Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільля Дабратвор: «БНФ трэба адмовіцца ад „шляхецтва“. А Дамаскіну я лёгка перамагу»


Ільля Дабратвор
Ільля Дабратвор

Кандыдат на старшыню БНФ, індывідуальны прадпрымальнік Ільля Дабратвор — чарговы герой перадачы «Інтэрвію тыдня». Ён кажа, што верыць у магчымасьць аб’яднаньня Партыі БНФ і КХП БНФ, тлумачыць, як Фронт павінен адмовіцца ад «шляхецтва», і адказвае на пытаньне, чаму вядзе свае старонкі ў сацыяльных сетках на расейскай мове.

Цыганкоў: Вы ў свой час абвясьцілі пра намер на найбліжэйшым зьезьдзе Партыі БНФ, які пройдзе ў верасьні, вылучацца на пасаду старшыні партыі. Ваша вылучэньне — гэта намер усур’ёз пазмагацца за гэтую пасаду? Ці, як гэта часта бывае ў Беларусі, гэта крок дзеля ўласнай палітычнай будучыні, дзеля славы, а не рэальная барацьба за пасаду кіраўніка БНФ?

Дабратвор: Гэта мая заяўка, гэта прапанова партыйцам паслухаць іншую пазыцыю, адрозную ад пазыцыі Аляксея Янукевіча. Гэта таксама спроба зрабіць тое, чаго хоча шмат партыйцаў — аб’яднаць Партыю БНФ і КХП БНФ. Я абвясьціў пра свой намер яшчэ ў лютым, слухаў меркаваньні многіх простых сяброў партыі, праводзіў унутрыпартыйныя сходы і сфармаваў асноўныя кірункі сваёй праграмы.

Але я асабліва хацеў бы адзначыць, што маё вылучэньне я не ўспрымаю як канфлікт з кіраўніцтвам партыі. Я іду на пазытыве.

Цыганкоў: То бок вы праводзіце пэўную выбарчую кампанію, ведзяце працу з актывістамі?

Дабратвор: Калі б я хацеў нейкай, як вы казалі, «славы» — то проста абвясьціў бы пра сваё вылучэньне на зьезьдзе. Я сустракаюся зь людзьмі, слухаю, мне тэлефануюць — пераважна я хачу даведацца, чаго хочуць людзі, асабліва ў рэгіёнах. Безумоўна, я вяду кампанію, хаця і не раблю з гэтага вялікі піяр для СМІ, бо не лічу гэта вельмі патрэбным.

Цыганкоў: Вы, безумоўна, ведаеце, што кіраўніцтва партыі падтрымлівае на пасаду старшыні Вольгу Дамаскіну. Але вы кажаце, што ідзяце «на пазытыве», а не на канфлікце. Ці няма тут нейкай супярэчнасьці?

Дабратвор: Няма, я лічу. Кіраўніцтва прапануе сваю кандыдатуру, а я іду як альтэрнатыўны кандыдат. Калі я пачынаў кампанію, то думаў, што на пасаду старшыні будзе вылучацца Рыгор Кастусёў, якому я, хутчэй за ўсё, прайграю. Што тычыцца спадарыні Дамаскінай, то я лічу, што ў яе я без праблем выйграю.

Цыганкоў: Як кандыдат на гэтую пасаду вы ўжо павінны былі б выпрацаваць пэўную стратэгію і праграму для партыі. Тым больш вы ідзяце як альтэрнатыўны кандыдат — таму ў вас павінна быць праграма, адрозная ад цяперашняй. Што ў БНФ ідзе ня так і што вы прапануеце зьмяніць?

Дабратвор: У першую чаргу БНФ трэба быць бліжэй да народу. Гэта тое, з чым ішоў Аляксей Янукевіч на два тэрміны — зрабіць партыю масавай. І дзеля гэтага трэба адмовіцца ад так званай «шляхетнасьці» (гэта мая назва). Таксама мы павінны паказаць прыклад пасьпяховых перамоваў — і пачаць зь дзьвюх партыяў БНФ, пачаць працэс аб’яднаньня. Народ просты нас не адрозьнівае, мы для іх адна арганізацыя.

Што да большай канкрэтыкі, то казаць пра гэта можна толькі тады, калі на пасадзе кіраўніка я зразумею, якія рэсурсы мае Партыя БНФ. Як прадпрымальнік я разумею, што трэба ацаніць, што мы маем «у кішэні». Я сам аб’ектыўна пра нашы магчымасьці пакуль не магу казаць.

Цыганкоў: Вы казалі пра ідэю аб’яднаньня з КХП БНФ. А ў іх вы спыталі? Думаеце, яны да гэтага імкнуцца? Уся ранейшая актыўнасьць Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ пераконвае ў тым, што аб’яднаньне зь іншымі партыямі ў іх на парадку дня не стаіць.

Дабратвор: Я прысутнічаў на іх мерапрыемстве, мне там далі слова. І я заўважыў, што ў простых актывістаў КХП БНФ таксама ёсьць жаданьне аб’яднацца. То бок «нізы» хочуць аб’ядноўвацца. Безумоўна, што ў КХП БНФ такое рашэньне будзе прымацца Зянонам Пазьняком — таму трэба пачуць яго, што ён скажа на гэты конт. Прынамсі, будзе зразумела, які бок не гатовы да аб’яднаньня.

Цыганкоў: Якія б ні былі кіраўнікі ў БНФ, але адно заставалася нязьменным — яны заўсёды былі беларускамоўнымі, як у публічным, гэтак і ў асабістым жыцьці. Вы ці ня першы кандыдат у гісторыі на пасаду старшыні БНФ, які сваю старонку ў сацыяльных сетках вядзе па-расейску. Ці ня бачыце вы тут супярэчнасьці?

Дабратвор: Ня бачу. Сваю кампанію ў Палату прадстаўнікоў я прынцыпова рабіў на расейскай мове, каб разьбіць гэты штамп, які навязвае нам улада — быццам бы як прыйдзе БНФ да ўлады, дык будзе толькі мова, а ня будзе эканомікі. Я паказваў, што моўнае пытаньне для нас важнае, але не першапачатковае. Мы за бел-чырвона-белы сьцяг, Пагоню, беларускую мову, але першапачаткова трэба навесьці парадак у эканоміцы краіны.

Трэба, каб расейскамоўныя людзі з майго электарату найперш мяне разумелі. Моўнае пытаньне не павінна станавіцца прадметам для нейкіх разборак. Расейскамоўныя, дзьвюхмоўныя беларусы — таксама беларусы. Дзеці ў мяне навучаюцца ў беларускамоўнай школе, жонка ў мяне рускамоўная.

Цыганкоў: То бок вы гэта мелі на ўвазе, калі казалі пра тое, што Партыя БНФ павінна стаць бліжэй да народу? Больш асьцярожнае стаўленьне да моўнай тэмы?

Дабратвор: Безумоўна, усе прамовы, заявы, дакумэнтацыя Партыі БНФ павінны быць беларускамоўнымі. Калі ты прыйшоў у БНФ — ты павінен ведаць беларускую мову. І мы ў гэтым можам дапамагчы. Але нельга казаць, што ўсе сябры БНФ выдатна валодаюць беларускай мовай. Нам трэба рухацца да беларускай мовы, але гэта наперадзе.

Цяпер шмат пытаньняў, якія маюць большую вагу. Гэта найперш пагроза страты незалежнасьці. Калі Беларусь страціць незалежнасьць — ня будзе нічога, ні мовы, ні культуры. І для мяне людзі цяпер вызначаюцца па стаўленьні да незалежнасьці Беларусі. Калі вы за незалежнасьць, тады нам з вамі па дарозе. Бо цяпер ёсьць і такія, якія гавораць па-беларуску, старонкі вядуць па-беларуску, але выступаюць супраць беларусаў.

Цыганкоў: Трошкі больш пра сябе, бо вы яшчэ ня вельмі вядомы шырокай публіцы. Ведаю, што вы прадпрымальнік і што вы маеце 5 дзяцей. Не зьбіраецеся зрабіць менавіта гэты факт сваёй «фішкай»?

Дабратвор: У мяне нямала шматдзетных знаёмых, гэта не такая і рэдкасьць у Беларусі. Я ніколі не лічыў гэта нейкай адмысловай «фішкай». Мы дзяцей заводзілі не для дзяржавы, не для нейкіх ільготаў, якіх на самой справе няма. Колькі Бог нам даў, столькі мы і выхоўваем — значыць, мы можам вытрымаць пяцярых.

Я шмат гадоў працаваў у сфэры рамонту мабільных тэлефонаў, потым мне «дапамаглі» зачыніцца. Цяпер я займаюся больш маркетынгавай дзейнасьцю, працую ў сфэры камэрцыйнай журналістыкі. Калі трэба класьці цэглу, мяшаць бэтон або рыць акопы — я магу.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG