Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва адпрэчыла абвінавачаньні Расеі супраць былога кіраўніка Маскоўскай лябараторыі


На сустрэчу з сэнатарамі ЗША ў сакавіку 2018 году Родчанкаў прыйшоў у балаклаве
На сустрэчу з сэнатарамі ЗША ў сакавіку 2018 году Родчанкаў прыйшоў у балаклаве

Сусьветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) не разглядае вэрсію датычнасьці былога кіраўніка Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі Грыгорыя Родчанкава да маніпуляцый з пробамі. Пра гэта расейскаму агенцтву «Новости» паведамілі ў WADA. Арганізацыя падкрэсьліла, што прытрымліваецца рашэньняў, якія прыняў яе выканкам 9 снежня.

Раней Сьледчы камітэт Расеі абвінаваціў Родчанкава ў дыстанцыйнай зьмене дадзеных лябараторыі. Гэта, паводле сьцьвярджэньня сьледчых, было зроблена ў 2015-2016 гадах з IP-адрасоў, зарэгістраваных і разьмешчаных на тэрыторыі ЗША і Нямечччыны.

9 сьнежня выканкам WADA адхіліў Расею ад буйных міжнародных спаборніцтваў на чатыры гады. Прычынай сталі маніпуляцыі з дадзенымі Маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі. Зьмены ў базе, за якія была пакарана Расея, адбыліся пасьля ўцёкаў Родчанкава ў ЗША ў 2015 годзе.

«Расейскія чыноўнікі аспрэчваюць усе абвінавачваньні сьцьвярджаючы, што я хлус. Яны зьняважылі ўсіх выкрывальнікаў, яны хлусілі перад судом, і калі сьцяг дазволяць падняць, гэта будзе найгоршым рашэньнем», — казаў Родчанкаў у інтэрвію Бі-бі-сі ў лютым.

Па гісторыі Родчанкава быў зняты дакументальны фільм «Ікар», які атрымаў намінацыю на «Оскар».

У аснову фільма ляглі паказаньні Родчанкава пра арганізацыю прыёму допінгу на Алімпійскіх гульнях 2014 года ў Сочы. Як сьцьвярджае Родчанкаў, там была арганізавана сыстэма падмены аналізаў мачы.

Мача спартоўцаў, якія прынялі допінг, замянялася на «чыстую», падрыхтаваную загадзя.

Урад Расеі адмаўляе існаваньне допінг-схемы, аднак Родчанкаў настойвае, што пра яе было вядома ўсім.

«Гэта была камандная праца. Калі патрэбна была каардынацыя, падключалася ФСБ. [Мутко — міністар спорту Расеі на той час] ведаў абсалютна ўсё, і ён паведамляў пра ўсё прэзыдэнту. Я ведаю, што ён меў зносіны наўпрост з Пуціным. Ён казаў мне пра гэта. Пуцін усё адмаўляе. Звычайная сытуацыя», — казаў Родчанкаў.

Родчанкаў упэўнены, што рашэньне стаць інфарматарам ВАДА паставіла пад пагрозу ягонае жыцьцё.

У адказ на пытаньне, пра тое дзе б ён цяпер знаходзіўся, калі б не пакінуў Расею, Родчанкаў адказвае: «У магіле, вядома. Мне прыйшоў бы канец».

«Ёсьць дакладныя сьведчаньні таго, што маё жыцьцё пад пагрозай. Я не хачу недаацэньваць небясьпеку. [Калі б я вярнуўся], яны маглі б знайсьці іншы, абходны шлях. Напрыклад, пакласьці мяне ў псыхіятрычную клініку. У іх шмат плянаў. Гэта было б для мяне катаваньнем. Так вярнуцца ў Расею я не магу — гэта вельмі вялікая пагроза майму жыцьцю і бясьпецы», — дадаў Родчанкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG