Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў спрачаецца з расейскім пісьменьнікам Быкавым пра «спалоханую Беларусь» 


Уладзімер Някляеў выступае на мітынгу ў Менску 21 сьнежня
Уладзімер Някляеў выступае на мітынгу ў Менску 21 сьнежня

Паэт і былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Някляеў зьвярнуўся з адкрытым лістом да расейскага пісьменьніка Дзьмітрыя Быкава.

20 сьнежня Быкаў у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» ацаніў сытуацыю ў Беларусі фразай «25 гадоў фактычнага рабства дарма не прайшлі».

«Я бачыў у Беларусі ў апошнія 25 гадоў жахлівую дэградацыю на ўсіх узроўнях. І вялікай літаратуры за апошні час я там ня бачыў, хоць аддалена параўнальнай з Караткевічам і нават з Алексіевіч. Я ня бачыў за апошні час там сур’ёзнай драматургіі, кінэматографу. Ня бачыў я там нічога, што магло б неяк справакаваць культурны выбух. А раз гэтага няма, то няма і апазыцыі».

Дзьмітрый Быкаў
Дзьмітрый Быкаў

Уладзімер Някляеў пачынае свой ліст так: «Хацеў напісаць вам, Дзьмітрый Львовіч, яшчэ год таму, калі вы прыяжджалі ў Беларусь, якую "ніколі ня бачылі такой спалоханай". Настолькі спалоханай, што "нават апазыцыйныя інтэлігенты гатовыя згуртавацца вакол Лукашэнкі як ледзь не апірышча супраціву рускаму сьвету".

Я хацеў спытаць вас тады: з чаго вы гэта ўзялі? Каго мелі на ўвазе? Маючы дачыненьне да "апазыцыйных інтэлігентаў", запэўніваю вас, што ніколькі не спалоханы, і гатовы "згуртавацца ў супраціве рускаму сьвету" вакол каго заўгодна, толькі не "вакол Лукашэнкі". Як і вы, спадзяюся, не гатовыя згуртавацца ў барацьбе за рускі сьвет вакол Пуціна».

Някляеў паказвае здымкі з апошніх пратэстаў у Менску супраць інтэграцыі з Расеяй: «Гэтыя людзі падобныя на перапалоханых рабоў? Нават чалавек, якому 82 гады, адказвае журналісту, спытаеце, што ён будзе рабіць, калі Расея паспрабуе далучыць Беларусь: «Я добра ўмею страляць!»

Паводле Някляева, са словаў Быкава можна зрабіць выснову, што Беларусь ня мае шанцаў пасьці па эўрапейскім шляху, але насамрэч «шанцы стаць эўрапейскай краінай у Беларусі ёсьць! І шанцы гэтыя значна вышэй, чым у Расеі, у якой яны пакуль сапраўды не праглядаюцца».

Някляеў таксама адказвае на словы Быкава пра культурны заняпад у Беларусі: «У прадстаўнікоў рускай культуры як было, так і застаецца перакананьне ў непаўнавартаснасьці суседніх зь ёй культур і іх прадстаўнікоў, якія быццам бы па прыроднай, беларускай або ўкраінскай недасканаласьці ня здольныя падняцца ўпоравень з "рускім геніем". У сувязі з гэтым магу нагадаць пра тое, што эўрапейская культура рухалася не з усходу на захад, а наадварот, і што культуры, перш за ўсё літаратуры, пісьменству вучыў Маскву полацкі манах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG