Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International заклікала пісаць лісты Лукашэнку, каб уратаваць беларуса ад расстрэлу


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала дасылаць лісты на электронную або папяровую пошту адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі з просьбай прадухіліць пакараньне сьмерцю беларуса Віктара Паўлава.

Са спасылкай на беларускіх праваабаронцаў арганізацыя піша, што ў часе суду над Паўлавым парушалася права абвінавачанага на справядлівы разгляд справы. Amnesty International заклікае скасаваць сьмяротны прысуд і Паўлаву, і іншым асуджаным на расстрэл, і замяніць яго на турэмнае зьняволеньне.

Віктара Паўлава асудзілі да найвышэйшай меры пакараньня ў ліпені 2019 году: суд прызнаў 50-гадовага мужчыну вінаватым у забойстве дзьвюх пэнсіянэрак 76 і 78 гадоў, якім ён пэрыядычна дапамагаў у гаспадарцы.

Паводле сьледзтва, 30 сьнежня 2018 году Паўлаў прыйшоў да жанчын у хату і моцна зьбіў іх, а таксама скраў грошы (усяго каля 80 даляраў у эквіваленце) і некалькі бутэлек віна. Целы пэнсіянэрак знайшлі празь некалькі дзён.

На судзе пракурор зьвярнуў увагу, што абвінавачаны ў 2005 годзе ўжо быў асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня за забойства мужчыны. Улічваючы ўсе абставіны, абвінавачанаму прысудзілі выключную меру пакараньня — расстрэл.

12 лістапада 2019 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыю ў справе Паўлава, але адмовіў яму ў зьмене пакараньня. Цяпер зьмяніць прысуд Паўлаву можа толькі асабіста Аляксандар Лукашэнка. За ўсе гады прэзыдэнцтва Лукашэнка памілаваў толькі аднаго асуджанага на сьмяротнае пакараньне.

Amnesty International выступае за тое, каб сьмяротнае пакараньне не выкарыстоўвалася ні ў якіх выпадках, без выключэньняў. Арганізацыя называе сьмяротнае пакараньне «максымальна жорсткім, бесчалавечным і прынізьлівым».

Эўрапейскія краіны і праваабарончыя арганізацыі рэгулярна зьвяртаюцца да кіраўніцтва Беларусі з патрабаваньнем адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.

Але ўлады Беларусі ў адказ спасылаюцца на «волю народу» — так называюць вынікі рэфэрэндуму 1996 году. На думку апанэнтаў улады і міжнароднай супольнасьці, рэфэрэндум быў праведзены з істотнымі парушэньнямі заканадаўства.

Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі

  • Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
  • Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
  • Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
  • Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
  • Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG