Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Вільні — літоўцам: Хопіць абурацца, што беларусы лічаць гісторыю ВКЛ і сваёй


Рэмігіюс Шымашус
Рэмігіюс Шымашус

«Найбліжэйшая геаграфічна да Вільні сталіца — Менск — яшчэ больш аддаляецца ад нас. Гэта мусіць непакоіць нашу вонкавую палітыку значна больш, чым цяпер», піша мэр літоўскай сталіцы Рэмігіюс Шымашус.

Пагаварыўшы пяць гадзінаў, Пуцін расстаўся з Лукашэнкам, так і не дамовіўшыся. Гэта найхутчэй, прынамсі на некаторы час, добрая вестка. Аднак у нас пад носам, па другі бок мяжы Эўразьвязу, адбываецца нешта вельмі важнае для нас, для ўсёй Літвы.

Беларусь сёньня для нас — гэта іншы сьвет, які захрас у аўтарытарызьме, абмежаваньнях, скрыўленай рэальнасьці, сьвет, зь якога мы пасьпяхова вырваліся. Аднак мы не павінны забываць, што з 800 гадоў гісторыі нашай дзяржавы мы зь беларусамі толькі на апошнім 50-гадовым этапе існуем асобна. І гэта дасягненьне ня толькі для нас, бо мы засталіся па другі бок заслоны, але, на жаль, і для Масквы, якая нашых суседзяў спрабуе канчаткова ўсмактаць.

Мне не падабаецца, што мы гэтаму не перашкаджаем. Нават калі ў найбліжэйшым часе нашы намаганьні ня змогуць уратаваць незалежнасьць Беларусі, гэта яшчэ ня значыць, што мы павінны забыцца пра беларусаў як пра людзей і як пра сваіх патэнцыйных саюзьнікаў у будучыні.

Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт, адзіная беларуская школа за межамі Беларусі, знайшоў прытулак у Вільні, сяброўскі прыём суседзяў падчас пахаваньня герояў паўстаньня і правільны выбар герба над іх крыптамі — добрыя, але недастатковыя крокі. Зрабіць болей было б нялёгка, але сёе-тое магчыма.

Найперш гістарычны ідэйны крок — перастаць абурацца, як гэта фактычна робіцца празь некаторыя нашы ўстановы, што частка людзей у Беларусі лічаць гісторыю ВКЛ сваёй і імкнуцца падкрэсьліць яе.

Таму што гэтая гісторыя і ёсьць таксама гісторыяй і іх продкаў, якая нагадвае, што не Масква там была гаспадаром. Больш за тое, яна можа нагадаць нам пра каштоўнасьці, якія нашы продкі адстойвалі плячо да пляча, і пра тое, якія каштоўнасьці нашы продкі баранілі плячо ў плячо і як гэтыя каштоўнасьці застаюцца сёньня адпраўным пунктам нашай палітыкі, а ня нашага ўсходняга суседа.

Легендарны сымбаль — Ільля Мурамец, вядомы ўсім расейцам расейскі ваяр — і той, аказваецца, быў беларусам з ВКЛ, які змагаўся супраць маскоўцаў... Давайце выкарыстаем агульную мінуласьць для пэрспэктывы свабоднай будучыні ў Беларусі.

Па-другое, практычны людзкі ўзровень — паездкі людзей зь Беларусі ў Літву. Наша поўная параза палягае ў тым, што пакуль мы азіраемся на Захад, усё больш нашых суседзяў адкрываюць для сябе Польшчу, а ня нас. І ня толькі, а можа нават ня столькі дзеля памераў, колькі з прычыны бюракратычных бар’ераў.

Мы цудоўна ўсьведамляем, што Расея і Беларусь сёньня фактычна ўтвараюць адну палітычную прастору. Простая ілюстрацыя — я ведаў адказ, але, калі я спытаўся ў беларускага амбасадара, ці мяне ўвогуле ў іх прымуць, калі б я некалі надумаў прыехаць, бо я ў Расеі — пэрсона нон-грата. Ён не наважыўся адказаць... Але давайце мы зробім так, каб людзі, якія ня маюць нічога агульнага з рэжымам, маглі часьцей прыяжджаць у Літву, маглі лягчэй у ёй абжыцца — хто назаўсёды дзеля будучыні сваіх дзяцей, а хто часова дзеля будучыні сваёй краіны. Гэта толькі б нас умацавала. Як умацавала б і кволыя беларускія сувязі зь Літвой і Эўропай.

Дык паўтаруся: тое, што Лукашэнка з Пуціным пакуль што не цалуюцца перад тэлекамэрамі, — яшчэ адзін знак таго, што нягледзячы на ўсе недарэчнасьці ў нашых усходніх суседзяў, мы прынамсі ў далёкай будучыні будзем мець побач незалежную свабодную Беларусь, а не экспансіўную Расейскую імпэрыю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG