Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як уладкоўваюць былых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў


Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота
Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота

У адрозьненьне ад сваіх калегаў папярэдніх скліканьняў, сёлетнія экс-дэпутаты зь цяжкасьцю знаходзяць сабе новыя працоўныя месцы.

Пра лёс дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня, чые паўнамоцтвы скончыліся 4 сьнежня, Аляксандар Лукашэнка згадаў яшчэ ў сярэдзіне верасьня. Тады, прымаючы сьпікера Ўладзімера Андрэйчанку, ён папрасіў «ня кідаць на волю лёсу» тых, хто завяршае працу. (А такіх ад поўнага дэпутацкага сьпісу ў 110 чалавек — дзьве траціны.) «Усё-такі гэта вельмі добрая школа. Таму тых, хто пажадае працаваць на карысьць Беларусі і заўтра, мы не павінны згубіць. Патрэбна іх працаўладкоўваць у залежнасьці ад жаданьня працаваць і прафэсіяналізму, а прафэсіяналаў там шмат», — сказаў Лукашэнка.

Сьпікер Андрэйчанка выканаў даручэньне. Некалькі экс-дэпутатаў, у тым ліку і Алена Анісім, расказалі мне пра зацікаўленасьць старшыні Палаты іхнымі справамі.

«Спадар Андрэйчанка мне тэлефанаваў, пытаўся пра далейшыя пляны. Я адказала, што зьбіраюся сканцэнтравацца на справах Таварыства беларускай мовы і беларускамоўнага ўнівэрсытэту імя Ніла Гілевіча. Праўда, папрасіла дазволу зайсьці да яго ў іншым пытаньні. Назаўтра мы сустрэліся. Я пакінула Ўладзімеру Паўлавічу свой законапраект аб увядзеньні мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Падкрэсьліла, што не пасьпела давесьці гэты дакумэнт да статусу закону. І папрасіла працягнуць гэтую тэму ў новым скліканьні», — кажа Алена Анісім.


Калі спадарыня Анісім кіраўніку Палаты са сваім працаўладкаваньнем праблемаў не стварыла, то многія іншыя яе калегі апынуліся ў цяжкім становішчы. Тэхнічныя супрацоўнікі Палаты, якія працуюць тут ужо па 10 і болей гадоў, прызнаюцца: ніколі такіх складанасьцяў, як сёлета, з пошукам новых месцаў для экс-дэпутатаў не было.

Валянцін Мілашэўскі — дэпутат двух скліканьняў: пятага і шостага. Раней быў намесьнікам старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму. Уладкаваўся на пасаду кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёну Берасьця. То бок у структуру, якую ачольваў яшчэ да пераходу ў гарвыканкам.

Вольга Папко — намесьніца старшыні міжнароднай камісіі палаты шостага скліканьня. Да пачатку дэпутацкай карʼеры кіравала музэем «Замкавы комплекс „Мір“». Зараз шукае месца выкладчыцы ў якой-небудзь навучальнай установе Міністэрства адукацыі. Дыплём кандыдата гістарычных навук дае пэўныя спадзевы на месца дацэнта.

Пэўным парлямэнтарам, чый узрост набліжаецца да пэнсійнага, наўпрост прапануюць афармляць пэнсію. І такіх прыкладаў шмат.

Пакуль жа ўсе з зайздрасьцю кажуць пра карʼеру Людмілы Дабрынінай, якая дзьве кадэнцыі запар ачольвала камісю бюджэту і фінансаў. Яна нібыта ўзначаліць Аўдытарскую палату Беларусі. Але такое ўдалае працаўладкаваньне — выключэньне з агульнай сытуацыі.

Чаму сёлета ўзьніклі нечаканыя складанасьці? Найперш таму, што тэрмін дзейнасьці дэпутатаў скарацілі на год. Для бальшыні гэта стала поўнай нечаканасьцю. Яны, як раней іхныя папярэднікі, адкладалі карʼернае пытаньне на апошні год кадэнцыі. І пралічыліся. Вырашаць пытаньне «Дзе я буду працаваць далей?» шмат хто пачаў запозна.

Яшчэ адна прычына — на ўсіх кіроўных пасадаў не хапае. А амбіцыі ў пэўных экс-парлямэнтароў надта высокія. Так, дакладна вядома, што некаторыя хацелі б апынуцца ў беларускіх амбасадах за межамі краіны. Але МЗС летась перажыў істотнае скарачэньне штатаў. І вакансіяў цяпер тут проста няма.

У лепшым разе застаецца шанец уладкавацца ў інтэграцыйныя структуры кшталту СНД ці так званай «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

А вось ад прапановаў ачоліць працоўныя калектывы на вытворчасьці дэпутаты самі адбіваюцца. І тут іх зразумець можна. Пасядзеўшы хто 3 гады (шостае скліканьне), а хто і 7 (пятае і шостае) у Авальнай залі, яны ня хочуць брацца за канкрэтную справу з асабістай, а не калектыўнай адказнасьцю.

У кулюарах Авальнай залі я пакуль ня чуў, каб камусьці з дэпутатаў Палаты шостага скліканьня прапанавалі пасаду міністра альбо яго намесьніка. Такіх прызначэньняў і раней было зусім мала. Сёлета іх, падобна, ня будзе наагул.

Але ня варта думаць, што справы з працаўладкаваньнем былых парлямэнтароў зусім для іх кепскія. Ніколі не было такога, каб хтосьці з экс-дэпутатаў шукаў сабе месца празь біржу працы. Упэўнены, ня будзе такога і сёлета.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG