Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абяруць Домрачаву прэзыдэнтам Беларусі


Дар'я Домрачава
Дар'я Домрачава

Ці патрэбныя Беларусі велізарныя выдаткі на спорт? Ці падвышаюць перамогі спартоўцаў прэстыж Лукашэнкі? Спартовыя куміры — яны ж і грамадзкія аўтарытэты?

Па гэтых пытаньнях у Праскім акцэнце спрачаюцца аглядальнік Радыё Свабода Валянцін Жданко і намесьнік рэдактара газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.

Спорт: прэстыж краіны ці прэстыж рэжыму

Дракахруст: 25 лютага завяршаюцца Зімовыя Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане. Я прапаную пагаварыць не пра ўласна спартовыя вынікі спаборніцтва, а пра палітычнае і грамадзкае вымярэньне спорту наагул у сучаснай Беларусі. Удзельнік нашай перадачы, Валянцін Жданко, днямі напісаў на сайт Свабоды блог пад назвай «Гульні. Проста гульні. Чаму Беларусь ня стала вялікай спартовай дзяржавай».

Аўтар блогу мяркуе, што асаблівае захапленьне ад перамогаў беларускіх спартоўцаў — недарэчнае, што беларуская ўлада, як у свой час улады камуністычнай ГДР, выкарыстоўвае спорт для сваёй міжнароднай легітымізацыі, што такая ўвага, такія вялікія выдаткі на спорт непатрэбныя Беларусі. А чаму вы так лічыце, Валянцін?

Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Жданко: Я не скажу, што захапленьне недарэчнае. Проста значэньне спартовых, алімпійскіх перамогаў у нас гіпэрбалізаванае, перабольшанае, найперш дзяржавай. У нас спорт, Алімпіяда, як мала дзе ў сьвеце, успрымаецца, як сублімацыя вайны. Гэта ў значнай ступені савецкая спадчына, дзе спорт успрымаўся як элемэнт «халоднай вайны».

Але нават Брэжнеў не даўмеўся даваць баявыя ўзнагароды біятляністам ці хакеістам, Ціханаву ці Сальнікаву. У іх залатых мэдалёў было — ня роўня Домрачавай. А ў нас да гэтага дайшло. Нашым біятляністкам далі ўзнагароду «За асабістую мужнасьць». Ну а калі вайна, дык трэба дзеля перамогі мабілізоўваць усе рэсурсы. Але гэта сьціплыя рэсурсы беднай дзяржавы. Кошт утрыманьня аднаго аднаго хакеіста — гэта кошт утрыманьня адной вясковай амбуляторыі.

Увесь спорт вялікіх дасягненьняў у Беларусі ўтрымліваецца за кошт небагатага бюджэту, у адрозьненьні ад многіх заходніх краінаў, дзе спорт — гэта не сублімацыя вайны, а шоў, бізнэс, які прыносіць прыбытак тым, хто гэтым займаецца.

Панкавец: Пытаньне вайны тут неактуальнае. Старой завядзёнкі, што мы змагаемся з заходнім, капіталістычным сьветам, зараз ужо не прасочваецца ў афіцыйнай прапагандзе. Яна падае спартовыя дасягненьні выключна як дасягненьні Беларусі, а не ў піку амэрыканцам, немцам ці расейцам.

А што да прапаганды, то калі Абама запрашаў ці Трамп зараз запрашае ў Белы дом чэмпіёнаў NBA — яны ж таксама гэта робяць дзеля таго, каб выкарыстаць іх папулярнасьць для сваіх палітычных мэтаў. Такое шмат дзе робіцца.

Валянцін кажа пра высокія ганарары беларускіх мэдалістаў. Але я паглядзеў — ва Ўкраіне, якая бяднейшая па заробках за Беларусь, ганарары спартоўцаў сувымерныя з беларускімі. А ніхто ж ня кажа, што Ўкраіна вядзе вайну на спартовым полі, калі яны плацяць вялікія грошы алімпійскім чэмпіёнам. У суседняй Латвіі алімпійскім пераможцам плацяць больш, чым у Беларусі, у Італіі больш.

У мяне яшчэ заўвага да блогу Валянціна. Ён піша, што беларускія алімпійцы зьяжджаюць за мяжу. Я паглядзеў сьпіс беларускіх чэмпіёнаў на зімовых Гульнях. А хто зь іх з’ехаў? Ды ніхто, здаецца. Усе засталіся ў Беларусі.

Дзьмітры Дашчынскі стаў трэнэрам Гуськовай, мэдалісткі сёлетняй Алімпіяды, Аляксей Грышын стаў сёлета дэпутатам Менгарсавету.

Жданко: Я меў на ўвазе наагул знакавыя фігуры беларускіх спартоўцаў. Вольгу Корбут, якая была сымбалем нашых спартовых перамогаў, Віталя Шчэрбу, які быў непераўзыдзены ў гімнастыцы. Яны жывуць у ЗША. І так далей. Тэндэнцыя прасочваецца. Я не кажу, што ўсе зьяжджаюць. Але наколькі я ведаю, Домрачава зьбіраецца жыць не ў Беларусі.

Панкавец: Домрачава будуе катэдж у Беларусі, Бʼёрндалена ўвесь час бачаць на будоўлі.

Жданко: Але жыве яна ў Аўстрыі.

Беларусь — ГДР сёньня?

Дракахруст: Валянцін, у мяне пытаньне да параўнаньня ў вашым блогу сучаснай Беларусі і колішняй ГДР. ГДР часоў піку яе спартовай славы была ў топе найлепшых у сьвеце паводле сваіх спартовых дасягненьняў. Сучасная Беларусь... Ну някепска выступае.

На момант нашай гутаркі ў Пхёнчхане — 2 золата, адно срэбра. У Сочы ў 2014 годзе было паболей — 5 залатых мэдалёў, адзін бронзавы. Ванкувэр-2010 — адно золата, адно срэбра, адна бронза. Здаецца, і раней, і зараз — ня топ. Дык ГДР ці не ГДР? Хіба нехта ў сьвеце кажа: О, Беларусь — спартовая звышдзяржава, які цудоўны там напэўна рэжым, калі забясьпечвае такія спартовыя вынікі?

Жданко: На фоне іншых, сувымерных з намі, дзяржаваў мы вельмі пасьпяховыя ў спорце. Вось і на сёлетняй Алімпіядзе мы на ганаровым месцы паміж Кітаем і Італіяй. Мы несувымерныя зь імі ані па эканамічным патэнцыяле, ані па колькасьці насельніцтва.

Калі дзяржава ставіць на мэце дасягнуць посьпехаў у спорце, калі яна выдаткоўвае вялікія рэсурсы на гэта, вынік будзе непазьбежна. У ГДР гэта было выкліканае яшчэ і тым, што гэта была закрытая краіна. Калі паглядзець на табліцы агульнага заліку Алімпійскіх гульняў 70-х-80-х, першую тройку складалі СССР, ЗША і ГДР.

Быў яшчэ адзін красамоўны прыклад — Румынія часоў Чаўшэску. На Алімпіядзе ў ЗША ў 1984 годзе першымі былі ЗША, другой — Румынія. Жабрацкая краіна, дзе электрычнасьць выдавалі па лімітах некалькі гадзінаў на суткі, па картках — харчаваньне і прамысловыя вырабы — 53 мэдалі. Гэта прыклад выкарыстаньня спорту ў палітычных мэтах.

Тады СССР і ГДР байкатавалі Гульні ў ЗША, Чаушэску гэтым скарыстаўся. Гэта быў трыюмф Чаўшэску. Праз 6 гадоў Чаўшэску расстралялі. Румынскія чэмпіёны, пачынаючы з Каманэчы, паўцякаюць па сьвеце. Параўнаем гэты вынік з вынікам 2016 году, Алімпіяда ў Рыа, у Румыніі — 5 мэдалёў і 47-е месца. Вось што адбываецца, калі няма шчодрага дзяржаўнага фінансаваньня.

Наконт Беларусі справа ня толькі ў ганарарах алімпійскім чэмпіёнам, хаця 150 тысячаў даляраў — гэта велізарныя грошы. Размова і пра агульныя выдаткі, якія дзяржава ўкладае не ў фізкультуру, а ў вялікі спорт, у будаўніцтва тых жа лядовых палацаў. Ці апраўданыя такія ўкладаньні, ці маральныя яны на фоне агульнага ўзроўню жыцьця? Пажадана было б спытацца, у падаткаплатнікаў, ці гатовыя яны аплочваць гэта?

Зьміцер Панкавец
Зьміцер Панкавец

Панкавец: Відавочна, што месца ў алімпійскім рэйтынгу ніяк не ўплывае на сусьветнае ўспрыняцьцё краіны. Ня думаю, што нейкі італьянец, убачыўшы, што Беларусь побач зь яго краінай у турнірнай табліцы, скажа: О, якая крутая краіна, там, мабыць, усё клясна. Відавочна не.

Беларусь на гэтай алімпіядзе выступае сувымерна са сваімі суседзямі. Чэхія, Славаччына, Украіна, Вугоршчына — яны ўсе ўзялі прыкладна аднолькавую колькасьць узнагародаў, у чэхаў — 6, у славакаў — 3, ва ўкраінцаў — 1, у палякаў — 2, у нас — 3. Беларусь не выбіваецца з гэтага шэрагу.

Наконт вялікіх выдаткаў на спорт — гэта, як слушна сказаў Валянцін, сапраўды пераважна выдаткі на вялікі спорт. Паглядзіце, якія заробкі ў дзіцячых трэнэраў — гэта ж капейкі. І не сказаў бы, што дзяржава надта ўкладаецца ў спорт. Ёсьць лоўля хайпу на буйных спаборніцтвах. Нехта выйграе — і гэта падаецца, як вялікае дасягненьне. Але гэта не сыстэмная праца, як яно было ў ГДР. Там спартоўцаў вырошчвалі з дзяцінства такімі робатамі.

У адрозьненьні і ад колішняй ГДР, і ад цяперашняй Расеі ў Беларусі, варта сказаць, не існуе дзяржаўнай допінгавай праграмы. Некаторыя спартоўцы часам трапляюцца на допінгу, але гэта — прыватная ініцыятыва іх ці іх трэнэраў. Але дзяржаўнай палітыкі такой няма.

Ну і заробкі спартовых зорак і звычайных людзей нідзе ў сьвеце нельга параўнаць.

Чые грошы ў кішэні спартоўцаў?

Жданко: Пытаньне, адкуль плацяцца гэтыя грошы. Хай спартоўцы зарабляюць хоць па мільёну. Але хай і плаціць клюб, бізнэс, рэклямадаўца. Чаму бедныя беларускія настаўнікі і дактары са сваёй кішэні павінныя аплочваць заробак 10 тысячаў даляраў спартоўцам, якія нічым асаблівым не вызначаюцца?

Панкавец: Нядаўна была навіна, што беларускія хакеісты будуць зарабляць ня больш за 3 тысячы даляраў. Іншая справа, што несувымерна высокія заробкі ў хакейным «Дынама».

Жданко: Зьміцер, калі вы параўноўваеце спартовыя посьпехі Беларусі і краінаў Цэнтральнай Эўропы, трэба ўлічваць, што тыя краіны нашмат багацейшыя за Беларусь. А дзяржаўныя ўкладаньні ў спорт у Беларусі вышэйшыя, чым там. І вынікі ў сярэднім вышэйшыя.

Панкавец: Не пагаджуся. Посьпехі беларусаў на зімовых Алімпіядах — гэта не вынік дзяржаўных укладаньняў. У кожнай Алімпіядзе, пачынаючы з Нагана, мы бярэм мэдалі ў фрыслайле. Гэта — плён працы геніяльнага трэнэра Мікалая Казекі. Толькі дзякуючы яму кожную Алімпіяду беларусы прывозяць мэдалі. Не таму, што ў іх вялікія заробкі.

На сайце Радыё Свабода быў рэпартаж пра сямʼю Ганны Гуськовай. Яна жыве ў малой кватэры са сваёй маці і айчымам.

Жданко: Гэта вельмі чульлівая гісторыя, але гэта хутчэй выключэньне. Траціна нашых алімпійцаў — гэта людзі, якія нарадзіліся па-за межамі Беларусі, сталі спартоўцамі не ў Беларусі, перакупленыя кватэрамі і ганарарамі. Нашто нам такі чэмпіён, у якога нічога нашага, акрамя пашпарту?

І ясна, што ён ня будзе жыць у Беларусі. Гэта яшчэ адзін спосаб напампаваць гэты спартовы гонар. Але ён ад гэтага не падвышаецца.

Панкавец: Таксама не пагаджуся. Вось спартоўка Надзея Скардзіна прыехала ў Беларусь, бо ня здолела трапіць у зборную Расеі. Але некалькі гадоў таму яна апранула вышыванку. Ці вось Дзінара Алімбекава, сёлетняя чэмпіёнка, яна нарадзілася ў Казахстане. Але як спартоўка яна сфармавалася ў Чавусах.

Гісторыя той жа Алімбекавай, Крыўко — гэта гісторыі папялушак, яны вырасьлі ў вельмі бедных семʼях. Для іх спорт быў адзінай магчымасьцю нечага дамагчыся ў жыцьці.

Жданко: Я чытаў вашыя артыкулы пра іх, Зьміцер. Спорт і сапраўды абʼядноўвае, кансалідуе нацыю. І я сам заўзею за нашых, калі яны сапраўды нашыя. Спорт нам патрэбны, але не любой цаной, не любымі намаганьнямі, не за кошт любых грошай. Калі бяруць ужо нават канадцаў, ён возьме грошы, а празь некалькі сэзонаў зʼедзе, то такі спорт непатрэбны.

Ці абяруць Домрачаву прэзыдэнтам Беларусі?

Дракахруст: Пры надзвычайна высокай папулярнасьці спорту ці зьяўляюцца спартоўцы грамадзкімі, маральнымі аўтарытэтамі? Вось Ўладзімер Парфяновіч, чатырохкратны алімпійскі чэмпіён, напачатку нулявых спрабаваў зрабіць палітычную карʼеру, канвэртаваць сваю спартовую славу, але безь вялікага посьпеху. Домрачава, Азаранка, Мірны — яны адно спартовыя куміры, ці наагул куміры — як асобы, як грамадзкія фігуры? Пайшла б Домрачава ў прэзыдэнты — як бы народ гэта ўспрыняў?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Панкавец: Грамадзкае вымярэньне папулярнасьць спартоўцаў мае. Зьвярніце ўвагу — усе сайты падхопліваюць усе выказваньні спартоўцаў, сказаныя на грамадзка-палітычныя тэмы. Прычым, няважна, за беларускую мову яны ці супраць, за ўладу ці супраць — але гэта заўсёды цікава.

Вось ва Ўкраіне пайшоў у палітыку баксёр Віталь Клічко, футбаліст Каха Каладзэ стаў міністрам у Грузіі, шахматыст Гары Каспараў стаў адным зь лідэраў апазыцыі ў Расеі. Такіх прыкладаў шмат. І ў Беларусі іх шмат. У нас кожную фразу Віталя Гуркова слухаюць. Гэты чалавек дасягнуў посьпеху ў сваёй сфэры. І натуральна, што ўсім робіцца цікава — ці ня можа ён дасягнуць посьпеху ў нейкай іншай сфэры?

Іншая справа, што спартоўцы вельмі часта ідуць у праўладныя структуры. Кідальнік молата Вадзім Дзевятоўскі стаў дэпутатам парлямэнту. Яго два разы дыскваліфікавалі за ўжываньне допінгу, а цяпер ён засядае ў парлямэнце.

Жданко: Калі б Домрачава абвясьціла пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі, яна паехала б у Масты ці ў Хоцімск дзіцячым трэнэрам. Як трэніруе ў Расеі дзяцей Парфяновіч. Грамадзкая ўвага да спартоўцаў у Беларусі вялікая. Але палітыкай ім можна займацца толькі ў праўладным рэчышчы. Як толькі спартовец заявіць пра свае апазыцыйныя погляды ці пра свае палітычныя амбіцыі, да яго імгненна мяняецца стаўленьне ўлады. Нават сьціплыя заявы Аляксандры Герасімені пра бел-чырвона-белы сьцяг прывялі да велізарнага ціску на яе з боку спартовага кіраўніцтва.

Тое самае і з Гурковым — прыгадайце, якія праблемы ўзьніклі ў яго з фінансаваньнем яго выступу.

Дракахруст: А можа і грамадзтва ня надта іх бачыць у іншай ролі? Маўляў, вы добра бегаеце, страляеце, па мячыку бʼеце ці па пысе суперніку, мы вас за гэта любім, паважаем, але з гэтага не вынікае, што з вас нешта атрымаецца і ў іншай сфэры.

Жданко: Я таксама так думаю, што сфэра прыкладаньняў іх талентаў вузка абмежаваная. І ўлада гэтае стаўленьне заахвочвае, што пра іншае, акрамя спорту, ня можа нават ісьці размовы. Я і не прыгадаю нікога, акрамя Парфяновіча, хто б на гэта пайшоў. Да таго ж як раз прыклад Парфяновіча паказаў усім, у тым ліку і спартоўцам, што ёсьць сфэры, актыўнасьць у якіх можа кепска для іх скончыцца.

Улада дае ім зразумець: а калі такога рабіць ня будзеце, то будзеце жыць добра — з катэджамі ў Драздах, з грашыма і ордэнамі «За асабістую мужнасьць».

Панкавец: Такім людзям, як Домрачава, Мірны, Азаранка — ім ня надта і патрэбная падтрымка ўлады. Азаранка, мяркую, сабе на ўсё жыцьцё ўжо зарабіла. І ёй па вялікім рахунку ўсё роўна, як ставіцца да яе Лукашэнка.

Жданко: Зьміцер, яны ня будуць жыць у Беларусі, яны ўжо не жывуць, іх дзеці дакладна ня будуць жыць у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG