта радыкальная прапанова — але цяпер і іншыя палітычныя арганізацыі наважваюцца пра гэта казаць. Мы бачым, што тыя пункты, якія партыя БНФ прасоўвае, з часам становяцца асноўнымі для ўсяго незалежнага грамадзтва.

Тыя пункты, якія партыя БНФ прасоўвае, з часам становяцца асноўнымі для ўсяго незалежнага грамадзтва

І гэта яшчэ ня ўсё. Я павінен абавязкова сказаць пра «Моладзь БНФ», якая на сёньня зьяўляецца адзінай палітычнай масавай моладзевай арганізацыяй у Беларусі. Два гады таму гэтая арганізацыя адрадзілася, сотні маладых людзей прыйшлі ў яе. Партыя БНФ заняла такую палітычную лінію, якая матывавала моладзь прыйсьці ў палітыку, мы стварылі тыя ўмовы, у якіх яны абралі менавіта Партыю БНФ.

У нас ёсьць посьпехі і на міжнароднай арэне. Мы ўвайшлі ў альянс кансэрватараў і рэфармістаў у Эўропе. І на сёньня Партыя БНФ — адзіная палітычная партыя зь Беларусі, якая ўваходзіць у агульнаэўрапейскія аб’яднаньні з правам поўнага голасу. Мы там галасуем, у адрозьненьне ад IPP, якая дае толькі правы назіральнікаў арганізацыям зь Беларусі.

— Гэта, канечне, вельмі крутая і сьмелая заява пра тое, што толькі Партыя БНФ разьвіваецца, у той час як астатнія ператвараюцца невядома ў што. Я вас слухаю, і ў мяне ўражаньне, што мы гаворым пра нейкія розныя рэальнасьці. У вашай рэальнасьці Партыя БНФ — магутная палітычная сіла. У іншай рэальнасьці нават самі актывісты БНФ часам пішуць у сацыяльных сетках, што партыі няма, дзейнасьці няма, акцыяў арганізоўваць не ўдаецца, усё ідзе ў заняпад і гэтак далей. Якая ж рэальнасьць бліжэйшая да ісьціны?

— Усё залежыць ад таго, зь якога пункту гледжаньня пазіраць на сытуацыю. Калі параўноўваць палітычныя партыі Беларусі зь любой палітычнай сілай на Захадзе, то, вядома, нельга казаць пра тую самую масавасьць. І, канечне, у тых умовах, у якіх мы існуем, мы маем абмежаваны ўплыў і на палітыку, і на беларускае грамадзтва. Мы гэта прызнаём і мы гэта ведаем. У нас вельмі абмежаваная матэрыяльна-тэхнічная база, і мы гэтага не хаваем. Але калі замкнуцца на пытаньні, што нам перашкаджае і якія ў нас ёсьць слабасьці, тады можна зусім скласьці рукі. Мы гэтага рабіць не зьбіраемся.

І я хачу заахвоціць ня толькі сяброў нашай партыі, але і ўсё беларускае грамадзтва — усе разам мы маем сілу, мы можам дамагацца невялікіх перамогаў, можам фармаваць будучыню Беларусі.

— А ці ёсьць у вас звычка пераглядаць вашы старыя інтэрвію? Памятаю, адразу, як вы абраліся першы раз на старшыню БНФ, вы казалі, што ставіце мэту, каб Партыя БНФ стала самай масавай палітычнай сілай у Беларусі. Ці вы лічыце, што гэтая мэта была дасягнутая?

— Назавіце мне на сёньня больш масавую палітычную сілу ў Беларусі, чым БНФ. Але насамрэч — канечне. Калі ты ставіш перад сабой задачы, ты імкнесься дасягнуць максымуму, хоць разумееш, што верагоднасьць дасягненьня гэтага максымуму не такая вялікая. Мы яшчэ не такая масавая партыя, як мы б хацелі быць, нам ёсьць куды расьці. І я перакананы, што курс на разьвіцьцё, які быў узяты, быў слушны, і ён спраўдзіўся.

— Давайце пагаворым пра кандыдатаў, якія прэтэндуюць на пасаду новага старшыні Партыі БНФ. У жніўні ў гэтай жа перадачы «Інтэрвію тыдня» кандыдатка, якая на той момант падтрымлівалася цяперашнім кіраўніцтва партыі, Вольга Дамаскіна, заявіла, што «прыйшла на два тэрміны». У мяне такое падазрэньне, што менавіта гэтая фраза і зьмяніла яе партыйны лёс. Бо пасьля гэтага нечакана вылучаецца Рыгор Кастусёў, які, наколькі я разумею, цяпер і ёсьць «кандыдатам ад кіраўніцтва». А што здарылася з Дамаскінай, чым яна правінілася?

— Нічога з Дамаскінай ня здарылася, Вольга працягвае сваю кампанію і зьяўляецца рэальным прэтэндэнтам на пасаду старшыні. Можа, яна ці нехта яшчэ няправільна зразумелі, што значыць «падтрымаць». Калі яна выявіла такое жаданьне, мы ёй сказалі — «давай, канечне, мы падтрымаем тваё імкненьне змагацца за старшыню».

Але, пры ўсёй павазе да Вольгі, мы бачым, што яна ня ўдзельнічае ў сходах па вылучэньні кандыдатаў, не стварае інфармацыйныя нагоды, ад моманту інтэрвію на Свабодзе мы ня можам узгадаць нічога іншага. За тры месяцы інфармацыйнай кампаніі гэта малавата. Яна нават у Фэйсбуку ня піша пра партыю, не выступае зь нейкімі прапановамі. У выніку склалася сытуацыя, калі ты ня можаш падтрымаць Вольгу Дамаскіну, бо ты ня можаш падтрымаць пустату, ты ня можаш падтрымаць тое, чаго не існуе.

У выніку склалася сытуацыя, калі ты ня можаш падтрымаць Вольгу Дамаскіну, бо ты ня можаш падтрымаць пустату, ты ня можаш падтрымаць тое, чаго не існуе

Я перакананы, што шмат хто, у тым ліку па-за межамі БНФ, няправільна ўспрымае тыя працэсы, якія адбываюцца ўнутры партыі. Права «прызначаць» новага старшыню мне ніхто не даваў, і дзякуй Богу. Ня можа быць нейкага «пераемніка», бо БНФ — гэта дэмакратычная арганізацыя.

— Нечаканае вылучэньне Рыгора Кастусёва стала знакам таго, што менавіта ён цяпер успрымаецца як галоўны прэтэндэнт на пасаду старшыні. Ці пераконвалі вы асабіста яго вылучацца?

— Адпачатку спадар Рыгор заяўляў, што лепей даць дарогу маладзейшым. І мы лічылі, што трэба даць шанец Вользе Дамаскінай паспрабаваць заваяваць падтрымку дэлегатаў. Але мы пабачылі, што гэта вельмі слабы кандыдат, які папросту не гатовы ўзначальваць Партыю БНФ. Асабіста я лічу Вольгу вельмі добрым чалавекам, але я лічу, што на сёньняшні момант яна не гатовая быць, можа, нават намесьнікам.

Калі ёсьць пэўная няяснасьць з тым, хто ўзначаліць партыю — пачынаюцца розныя хадакі да магчымых прэтэндэнтаў з рознымі мутнымі прапановамі

Плюс, як гэта заўсёды бывае ў любым палітычным працэсе, калі ёсьць пэўная няяснасьць з тым, хто ўзначаліць партыю — пачынаюцца розныя хадакі да магчымых прэтэндэнтаў з рознымі мутнымі прапановамі.

— Што гэта азначае, якія «мутныя» прапановы?

— Ведаеце, гэта не сакрэт. Калі я быў старшынём, да мяне прыходзілі і казалі — «вось партыя ў цяжкім матэрыяльным становішчы, давайце зробім пару партыйных пасьведчаньняў, людзі ў ЗША вельмі ў гэтым зацікаўленыя, яны дапамогуць матэрыяльна». Я заўсёды катэгарычна такія прапановы адмятаў. Партыя БНФ вельмі адказна ставіцца да каштоўнасьці нашых сяброўскіх білетаў, і абы-каго ў партыю мы не прымаем.

— А як такія людзі з такімі прапановамі могуць паўплываць на выбары старшыні?

— Яны ня могуць паўплываць на выбары старшыні, яны могуць спрабаваць уплываць на самога старшыню. І калі мы паглядзелі, што няма моцнага кандыдата, калі ў нас стаяць вельмі важныя задачы падрыхтоўкі да прэзыдэнцкіх выбараў — нам не патрэбныя нейкія экспэрымэнты, нам патрэбны надзейны чалавек, які б засьведчыў, што ён не зламаецца, ня выкіне нейкіх сюрпрызаў, вытрымае ўсю нагрузку.

Спадар Рыгор Кастусёў быў кандыдатам у прэзыдэнты, праз многае прайшоў. І сваім досьведам ён пацьвярджае, што будзе абараняць найперш партыйныя інтарэсы. І таму — так, я яму казаў, што вельмі важна, каб ён зараз узяў на сябе гэты цяжар, гэтую адказнасьць — працягваць тое, што мы рабілі 8 гадоў, выбудоўваць самастойную лініі Партыі БНФ.

— Я чуў ад некаторых сяброў партыі, што на зьезьдзе, магчыма, будзе абвешчана пра намер партыі вылучыць кандыдата ад БНФ на наступныя прэзыдэнцкія выбары. Ці можаце ўжо зараз сказаць, ці адбудзецца гэта на зьезьдзе?

— Такія думкі ёсьць, у тым ліку ў мяне. Будзе прапанова, каб на зьезьдзе адбылося вылучэньне кандыдата ад БНФ на наступныя прэзыдэнцкія выбары. І калі гэта адбудзецца, я буду прапаноўваць сваю кандыдатуру.

— Вядома, для беларускага палітыка параўнаньне з Пуціным — напэўна, самае крыўднае і ганебнае. Але — Пуцін быў прэзыдэнтам. Потым дазволіў пабыць Мядзьведзеву (бо Канстытуцыя не дазваляла быць кіраўніком дзяржавы больш за 2 тэрміны запар) і зноў вярнуўся. Таму пытаньне для вас — праз тры гады, калі скончыцца тэрмін новага старшыні, якога абяруць на зьезьдзе, вы захочаце вярнуцца на пасаду старшыні?

— Я не выключаю, што захачу, — гэта праўда. Але паралелі з Пуціным тут ня вельмі дарэчныя. Расейскае кіраўніцтва мае калясальныя фінансавыя сродкі, адміністрацыйны рэсурс, дзяржаўны гвалт. У партыі БНФ усё па-іншаму, гэта дэмакратычная... я скажу нават, гэта адзіная дэмакратычная палітычная сіла ў Беларусі. Я ўжо чацьвёрты старшыня, будзе пяты, і ніколі гэта ня быў «пераемнік».

Гэта натуральная форма разьвіцьця ўнутрыпартыйнай дэмакратыі. Нават Зянон Пазьняк, які валодаў вельмі моцнай харызмай, не вылучаў нейкага «пераемніка». Унутрыпартыйная дэмакратыя ў БНФ існуе, існавала і будзе існаваць.

— Дык які канкрэтна ваш партыйны лёс пасьля заўтрашняга зьезду? Вы будзеце вылучацца ў намесьнікі?

— У нас прапануецца новая схема абраньня старшыні і намесьнікаў — сьпісамі. Каб кандыдат на старшыню адразу прапаноўваў і намесьнікаў. Я лічу гэта лягічным і разумным, і я ўжо публічна абвясьціў, што я гатовы і хацеў бы працаваць у якасьці намесьніка Рыгора Кастусёва. Калі іншыя кандыдаты мне прапаноўвалі, я адказаў ім — не, я не лічу, што ваша кандыдатура можа быць добрай для партыі, і не хачу дзяліць адказнасьць у тым выпадку, калі вас абяруць.

У любым выпадку думаю, што мяне абяруць у Сойм і я працягну актыўна працаваць на карысьць Партыі БНФ. Ніякіх іншых палітычных праектаў у мяне няма і ня можа быць.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG